Политика

Навумчык: «Вось адказ тым, хто, выступаючы супраць Лукашэнкі, адначасна кажа — «неважно, на каком языке»

Палітычны аглядальнік, дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ скліканьня — пра тое, якую небяспеку нясе ігнараваньне Незалежнасьці як найвышэйшай каштоўнасьці дзяржавы.

— 30 гадоў таму, у верасьні 1993-га, на імпэрскім шабашы камуністаў з былых савецкіх рэспублік у Менску, дэпутат Лукашэнка заявіў, што СССР павінен быць адноўлены ў форме аб’яднаньня хаця б толькі Беларусі і Расеі, а Беларусь як незалежная дзяржава павінна спыніць сваё існаваньне, — піша Сяргей Навумчык. — Месяцам раней ён сказаў тое ж самае ў інтэрвію маскоўскай газэце «Правда».

Сяргей Навумчык

Васіль Быкаў тады выступіў з гнеўнай водпаведзьдзю Лукашэнку ў «Народнай газэце», а мы, дэпутаты БНФ, запатрабавалі пазбавіць Лукашэнку і іншых праімпэрскіх дэпутатаў мандатаў у Вярхоўным Савеце.

Мы, як гаворыцца, крыкам крычалі пра пагрозу Незалежнасьці, а нам сьмяяліся ў твар. Памятаю сваю размову зь Віктарам Ганчаром, які, усьміхаючыся, сказаў, што яны («маладыя ваўкі») усё роўна прыйдуць да ўлады. Вось жа, Віктар, лепш бы ня рваліся вы ва ўладу — і для цябе было б лепш таксама...

Менавіта ігнараваньне Незалежнасьці як найвышэйшай каштоўнасьці дзяржавы, не ўсьведамленьне гэтай ісьціны найперш элітай — палітычнай, чынавенскай, бізнэсовай, урэшце вайсковай — і прывяло да драматычных сёньняшніх вынікаў.

Мы, 30 дэпутатаў БНФ сярод 345, як казаў той жа Быкаў, зрабілі больш, чым маглі. Чым можа зрабіць 10% супраць 90%. Але, калі ўжо працягваць пра лічбы, дык больш як 200 год акупацыі, стагодзьдзі жыцьця пад Расейскай імпэрыяй (і яе інкарнацыі ў выглядзе СССР) не маглі не паўплываць на масавую сьвядомасьць.

Таму і былі ўспрынятыя заклікі — спачатку кволыя ў Кебіча, а потым і агрэсіўныя ў Лукашэнкі, пра вяртаньне ў СССР (тут нагадаю, што з восені 1993 і па красавік 1994, калі Лукашэнка выступіў супраць Кебіча, — дзяржаўнае, падпарадкаванае Кебічу, радыё давала Лукашэнку эфір, у той ці іншай форме, практычна штодня (а радыёкропка" была ў кожнай кватэры, у кожнай хаце. нам, дэпутатам БНФ, атрымаць эфір удавалася зь вялікай цяжкасьцю — у Лукашэнкі было паўгады, каб «прамыць мазгі» людзям).

Дарэчы, вось адказ тым, хто, выступаючы супраць Лукашэнкі, адначасна кажа — «неважно, на каком языке»: у Літве, Латвіі, Польшчы, ва Ўкраіне, у Грузіі, ды дзе заўгодна аднаго толькі стаўленьня да мовы тытульнай нацыі, якое выяўляў і выяўляе Лукашэнка, было б дастаткова, каб шанец абрацца на пасаду прэзыдэнта раўняўся нулю.

30 год — нішто для Гісторыі, але гэта палова сьвядомага актыўнага чалавечага жыцьця, якая ў лёсах дзевяці мільёнаў беларусаў вырваная. Гэтыя дзесяцігодзьдзі можна было пражыць зусім-па іншаму.

З гэтага вынікае просты, але самы важны ўрок.

Пакуль абсалютная большасьць беларусаў не ўсьвядоміць каштоўнасьць незалежнай дзяржавы і вартасьць нацыянальных каштоўнасьцяў (найперш, беларускай мовы) — падзеі будуць пракручвацца па коле, яшчэ і яшчэ раз, і дзецям ды ўнукам будзе наканавана паўтарыць лёс бацькоў ды дзядоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(58)