Женщины

Кірыл Іваноў

Ларыса Геніюш — геніяльная паэтка, эмігрантка, якая не прыняла савецкі пашпарт

Працягваем расказваць пра выбітных беларусак.

Ларыса Геніюш — адна з найлепшых беларускіх паэтак ХХ стагоддзя. Як і большасць творцаў-аднагодак, мела няпросты і нават трагічны лёс. Некаторыя старонкі яе біяграфіі перагукаюцца з гісторыямі сучасных беларусаў.

Нарадзілася 9 жніўня 1910 года на Ваўкавышчыне ў маёнтку Жлобаўцы. Яна паходзіла са збяднелага шляхецкага роду Міклашэвічаў. Сям’я была шматдзетная, у Ларысы былі тры сястры і тры браты: Ксенія, Ніна, Людміла, Расціслаў, Аляксей і Аркадзь. 

«А зямля да нас гаварыла. Яна разумела нас, акружала духам мінуласьці ўсяго нашага народу й вялікай любоўю дрэваў, палёў. Ланы жыта хваляваліся проста пад вокнамі, і каласы шапацелі ад ветру. Нам было добра на весьнім сонейку, на дажджы й на ветры, весела крочылі мы ў кажушках сваіх зімою, і коні насілі нас у куліку па дарогах, на якія ласкава сьвяціў месяц», — узгадвала Ларыса Геніюш родныя Жлобаўцы ў кнізе ўспамінаў «Споведзь».

Пра сябе ў юнацтве яна пісала так: «Я нарадзілася такой, ад пялюшак ужо прасякнутай усім, што наша, з болем і прагай змаганьня за волю й нашую зямлю для нас».

На фота злева Ларысе Геніюш 17 год. Фота справа — дзень вяселля

Замуж паэтка выйшла ў 1935-м. Доўга адбівалася ад шматлікіх жаніхоў, сярод якіх былі і маладыя бацюшкі, і суседзі-вяскоўцы, і багатыя панічы.

Мужам яе стаў Янка Геніюш з Зельвы, які на той час вучыўся на лекара ў Празе.

«Ягоны бацька, убачыўшы мяне ў нашых сваякоў, так захапіўся тоненькай і паважнай дзяўчынай, што не забыўся аб гэтым расказаць сваяму сыну: «Вось я, сын, на тваём месцы толькі яе ўзяў бы...», — прыгадвала акалічнасці знаёмства з будучым мужам Ларыса Геніюш.

Янка падкупіў яе сваёй паважлівасцю да яе, інтэлігентнасцю і беларускасцю. Апошняя якасць для яе была ці не самай галоўнай.

У Празе, 1938 год

У тым жа годзе ў Геніюшаў нарадзіўся сын, у 1937-м сям’я засталася жыць у Празе. Гэта на некаторы час уратавала паэтку ад савецкіх лагераў: у 1939-м пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР яе бацькоў і сясцёр арыштавалі.

Бацьку Антона расстралялі ў 1940-м, маці Аляксандра і дзве сястры былі высланыя ў Казахстан, дзе і загінулі.

Першыя публікацыі і архіў БНР

У 1940-м у берлінскай эмігранцкай газеце «Раніца» былі ўпершыню апублікаваныя вершы паэткі. Яны мелі ўхвальныя водгукі чытачоў, да Геніюш пачала прыходзіць вядомасць. У 1942-м быў надрукаваны першы паэтычны зборнік «Ад родных ніў».

У Празе Ларыса Геніюш удзельнічала ў працы ўраду БНР у выгнанні. У сакавіку 1943-га атрымала пасаду генеральнага сакратара ўраду, займалася захаваннем і ўпарадкаваннем архіва БНР.

Тагачасны старшыня Рады БНР Васіль Захарка паміраў ад сухотаў і шукаў кандыдата на сваё месца. У «Cповедзі» Геніюш прыгадвала, як урэшце на тую пасаду абралі Міколу Абрамчыка па яе рэкамендацыі. Да слова, Абрамчык быў выдаўцом яе першай кнігі і рэдактарам «Раніцы».

«Нікому ня веру, донечка. Ёсьць многа людзей, але ў кожнага на некага арыентацыя, а тут трэба быць верным толькі народу. На гэтае становішча я мог бы паставіць толькі цябе, каб ты не была жанчынай», — цытавала паэтка словы Захаркі.

Ларыса Геніюш. Жыць

Жыць – гэта ў заўтра праменнае верыць,

з паднятай ля злыдняў прайсьці галавой.

Жыць – гэта знача прачхнуцца ад цемры

і сонца убачыць над сумнай зямлёй.

 

Ў хаце з пахучых сасновых бярвеньняў

з нашым гаючым сямейным цяплом

бачыць, як шчыра ўсе тры пакаленьні

сыдуцца разам за поўным сталом.

 

Жыць – калыхаць і на вечнасьць праводзіць,

род свой і мову кахаць, сьцерагчы.

Хай зьзяе, хай вечна ў крыві нашай бродзіць,

роднаю песьняй чаруе ў жыцьці.

 

Мудрасьць дзядоў і дзяцей шчабятаньне,

гожасьць жаночая, сіла мужоў,

дзіўнасьць і сьмеласьць, жывое сьвітаньне,

ў якім адчуваецца верная кроў.

 

Сіла ў далонях ды посьпехі ў працы,

спогадзь суседзская, літасьць ў бядзе,

гордая мужнасьць за праўду змагацца,

пашана і вартасьць сапраўдных людзей.

 

Жыць – кідаць вечна у ворыва зерне,

садзіць маладыя лясы і сады,

то дотыкам ног цалаваць тую землю,

дзе цяжка ступалі бацькі і дзяды.

Арышт, суд і лагеры

Першую спробу арыштаваць Геніюшаў НКУС зрабіў у 1945-м, але ў той раз іх выратавалі суседзі, якія збегліся на шум. Сям’я пераехала ў іншы горад — Вімперк. У сакавіку 1948-га іх усё ж арыштавалі. Ларысу і Янку перавезлі ўрэшце ў Мінск, іх сын Юрка на доўгі час застаўся ў чужых людзей без бацькоў.

Запыт на арышт Геніюшаў

У Мінску паэтку дапытваў асабіста міністр дзяржбяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава. У сваіх успамінах Ларыса Геніюш пісала, што яго цікавіў толькі архіў БНР, які Мікола Абрамчык паспеў вывезці ў Парыж.

Допыт у Цанавы паэтка апісвала так: «Аддай архіў, аддай архіў БНР!» — «Няма ў мяне яго, — адказваю, — і я ня ведаю, гдзе ён!» — «Бить ее, допрашивать день и ночь», — верашчыць няшчасны гэнэцвалі. А я, цень чалавека, выпрасталася й кажу яму: «Бяз волі Божай волас мне з галавы не ўпадзе, і я не баюся вас!» — «Вы (ахова турмы — С.) ее испортили, она себя держит, как дама», — верашчыць кат».

7 лютага 1949-га Вярхоўны суд БССР асудзіў Ларысу і Янку Геніюшаў да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў.

Апроч іншага, у віну абодвум ставілі подпісы пад вітальным лістом Адольфу Гітлеру ад імя беларусаў Чэхаславаччыны. Ва ўспамінах Ларыса Геніюш сцвярджала, што тыя подпісы былі падробленыя.

Пакаранне яны адбывалі ў лагерах Комі АССР і Мардовіі.

Вось фрагмент успамінаў пра лагерныя парадкі: «Жыцьцё нашае было няпэўным, нейкім вечна нэрвовым, настарожаным. Мала, што шманалі нас, выводзячы за зону й зноў у яе пускаючы (што часам было падобна на гінекалагічны агляд на марозе), але пэрыядычна й звыш нормы шманалі нас у бараках.

Трэсьлі нары, пераварочвалі пасьцелі, раскідалі рэчы. Часам нападалі ўвечары на перапоўнены барак, заганялі ўсіх у адзін кут і пачыналі дзейнічаць. Суправаджалася гэта неймаверным крыкам Кір’янава ці Прасьветава й віскам знамянітай надзірацелькі Дусі, што надавала гэтай апэрацыі характар дагістарычны.

Забіралі што папала, а калі трапляліся запісачкі ці малітоўныя абразкі і т.п., дык БУР (унутрылагерная турма) ужо забясьпечаны. БУР — гэта вязьніца ў самым лагеры. Ізаляцыя, гдзе даваліся вада, 200 грамаў хлеба ў суткі, на трэці дзень місачка баланды й рэшту па столькі ж хлеба на суткі. Пасьля БУРу выходзілі «п’яныя», а то й выносілі іх, вывалакалі».

У лагерах вершы паэткі называлі «глюкозай». Яна пісала іх на маленечкіх абрыўках паперы — каб узняць дух і сабе, і сваім таварышам па турэмным няшчасці.

У 1956-м Геніюшаў вызвалілі, хоць яны адмовіліся пісаць прашэнне аб памілаванні.

Жыццё пад наглядам, без савецкага пашпарту

Зельва

Ларысе і Янку Геніюшам не дазволілі выехаць ні ў Чэхаславаччыну, ні ў Польшчу да сына. Яны вярнуліся ў Беларусь і засталіся жыць у доме Янкавых бацькоў у Зельве. Першыя дзесяць год пасля лагераў паэтцы забаранілі любую літаратурную дзейнасць.

Першы пасляваенны паэтычны зборнік «Невадам з Нёмана» выйшаў у 1967-м дзякуючы намаганням Максіма Танка, які ў той час узначальваў Саюз пісьменнікаў БССР. Гэта быў зборнік дзіцячых вершаў — такі мінімум дазволілі савецкія ўлады паэтцы-бунтарцы, якая разам з мужам пры дэпартацыі ў СССР адмовілася ад савецкага грамадзянства.  

Ларыса Геніюш з Яўгеніяй Янішчыц і Уладзімірам Караткевічам

Той зборнік рэдагаваў Уладзімір Караткевіч, які наведваў Геніюшаў у Зельве ў часе працы над выданнем. Нават ягоная далікатная рэдактарская праца не магла ўратаваць будучую кнігу ад савецкай цэнзуры.

Потым былі яшчэ вершаваныя зборнікі для дзяцей. Да паэткі пачалі прыязджаць госці — літаратары, творчая моладзь. Тыя сустрэчы адбываліся пад пільным наглядам камітэтчыкаў — за паэткай і яе мужам сачылі да канца іх жыцця.

Яе мемуары, што атрымалі назву «Споведзь», з Зельвы таемна вывез археолаг Міхась Чарняўскі. Даследчыкі пазней напішуць, што кніга ўспамінаў беларускай паэткі магла прагрымець нароўні з салжаніцаўскім «Архипелагам ГУЛАГ», калі б яе яшчэ за савецкім часам удалося вывезці на Захад.

Развітанне з паэткай. Фота vidymus.livejournal.com

Памерла Ларыса Геніюш 10 красавіка 1983 года, ненадоўга перажыўшы мужа Янку і сына Юрку. На развітанне з паэткай прыйшлі тысячы жыхароў Зельвы. Яе адпявалі ў паўнюткай царкве чатыры гадзіны, труну з нябожчыцай неслі на руках — пахаванне нечакана для ўладаў ператварылася ў народнае развітанне.

Помнік Ларысе Геніюш у двары зельвенскай царквы

Імя Ларысы Геніюш па сённяшні дзень не рэабілітавана ўладамі, якія пры гэтым кіруюцца законамі няіснага ўжо СССР, грамадзянкай якога паэтка так і не стала. Зельвенскія ўлады не дазволілі размясціць на колішнім доме Геніюшаў мемарыяльную шыльду.

***

Ларыса Геніюш. Не згінай мяне, я не сагнуся

Не згінай мяне, я не сагнуся,

Не баюся ні страхаў, ні зла.

Нездарма я з зямлі беларускай

Непахіснай сасною ўзрасла.

 

Напрасткі йду няходжанай сцежкаю,

Мудрасць продкаў у гарачай крыві,

Ні прад кім не схіляю паспешна

Крыху гордай сваёй галавы.

 

Абмінаю ўсю набрыдзь, што вокал,

Чалавечы мой блытае лёс.

Гляджу ўдаль, не маргнуўшы нат вокам.

Розум цемру праніжа наскрозь!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(30)