Аргумент №4: Як рацыя ў шуфлядцы б'е па міфе пра «адзін народ»
«Салідарнасць» працягвае расказваць пра тое, што нас адрознівае ад расейцаў.

«Мова — наша зброя» — гэта не проста папулярны сярод беларусаў і ўкраінцаў лозунг. Гэта той самы аргумент, які б’е па адэптах ідэі пра «адзін народ». Наша мова — гэта акурат тое, што робіць нас іншымі, асобнымі, самастойнымі.
Тое, што мова — гэта зброя, па-свойму разумеюць і ў Маскве. Ад гэтай вясны Расія рыхтуе закон аб «абароне рускамоўных» за мяжой, які фактычна стварае юрыдычную базу для патэнцыйнага ўварвання ў іншыя краіны.
І калі хтосьці думае, што гэта датычыць выключна грамадзянаў РФ або этнічных расейцаў, што жывуць у краінах Балтыі, нагадаем: яшчэ ў сакавіку 2020-га Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб прызнанні грамадзян Беларусі і Украіны, якія свабодна валодаюць рускай мовай, яе носьбітамі без праходжання сумоўя.
Гэта істотна спрашчае працэдуру атрымання расейскага грамадзянства для беларусаў, якія стала жылі на тэрыторыі СССР, альбо жывуць у сучаснай Расіі.
Цяжка сказаць, колькі нашых суграмадзянаў скарыстаюцца такой магчымасцю, але Крэмль ужо заклаў гэтую моўную міну запаволенага дзеяння.
Сумна, трывожна, але факт: беларуская мова сёння апынулася на мяжы існавання. Паводле перапісу 2019-га, 61,2 % беларусаў назвалі беларускую мову роднай. Пры гэтым штодзённа ёй карыстаецца менш за 10% беларусаў.
ДАВЕДКА
Гісторыя беларускага пісьменства налічвае не менш за дзесяць стагоддзяў.
Беларуская мова мае тры графічныя сістэмы: кірылічны, лацінскі і арабскі алфавіты.
Беларусы карыстаюцца афіцыйным правапісам і тарашкевіцай — правапісам, распрацаваным Браніславам Тарашкевічам у пачатку ХХ ст.
Беларуская мова лексічна найбліжэй да ўкраінскай мовы. Нашыя мовы маюць агульныя карані, бо бяруць пачатак са старарускай мовы, якую называюць таксама старабеларускай і стараўкраінскай.
Расійскія прапагандысты і армія інтэрнэт-троляў нездарма называюць мову беларусаў (як і ўкраінцаў) расійскім вясковым дыялектам, або «сапсаванай» расійскай мовай. Гэта максімум, які яны могуць нам дазволіць.
Той стан, у якім апынулася беларуская мова сёння, гэта плён працы расейцаў і іх памагатых цягам некалькіх стагоддзяў каланіяльнай залежнасці ад Расіі.
Гэта наступствы татальнай русіфікацыі часоў царскай Расіі і савецкага перыяду, калі ў беларускім Навагрудку і Міры не засталося ніводнай школы па-беларуску.
Русіфікацыя працягваецца і апошнія тры дзесяцігоддзі — дзякуючы антыдзяржаўнай палітыцы лукашэнкаўскага рэжыму. Бо Лукашэнка таксама цудоўна разумее: мова — наша зброя.
Ён нават скарыстаўся ёй, калі пачало сур’ёзна прыпякаць з боку Масквы. Але падзеі 2020-га канчаткова сарвалі маскі, калі затрыманых беларускамоўных пратэстоўцаў пачалі адмыслова пазначаць фарбай. Так сябе паводзяць толькі акупанты альбо калабаранты.
Ад савецкіх часоў нам засталася адна показка. У вёску прыехалі два беларускамоўных інтэлігента. У чарговай спрэчцы адзін з іх пагадзіўся з суразмоўцам, але з агаворкай: «Так, ты маеш рацыю. Але і я маю рацыю». Размову падслухаў пільны, але далёкі ад беларускай мовы старшыня калгаса. І здаў абодвух органам, прыняўшы іх за іншаземных шпіёнаў.
Па іншай версіі героямі былі два беларускамоўныя партызаны, якія таксама ўзаемна прызналі рацыю ў размове. З-за чаго і займелі праблемы з асабістам, закінутым у беларускія лясы недзе з-пад Разані.
У сучаснага пакалення беларусаў ёсць уласны пароль беларускасці, сістэма распазнавання «свой-чужы» — слова «шуфлядка».
Да чаго ўсё гэта? Калі ўзнікне непазбежнае пытанне, што нам рабіць у такой няпростай сітуацыі, маем адказ: тое, што і раней. Вучыць мову — самім і разам са сваімі дзецьмі і ўнукамі. Як рабілі нашыя неабыякавыя бацькі і дзяды з бабулямі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное