Гісторык: «Мова ж яна не сама па сабе феціш. Ты з’яўляешся носьбітам мовы, ты адказваеш за ўсю папярэднюю культурную спадчыну, увесь гэты беларускі кантынент»
Як будаваць нацыю, калі адна частка актыўных беларусаў аказалася за мяжой, а тыя, хто застаўся, не маюць магчымасці праяўляць сябе? І што варта рабіць, каб не згубіць сваю дзяржаву?
Адказы на гэтыя і іншыя пытанні «Салідарнасць» спрабуе знайсці ў межах нашага спецпраекту Вытокі. Прапануем вашай ўвазе трэцюю частку інтэрв’ю (суразмоўца ў мэтах бяспекі пажадаў застацца не названым). Першую і другую часткі размовы чытайце вось тут і тут.
«Людзі крычалі ад болю і крыўды. І гэтыя боль і крыўда нікуды не дзеліся»
— Чым для беларускай нацыі сталі падзеі 2020 года?
— Канешне, 2020 год — гэта быў каласальны шанец. Мы адчулі, як імкліва нацыя можа стварацца, што варта толькі трохі змяніцца абставінам, і ўсе нашы траўмы, усе беды — вось гэты шматвекавы спуд — можа быць імгненна скінуты.
Мы таксама бачылі гэтую самаарганізацыю людзей, што здзіўляла і таксама для многіх было натхненнем. І нават гэты драматычны досвед паразы, разгрому — унікальны досвед для нацыі. Сакралізацыя гэтых ахвяр, сакралізацыя высілкаў — яно ўжо ў памяці народнай.
Так было з паўстаннем 1863 года. Памяць пра яго і ахвярнасць тых, хто пайшоў на смерць за правы, на хвіліначку (!), мужыкоў, людзей простых, сядзела крэпка. Як і пра паўстанне Касцюшкі. Нават у народных песнях захавалася:
Вазьмі маці зерня жменю,
Пасей на каменю,
Як зернейка ўзыйдзе,
Касцюшка з вайны прыйдзе.
Гэта ж усе засталося ў свядомасці!
Так і падзеі 2020 года з цягам часу, думаю, набрыняюць нейкімі легендамі. І, канешне, усё было абсалютна не марным. Вось гэты патас, вось гэтыя ахвяры будуць рухаць надалей. Гэта бачыў увесь свет. Гэта бачылі мы. І знішчыць ўсё, зганьбіць — нерэальна.
Упершыню ж выступілі людзі на правінцыі. Хто раней у Наваградку, ці Пінску мог думаць, што такое калі-небудзь будзе? Але палыхнула, бо людзі крычалі ад болю. Яны не ішлі за нейкімі ўмоўнымі лідарамі, у якіх асабліва і не разабраліся. Людзям было балюча і крыўдна. І гэтыя боль і крыўда нікуды не дзеліся.
Магчыма, тыя падзеі і маглі б забыцца, стаць нязначнымі, калі б тыя прычыны крыўды і болю, праз якія людзі выйшлі, зніклі. Але яны не зніклі. Унутраныя глыбінныя падставы засталіся.
— Што мы тады зрабілі не так? Ці маглі тыя падзеі скончыцца інакш?
— Наўрад ці. Маглі быць нейкі нюансы, але ў цэлым не думаю, што скончылася б усё па-іншаму.
Мне падаецца праўдападобнай версія, што, калі б у нас людзі скінулі гэты рэжым, то назаўтра ў Мінску стаялі б расійскія танкі. Тут не далі б паўтарыцца кіеўскаму сцэнарыю. Нас проста перадушылі б, але ўжо пры дапамозе расійскіх войск. І тады б выкруціцца з гэтага было б вельмі складана.
Так, магчыма, гэта магло б адтэрмінаваць уварванне ва Украіну. Але і да наступу на Кіеў у Маскве рыхтавалася не за год. Проста спачатку пачалі б з нас, перадушылі б беларускую грамадзянскую супольнасць і, думаю, значна больш суровым чынам.
У 2020 годзе ніхто не быў падрыхтаваны да такога развіцця падзей. Не гатовыя былі ніякія палітычныя сілы, ніхто не мог нічога прагназаваць. Спантанна з’явіліся вось гэтыя жанчыны-лідары, пра якіх за паўгода да таго і ведаць ніхто не ведаў. Усё развівалася, як прыродная стыхія, як ураган, хваля за хваляй. Людзі проста крычалі ад роспачы. І чым гэта магло скончыцца? Наўрад ці нечым канструктыўным. На жаль.
Але, паўтаруся, гэта было не марна. І гэта было прыгожа. Мы будзем пасля пакаленні выхоўваць на тых песнях, на тым пафасе, на тых героях.
— Так, гэта было прыгожа, але як будаваць нацыю, калі зараз адна, найбольш актыўная частка з’ехала за мяжу, а іншая не мае магчымасці праяўляць сябе з-за рэпрэсій? Куды мы ў гэтым выпадку прыйдзем?
— Давайце не будзем маніць. Рэальна большасць засталася там. І гэта факт. Абсалютная большасць, нават актыўных, не магла з’ехаць, не мае такой магчымасці. Там яны жывуць, неяк дзейнічаюць і даюць сабе рады.
А тое, што не могуць праявіць сябе з-за рэпрэсій… Але ж гэта адбываецца перманентна. Можна падумаць, што да 2020 года яны маглі сябе неяк праявіць. Ну, па галаве не білі, але скажыце, дзе можна было публічна выказаць сваё меркаванне? Ужо забыліся і на гэтыя маўклівыя акцыі, і на апладысменты, і на тыя Плошчы. Так адбываецца ўжо 30 гадоў. З 1996 года ужо было не цукар. Проста зараз яно выявілася настолькі брутальна.
І самае лепшае, што могуць зараз зрабіць беларусы, гэта спачатку даць рады самім сабе, выхоўваць дзяцей і самі выжыць. Дзякуй богу, ёсць інтэрнэт, ёсць магчымасці ствараць вось гэтыя сеткі і можна працягваць гэтую барацьбу. Мы маем абсалютна новую сітуацыю, не тую, што была ў 1990-я.
«Не купляй чужога і не інвестуй у ворага»
— Выжыць мы, магчыма, зможам. Але як будаваць менавіта нацыю?
— Перадусім мы не збудуем нацыю без мовы. І з гэтага трэба пачынаць.
Мы павінны быць паслядоўнымі і мець гонар паўсюдна гаварыць па-свойму, па-беларуску. Не адкладаць гэта ў нейкую шуфляду і чакаць ідэальнай будучыні, пасля надыходу якой мы паціху-памаленьку пяройдзем на мову. Не будзе такога!
Ты выходзіш і пачынаеш гаварыць па-беларуску, ты абіраеш у банкамаце беларускую опцыю, патрабуеш абслугоўвання па-беларуску, афіцыйных адказаў на мове. Здаецца, за гэта яшчэ не садзяць.
Без мовы нашай нацыі не будзе ў прынцыпе. Бо межы Беларусі, тая тэрыторыя, якая ёсць, была вызначана паводле мовы. Так з’явіліся межы БНР, а затым і БССР. Калі гэтай мовы няма, то і вызначаць на мапе няма чаго ў прынцыпе. Гэта адзінае, што нас можа злучыць.
Нас не злучыць рэлігія, не кажучы ўжо пра тое, што ў нас шматканфесійная сітуацыя, ні колер скуры, ні адзенне, ні лад жыцця. Нішто апроч мовы.
Трымацца за дзяржаву, дзе няма сваёй мовы, дзе карыстаюцца мовай, правілы якой пішуцца ў іншай, чужой краіне, — дык які сэнс тады існавання такой дзяржавы? Якія прычыны ёй быць? Навошта патрэбна мець яшчэ адну рускамоўную краіну, дзе ўсе будуць вучыцца па падручніках, надрукаваных у Маскве, слухаць расійскае радыё і тэлебачанне? Ніякага сэнсу ў гэтым проста няма.
Мова ж яна не сама па сабе феціш. Ты з’яўляешся носьбітам мовы, ты адказваеш за ўсю папярэднюю культурную спадчыну, увесь гэты беларускі кантынент, адказваеш за перадачу гэтай спадчыны наперад, з’яўляешся актыўным спажыўцом і саўдзельнікам беларускага культурнага працэсу. Ты ходзіш ў беларускі тэатр, на канцэрты беларускіх выканаўцаў, ты чытаеш беларускую літаратуру і адпаведна плоціш за гэта свае грошы. Ты падтрымліваеш, ты падпяваеш, ты дэкламуеш.
А ў супрацьлеглым выпадку ты проста пасіўны спажывец чужога ў анабіёзе. Вось і ўся розніца.
Калі беларусы ўсе разам не пачнуць падтрымліваць сваіх стваральнікаў культуры, сваіх літаратараў, пісьменнікаў, спевакоў, акцёраў, гуманітарыяў, то ў нас нічога не атрымаецца. І гэта можна рабіць нават у сённяшніх кашмарных, катастрафічных умовах.
— Якія ўрокі мы можам вынесці з нашай шматпакутнай гісторыі і што павінны рабіць, каб не знікнуць як нацыя?
— Урок адзін: трымайся свайго, беражы, шануй сваё і май гонар быць самім сабой. Калі ты адкладаеш гэта на нейкую няпэўную будучыню, то яна можа і не надысці. Альбо сёння, альбо ўжо ніколі.
Здаецца, вось як загаварыць па-беларуску? Ну ў школе ж усе вучылі беларускую мову, ставілі ж вам нейкія адзнакі? Скажаце: кепска вучылі. Гэта абсурд! А матэматыцы добра вучылі? Ці давайце праверым веды па фізіцы. Можна падумаць, што ангельскай добра вучылі?
Розніца толькі ў тым, што свая мова — гэта сваё. Гэта тое, з чым ты можаш не проста жыць, а тое, з чым ты можаш стаць творцам сам.
Вось што трэба вынесці ў гэты ўрок: нельга зараз быць пасіўным сузіральнікам. Таму што ў нашай сітуацыі палітыкай стала ўсё: і мастацтва, і ахова помнікаў, і ахова прыроды. І калі ты не пачынаеш з сябе, калі ты сам не становішся, не ўпіраешся нагамі, дык яно ніколі не прыйдзе.
Вось я ў сваім раёне паўсюль гадамі гаварыў па-беларуску. Спачатку некаторыя здзіўляліся, а пасля прывыклі. І мне ў трох чвэрцях выпадкаў адказваюць па-беларуску. А зараз яшчэ нават з драйвам, нехта нават па-змоўніцку падміргвае: маўляў, свае людзі. А як ты яшчэ іначай пазнаеш сваіх людзей? Ніяк. Людзей сваіх мы пазнаем па мове.
Проста ідзі і паўсюдна гавары па-беларуску. Гэта яшчэ не мэта, гэта першы крок. Гэта перадумова, толькі пачатак.
Не думаю, што патрэбныя нейкія загады, каб вучыць песні і хорам іх спяваць, каб вучыць дзяцей гэтым песням, добрай літаратуры, распавядаць пра мастацтва, культуру. Для гэтага не трэба нейкіх тытанічных высілкаў ці загадаў зверху. Адкрываеш інтэрнэт — і там 30 беларускіх інтэрнэт-бібліятэк, чытаеш, пераказваеш. Ёсць магчымасць — купляеш кніжку па-беларуску, набываеш у сваіх музыку, карціны. Усё! Не купляй чужога і не інвестуй у ворага. Вельмі проста.
З гэтага пачынаецца. І менавіта так выжылі ва ўмовах рэпрэсій і камуністычнага рэжыму іншыя народы, бліжэйшыя нашы суседзі латышы і эстонцы. Яны проста не імкнуліся ні пад каго падладжвацца, да апошняга трывалі, цярпелі і былі самімі сабой. І гэта тая ўрокі, якія мы павінны вынесці для сябе.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное