История

Андрэй Кныш

Якой бывае плата за перазаключэнне саюзных дамоваў з колішняй метраполіяй

Сумны, але непазбежны ўрок гісторыі — белавежскім пагадненням у Віскулях прысвячаецца.

Аўтары белавежскіх пагадненняў (злева направа): Вітольд Фокін і Леанід Краўчук (Украіна), Станіслаў Шушкевіч і Вячаслаў Кебіч (Беларусь), Барыс Ельцын і Генадзь Бурбуліс (Расія). Фота: Getty Images

8 снежня 1991 года ў дзяржаўнай рэзідэнцыі Віскулі, што ў Белавежскай пушчы, было падпісанае пагадненне аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

У гэтым дакуменце дэкларавалася дэнансацыя Дамовы аб стварэнні СССР ад 30 снежня 1922-га: «Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік як геапалітычная рэальнасць і суб’ект міжнароднага права спыніў сваё існаванне».

Станіслаў Шушкевіч, тагачасны спікер Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ склікання і непасрэдны ўдзельнік тых падзей, у шматлікіх інтэрв’ю паўтараў, што ехаў у Віскулі не для таго, каб разваліць Савецкі Саюз.

— Праблема была эканамічная ў нас у Беларусі. І вырашаць яе гэтымі новымі метадамі рынкавымі было надзвычай складана. Ні грошай, ні крэдыта, ні даверу да ўлады. З-за таго, што даверу няма, крэдыт атрымаць не можам, — апісваў ён сітуацыю канца 1991-га ў інтрэв’ю ВВС.

Насоўвалася зіма, у краіне не было за што набыць нафту і газ, якія пастаўляліся з Расіі. Па словах Шушкевіча, сітуацыю ён неаднаразова абмяркоўваў з прэм’ер-міністрам Вячаславам Кебічам. Той і прапанаваў па старой савецкай традыцыі запрасіць на паляванне Барыса Ельцына.

Савецкі Саюз распаўся без нас. Даволі даўно, пасля жнівеньскага путчу. Але тое, што пагроза югаслаўскага варыянту распаду была, гэта факт. Я не хачу сказаць, што мы гэта добра разумелі, і якраз дзеля гэтага прымалі рашэнні. Мы сабраліся зусім па іншым пытанні — вырашаць эканамічныя праблемы.

Станіслаў Шушкевіч

Пры гэтым былы старшыня беларускага парламента не хаваў, што ўдзельнікі сустрэчы ў Віскулях усведамлялі неабходнасць падпісання пагаднення, якое б давала яснае тлумачэнне, чым сталі на той момант краіны-ініцыятары ліквідацыі СССР. А патрэба ў гэтым была.

На той момант Беларусь, Украіна і Расія авесцілі дзяржаўны суверэнітэт. Барыс Ельцын улетку таго года быў абраны прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі, Леанід Краўчук стаў прэзідэнтам Украіны за лічаныя дні да Віскулёў.

Фота: Getty Images

Акрамя таго, ва Украіне адначасова з выбарамі прэзідэнта прайшоў рэферэндум, на якім 90,32% украінцаў прагаласавалі за незалежнасць сваёй краіны. І гэта надзвычай непакоіла Маскву.

Барыс Ельцын праз некалькі дзён пасля Віскулёў так тлумачыў неабходнасць надпісання пагаднення ад стварэнні СНД: пасля жніўня распад СССР уступіў у апошнюю стадыю, пачалася яго агонія, а таму ўзнікла вострая неабходнасць спыніць дэзынтэгарцыю дзяржавы.

У Мінску, у канцы мінулага тыдня, гэта было зроблена. Галоўны вынік заключаецца ў наступным: тры рэспублікі, якія выступілі заснавальнікамі СССР, прыпынілі працэс стыхійнага, анархічнага распаду той агульнай прасторы, у якой жывуць нашы народы. Была знойдзена адзіна магчымая Формула сумеснага жыцця ў новых умовах — Садружнасць Незалежных Дзяржаў.

Барыс Ельцын

Паводле ўспамінаў удзельнікаў падзей у Белавежскай пушчы, найбольш напружаныя перамовы наконт утварэння СНД былі з украінскім бокам.

Вынікі нядаўняга рэферэндума красамоўна сведчылі пра нежаданне ўкраінцаў далучацца да абноўленага СССР. Як прыгадваў тагачасны міністр замежных спраў Беларусі Пётр Краўчанка, першапачаткова будучы саюз меркавалі назваць Садружнасцю Дэмакратычных Дзяржаў.

Але ўкраінцы дамагліся карэкціроўкі назвы на тую, якую мы маем сёння. І абргунтавалі сваю пазіцыю акурат вынікамі свайго снежанскага рэферэндума.

Аднак праз гады першы прэзідэнт незалежнай Украіны канстатаваў, што пры пэўных умовах СССР мог захавацца.

Можна было захаваць, але мадэрнізаваўшы і рэканструяваўшы яго карэнным чынам. Думаю, калі б Гарбачоў выслухаў прапановы Ельцына, Назарбаева, Шушкевіча і мае наконт ператварэння федэрацыі ў канфедэрацыю, Саюз можна было б захаваць, паступова ператварыўшы яго ў новую палітычную, эканамічную і сацыяльную структуру з філасофіяй новага жыцця — дэмакратычнай і прававой, якая грунтуецца на свабодах і правах чалавека. Але гэта быў бы ўжо не той СССР.

Леанід Краўчук

Сімвалічна тое, што пагадненне аб спыненні існавання савецкай імперыі было падпісанае акурат у Беларусі, на той момант — ці не самай саветызаванай з усіх «рэспублік-сясцёр».

Мітынг супраць рэферэндума па захаванні СССР, Мінск. Фота: Уладзімір Кармілкін, vytoki.net

На рэферэндуме 17 сакавіка 1991-га, які прапаноўваў адказаць на пытанне «Ці лічыце Вы неабходным захаванне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік як абноўленай федэрацыі раўнапраўных суверэнных рэспублік, у якой будуць у поўнай меры гарантаваны правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасці?», 83% беларусаў адказалі станоўча.

І ўсё ж, тагачасны дзяржсакратар Расіі, адзін з аўтараў і падпісантаў Белавежскіх пагадненняў Генадзій Бурбуліс лічыў, што выбар месца быў невыпадковым.

Менавіта ў сваёй унікальнасці Беларусь была той жыццёвай, геапалітычнай і, можа, больш дакладна, чалавечай і маральна-духоўнай прасторай, дзе мы маглі і павінны былі сустрэцца.

Генадзій Бурбуліс

Праз 14 гадоў пасля распаду СССР кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін назваў гэтую падзею «найбуйнейшай геапалітычнай катастрофай ХХ стагоддзя». Да атакі на Грузію заставаліся лічаныя гады, да захопу Крыма — менш дзесяцігоддзя.

Сёння пуцінская Расія спрабуе ваеннай сілай «вярнуць» Украіну, а Беларусь апынулася ў цесных абдымках Крамля, чаго не было з часоў СССР. І гэта сумны, але непазбежны ўрок гісторыі — такой бывае плата за перазаключэнне саюзных дамоваў з колішняй метраполіяй, якая ўпарта не хоча «отдавать любимую».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(18)