Вардамацкі: Прарасейскія настроі не зменшыліся пасля пачатку вайны, а нават выраслі

Незалежныя медыя губляюць падпісчыкаў, беларусы не вераць на 100% ніводнай крыніцы інфармацыі і не страчваюць прыхільнасці да Расіі. Пра тое сведчаць звесткі свежых якасных і колькасных вымярэнняў аўдыторыі, праведзеных беларускімі незалежнымі даследчыкамі.

Доктар сацыялагічных навук, прафесар Андрэй Вардамцкі, аналізуючы, як вайна ва Украіне паўплывала на настрой і геапалітычныя схільнасці беларусаў, агучыў непрыемную тэндэнцыю, якую назваў «дыскамфортам грамадскай думкі»:

— Грамадская думка ў Беларусі змянілася сістэмным чынам, і гэта замінае дзейнасці дэмакратычных палітыкаў, у параўнанні з 2020 годам. У прыватнасці, змяніліся геапалітычныя арыенціры — але не ў той бок, як можна было меркаваць.

Расійскія наратывы пранікаюць у грамадскую свядомасць усё больш глыбока і інтэнсіўна — крамлёўская прапаганда і беларускія дзяржаўныя медыя аб'ядналі высілкі ў гэтым кірунку, што, на жаль, дае плён.

Таму прарасейскія настроі дзіўным чынам не толькі не зменшыліся пасля пачатку ваеннай агрэсіі РФ ва Украіне, але нават выраслі — і толькі ў апошнія месяцы крыху запаволіліся.

Доля ахвотных, каб Беларусь юрыдычна стала суб'ектам РФ, павялічылася з 5% да 8,7% (апошнія лічбы — з даследавання ў маі 2023 года).

Першачарговымі праблемамі краіны, якія выклікаюць цікавасць і напружанне аўдыторыі, цяпер успрымаецца не толькі інфляцыя, якая заўжды была ў топе інтарэсаў беларусаў, але і ваенная павестка — прычым не ў тым сэнсе, што вайна ідзе зусім побач ужо другі год, а датычна рызыкі прамога ўцягнення ў яе Беларусі.

Варта адзначыць і стаўленне да размяшчэння расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі — сёлета негатыўных і пазітыўных рэакцый беларусаў практычна пароўну.

Але ці варта здзіўляцца, калі беларускія дзяржаўныя медыя ўзмоцнена прасоўваюць павестку «міру і стабільнасці», не называючы вайну вайной і адсоўваючы гэтую тэму на другі план, а параллельна ўмацоўваюць пазітыўны імідж Расіі як галоўнага гандлёвага партнёра, моцнага саюзніка, крыніцы культурнага, спартыўнага, адукацыйнага абмену і г.д.

Сярод іншых трэндаў, якія адзначылі даследчыкі пры правядзенні глыбінных інтэрв'ю з беларусамі рознага ўзросту, хто знаходзіцца ўнутры краіны, — не толькі адток падпісчыкаў у незалежных медыя, стомленасць аўдыторыі ад негатыўнай павесткі, пошук інфармацыі ў розных крыніцах (бо на 100% чытачы не давяраюць ніводнай з іх), але і назадаволенасць працай незалежных медыя.

— Упершыню мы пачулі ад людзей меркаванні, што незалежныя медыя — «тая ж прапаганда, толькі наадварот», нараканні на прафесіяналізм і заўвагі наконт прымітывізацыі кантэнту, — гавораць даследчыкі.

З іншага боку, на фоне працягу «зачысткі» ўладамі інфармацыйнага поля, дзяржаўныя медыя, у тым ліку рэгіянальныя, паступова ўмацоўваюцца і прасоўваюць наратывы прапаганды — напрыклад, словы Лукашэнкі пра неабходнасць «жалезнай дыктатуры» ў рэгіёнах — сістэмна і мэтанакіравана.

Такім чынам, разрыў паміж двума інфармацыйнымі коканамі  яшчэ больш павялічваецца: калі дэмакратычныя сілы і беларусы за мяжой жывуць і дзейнічаюць у полі «не вайне!», то ўнутры краіны паслядоўна насаджваецца  наратыў «няма вайны». І гэта яшчэ адзін вельмі сур’ёзны выклік, які трэба пераадольваць незалежным медыя ў цяперашніх умовах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.3(27)