История

Андрэй Кныш

Як Дзед Мароз стаў ахвярай сталіншчыны

Напярэдадні зімовых святаў «Салiдарнасць» згадвае пра няпросты лёс аднаго з галоўных сімвалаў Новага года.

Многія з нас лічаць, што Дзед Мароз і Снягурка — савецкая спадчына. Сапраўды, у масавую культуру яны прыйшлі ў 1930-я. Аднак, сама традыцыя ўпрыгожваць ялінку анёлкамі і віфліемскай зоркай прыйшла ў Расійскую імперыю з Германіі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя.

Тады ж і з’явіўся вобраз Дзеда Мароза — галоўнага персанажа Новага года. Ягоную фігурку ставілі пад ялінку, або ён быў галоўнай цацкай на калядным дрэве.

У 1873-м расійскі драматург Аляксандр Астроўскі напісаў казачную п’есу «Снягурка», паводле якой кампазітар Мікалай Рымскі-Корсакаў паставіў аднайменную оперу. Згодна з сюжэтам галоўная гераіня была дачкой Мароза і Вясны.

Моцныя антынямецкія настроі, выкліканыя Першай сусветнай вайной, прывялі да забароны «варожай» традыцыі імператарам Мікалаем ІІ.

Нейкі час ролю ўсесаюзнага Дзеда Мароза выконваў Уладзімір Ленін

Неўзабаве бальшавікі адмянілі забарону, але не з-за клопату пра хрысціянскае Раство. Новая мятла пачала месці па-новаму: у снежні 1922 – студзені 1923-га ў чатырох сотнях гарадоў СССР адзначылі «камсамольскае раство».

Гэтая традыцыя не прыжылася, неўзабаве барацьба з рэлігіяй выйшла на новы ўзровень. Навагодняя ялінка і Дзед Мароз апынуліся пад забаронай. Галоўным сімвалам Новага года прысвячаліся прапагандысцкія артыкулы і нават вершы.

Под «Рождество Христово» в обед

Старорежимный елочный дед

С длинной-предлинной такой бородой

Вылитый сказочный «Дед-Мороз»

С елкой под мышкой саночки вез,

Санки с ребенком годочков пяти.

Советского тут ничего не найти!

Демьян Бедный, «Рождественская картина. Бытовая»

Тагачасная прапаганда вінаваціла ялінку і Дзеда Мароза ў страшных антысавецкіх грахах: «Господствующие эксплуататорские классы пользуются «милой» елочкой и «добрым» Дедом Морозом еще и для того, чтобы сделать из трудящихся послушных и терпеливых слуг капитала».

Зрэшты, як гэта не раз было ў «краіне самага смачнага марожанага», праз колькі год бальшавіцкая прапаганда змяніла гнеў на ласку ў дачыненні да апальных навагодніх персанажаў.

Публікацыя ў газеце «Правда» наконадні Новага 1936-га выступіла з заклікам: «Давайте организуем к Новому году детям хорошую ёлку».

І з таго моманту людзі, якія сачылі за тым, каб савецкія грамадзяне не ставілі пад Новы год «буржуазную» ялінку, пачалі кантраляваць выкананне закліка аўтара той публікацыі, другога сакратара ЦК КП(б) Украіны Паўла Постышава:

— Не должно быть ни одного колхоза, где бы правление вместе с комсомольцами не устроило бы накануне Нового года ёлку для своих ребятишек. Горсоветы, председатели районных исполкомов, сельсоветы, органы народного образования должны помочь устройству советской ёлки для детей нашей великой социалистической родины.

Ці не памяць пра тыя зігзагі бальшавіцкай думкі кіруюць сённяшнімі беларускімі чыноўнікамі, якія кантралююць стварэнне навагодняга святочнага настрою?

Навагодняя паштоўка часоў БССР

Дзед Мароз быў «рэабілітаваны» напярэдадні чорнага 1937-га. З таго часу ягоны вобраз прасоўваўся ў масы з дапамогай кінематографа. А ў 1947-м Новы год у СССР стаў выходным днём, што толькі ўмацавала папулярнасць ягоных герояў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(13)