Навумчык: «Цалкам верагодна, што тым, хто сёньня радуецца адрэзаным вушам, ня трэба будзе чакаць аж чвэрць стагодзьдзя»

Публiцыст – пра трансфармацыi, за якiмi назiрае.

– Відэа з адразаньнем вуха ці «допытам» электрычнасьцю падазраваных у тэракце ў Маскве могуць шакаваць хіба тых, хто ня ведае пра катаваньні расейскімі вайскоўцамі і спэцслужбістамі мірных жыхароў Украіны і ваеннапалонных УСУ, – пiша Сяргей Навумчык. – А вось рэакцыя значнай часткі расейскай публікі (ня хочацца ўжываць тэрмін «грамадзтва») уражвае.

Як казалі ў часы Леаніда Ільіча, пачуцьцё глыбокага задавальненьня. Якое, акрамя іншага, зрывае з чалавека яшчэ адзін слой з і без таго ня надта вялікага пласту цывілізацыйнасьці, набліжаючы яго да часоў мамантаў, калі ўвогуле не аднаклетачных.

Падобна, што на гэта і разьлік: Пуціну (як і Лукашэнку) патрэбныя няздольныя ня толькі думаць, але і нешта чалавечае адчуваць. Такіх лёгка можна нацкаваць на ворага — зьнешняга ці ўнутранага.

Але калі жывеш доўга, можаш бачыць павучальныя трансфармацыі.

У 1995-м пасьля жорсткага, у кроў, зьбіцьця дэпутатаў БНФ у Авальнай залі адзін статусны (скажам гэтак) дзяяч далучыўся да тых, хто радасна паціраў рукі: «Маловато вам далі!». Праз чвэрць стагодзьдзя, у 2020-м, ягоны ўнук быў бязьлітасна, да паўсьмерці, зьбіты на Акрэсьціна. Дзед не дажыў і, на сваё шчасьце, не ўбачыў выніку рэалізацыі тэорыі «З апанэнтамі і ворагамі дазволена ўсё».

Цалкам верагодна, што тым, хто сёньня радуецца адрэзаным вушам, ня трэба будзе чакаць аж чвэрць стагодзьдзя. Магчыма нават, спатрэбіцца і менш за год.

Рэжым Пуціна робіцца ўсё больш рэпрэсіўным, любая незадаволенасьць уладамі ўжо цяпер трактуецца як экстрэмізм, а ад гэтага, як паказаў досьвед лукашэнкаўскага «правасудзьдзя», паўкрокі да абвінавачваньня ў тэрарызме.

І прыёмы, якія сёньня сілавікі прымяняюць да падазраваных у тэрарызьме, хутка могуць — прычым у масавым маштабе — прыкласьціся да тых, хто ня знойдзе ў сябе сілаў зьмірыцца, напрыкоад, з труной забітага пад чарговай Аўдзееўкай сына.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(101)