Тышкевіч: «Мазепін прыехаў прапаноўваць грошы тут і цяпер. Каб проста надурыць дзеда»

Аналітык Ігар Тышкевіч — пра магчымыя тэмы размоваў Лукашэнкі і расійскага бізнесоўца. 

Мазепін ў Менску з Лукашэнкам размаўлялі пра калійны рынак, — піша Ігар Тышкевіч. — Тут трэба разумець, што ягоная матывацыя не змянілася з 2019-га.

Петрыкаўскі ГАК і ААТ «Недра Нежын» сумарна пры выхадзе на намінал даюць ад 4 да 5 млн тон. Пры тым, што на максімуме Беларусь прадавала на знешніх рынках 10-11 млн т. РФ таксама 10-11.

У Расеі будуюцца новыя магутнасці, але тыя будуць здадзеныя не раней за ІІ квартал 2027-га. У выпадку, калі аслабляюцца санкцыі і адкрываюцца рынкі, Беларусь не толькі выходзіць на свае «намінальныя» 10-11 млн тон, але й дадае да іх яшчэ 5 — лічы 50%. Што дазваляе сапраўды дэмпінгаваць.

І, улічваючы перасячэнне асноўных рынкаў збыту, для расейскай калійкі тое, мякка кажучы, будзе зусім не фантан. Калі згубіць кліентуру — новыя аб’ёмы не будуць патрэбныя. Ну і вяртацца на рынкі складана.

Таму інтарэс шкурны і вымяраецца сумай ад $3-4 млрд на год. Варта таго, каб змагацца.

Адпаведна, тэмы размовы:

1. Даведацца на якім этапе размовы з ЗША пра гандаль і магчыма ўваход капіталу

2. Транзіт — размова пра безперашкодны транзіт і гандаль па супастаўных грошах. Фактычна, утрымаць «Беларуськалій» у арбіце

3. Прапанаваць грошы, а менавіта — паспрабаваць самому ўвайсці ў здзелку па набыцці аднаго з актываў. Нават калі не атрымаецца набыць, Лукашэнка задзярэ кошты на Захадзе і Усходзе ды сарве амерыканскі ды кітайскі накірункі.

4. Прамацаць глебу наконт аднаўлення ці то сумеснага гандлю (праз адну юрыдычную асобу) ці нават стварэнне калійнага холдынгу (чытай — паглынанне «Беларуськалія»)

5. Кітайскі рынак як вытворная — у красавіку Беларусь па аб’ёмах продажу ў КНР ушчыльную (розніца 50 тыс тон) наблізілася да РФ. І ёсць верагоднасць (калі у Менску не будуць дуркаваць), што кантракты, падпісаныя ў ліпені, зафіксуюць большую, чым расейская долю ў КНР.

Мазепін хвалюецца. Прыехаў у фармаце «мірыцца» і казаць, які ён добры ды лагодны. Прапаноўваць грошы тут і цяпер. Каб проста надурыць дзеда. Як гэта было не раз у размовах з РФ, напрыклад, па нафце — з’яўляецца альтэрнатыва і Расея на год-два дае шыкоўныя ўмовы. А калі Беларусь губляе магчымасці, закручвае гайкі ды вяртае сваё з лішкам.

Ну і другі накірунак. На фоне змяншэння фінансавання ад ЕС, мяркую, шмат каму ў Вільні ды Варшаве прапануюць крыху грошай, каб тапілі за захаванне санкцый як надаўжэй. Яшчэ раз — кошт пытання для РФ — $3-4 млрд стратаў на год мінімум, для Мазепіна асабіста — $25-27 мільёнаў з кішэні. Штогод. Інвестыцыя нават ў $10 млн (калі палова з федэральнага бюджэту, а другая ад іншых акцыянераў) — вельмі добры бізнэс па захаванню сваіх інтарэсаў і сваіх прыбыткаў.

Таму, як казалі ў часы СССР, «ждём что будет писать газета «Известия».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)