Пятрухін: «За кратамі могуць не забіваць фізічна ў прамым сэнсе, а пазбаўляць лекаў, адмаўляць у медычнай дапамозе, марозіць, сляпіць»
Былы палітзняволены блогер — пра невінаватых у беларускіх турмах.
— Зняволеныя беларускіх турмаў шыюць камплектуючыя для формы расійскай арміі, — расказаў былы палітвязень Сяргей Пятрухін на канале BalaganOFF.
Ён адзначыў, што пенітэнцыярная сістэма ў Беларусі нагадвае канцлагер.
— Адчуваеш сябе як жывёліна, цябе пазбаўляюць наогул усяго, ты не атрымліваеш пасылкі, не можаш патэлефанаваць дадому, людзей увесь час катуюць карцарам. Мне пашчасціла, я, можа, не перажыў усяго ў поўным аб’ёме.
Але ў Беларусі вельмі страшная сітуацыя з турмамі.
Вывучыўшы мноства дакументаў людзей за кратамі, я прыйшоў да высновы, што там сядзіць вельмі шмат людзей, якія альбо ні ў чым не вінаватыя, альбо вінаватыя ўскосна, альбо ім перавышаюць тэрміны.
І гэта тыя, каго асудзілі яшчэ да падзей 2020 года, калі з’явілася шмат палітычных вязняў.
Напрыклад, улады Беларусі прыдумалі гэты арт. 328 КК РБ (незаконны абарот наркатычных сродкаў). Я ні ў якім разе не ўсхваляю наркотыкі, але садзіць чалавека за куст каноплі на 8 год — гэта перабольшванне.
Атрымліваецца, што чалавек за пяць закладак (зразумела, ён нехарошы чалавек), атрымлівае 12 год зняволення. І тут жа іншаму з дзясяткамі кілаграмаў какаіну даюць 14 год. Гэта несувымерныя рэчы.
Бо гэта рэальная праблема: калі чалавека ў 17-18 гадоў пасадзіць на 10-15 год у турму, кім ён выйдзе?
Я выйшаў праз тры гады, у мяне галава хісталася, я баяўся вуліцу пераходзіць. А пасля 15 гадоў у няволі як убудавацца ў грамадства і ўвогуле ў гэтае жыццё?
Лічу, што такім чынам адбываецца генацыд беларускага народа. Гэта не прамое знішчэнне, але яны не даюць жыць за кратамі.
Так, яны могуць не забіваць фізічна ў прамым сэнсе, а пазбаўляць лекаў, адмаўляць у медычнай дапамозе, марозіць, сляпіць. У нас па ўсіх турмах вельмі дрэннае святло і ва ўсіх падае зрок.
Такім чынам здзекуюцца над людзьмі, у большасці з якіх няма ніякай віны, — адзначыў былы зняволены.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное