Общество

Карней: «Заплаціла са сваіх сьціплых прыбыткаў маці-пенсіянерка – вось так запускаюць у фінансавы абарот сваякоў, калі ня могуць дабрацца да саміх фігурантаў»

Экс-палітвязень расказаў пра рэкет на дзяржаўным узроўні ў дачыненні да родных палітзняволеных.

— Салдат сьпіць, служба ідзе, — піша Ігар Карней. — Хто з колішніх служывых не паўтараў папугаем матывацыйную аксіёму, якая непазьбежна набліжае да дзембеля. Але падаецца, што няпісаным правілам кіруюцца ня толькі ў мілітарных колах, а і ў судовай вытворчасьці. Аднойчы завёў справу і тая ўжо сама перманентна «пераўзбуджаецца».

Не пасьпеў расслабіцца пасьля беспардоннага выдварэньня, як на страчанай бацькаўшчыне завочна пачалі атакаваць з аддзелу прымусовага выкананьня. Зразумела, што ў сілу форс-мажорных абставінаў пісулькі з пагрозамі «подвергнуть принудительному приводу» траплялі на вочы не тады, калі хацелася адправіцелю, а калі добрыя людзі мелі магчымасьць  выпатрашыць паштовую скрыню.

Што характэрна, у павестках аніякага тлумачэньня, за што ім пасьпеў запазычыць, апошнія гады не займаючыся ніякай дзейнасьцю. Проста X-Files, сакрэтныя матэрыялы.

Спробы зьвязацца з адказнай работніцай ведамства Казлоўскай праз вайбер, як прапаноўвалася ў паперцы, доўгі час заставаліся марнымі. Як ні круці, найменей хацелася быць ахвярай дзяржаўнага рэкету. Грошы не фантастычныя, у апошняй версіі крыху больш за 250 руб, але ж сам факт! Бо так у тэорыі могуць даіць бясконца.

Нядаўна судовая выканаўца ўсё ж адазвалася, параіўшы шукаць канцы ў адпаведным рэестры неплацельцаў на сайце Мін’юсту. Яшчэ адна засада, бо з-за мяжы рэсурс недаступны і трэба ўсталёўваць VPN – ніколі б не падумаў, што давядзецца пагрузіцца ніжэй ватэрлініі, каб адрасна зрабіць рэпрэсіўнай установе статыстыку па наведваньнях).

Праўда, нічога ўцямнага у рэестры даўжнікоў так і не знайшоў — толькі канстатацыя факту аб пачатку чарговай вытворчасьці пад грувасткай абязьлічанай нумерацыяй. Усё як у канцлагеры, лічбы на сэрцы.

Затое стала сюрпрызам, што паставілі на лічыльнік яшчэ ў актыўнай фазе сядзеньня! Што замінала адразу папярэдзіць, каб сваякі аператыўна праплацілі выстаўленыя рахункі? Або першапачатковая мэта менавіта такая – вывесьці на пеню? Дасьведчаныя і ўжо абабраныя кажуць, што кожны год да сумы прырастае 10%.

Думаю, не адну сотню вымушаных калегаў, у якіх не засталося іншай альтэрнатывы, як памяняць камеру ці атрад у Беларусі на шэлтары на чужыне, чакаюць аналагічныя неспадзяванкі.       

№1. ОПИ Фрунзенского района г. Минска. 20.06.2024 возбуждено производство 70924032444.

18 чэрвеня 2024-га мяне перакінулі этапам з турмы №4 Магілёву, дзе я два месяцы чакаў апеляцыі на прысуд, для адбыцьця пакараньня ў ПК №17 Шклову. Атрымліваецца, што літаральна на другі дзень карантыну пачалі нейкую настолькі таямнічую вытворчасьць, што давялося хаваць яе за наборам лічбаў. Прынамсі ніякіх уведамленьняў пад подпіс не атрымліваў.  

№2. ОПИ Фрунзенского района г. Минска. 02.10.2024 возбуждено производство 70924051504.

Усё тая ж шклоўская катавальня, чацьвёрты месяц адзіночак у штрафных ізалятарах/памяшканьнях камернага тыпу. На тым адрэзку практычна поўная інфармацыйна-дакументальная блакада, бо сувязі за зьнешніх сьветам, уключаючы нават штабных хадакоў, абарваліся падчыстую. Акурат у гэтыя дні інспіравалася другая крымінальная справа паводле арт. 411 за «непадпарадкаваньне». 

№3. ОПИ Фрунзенского района г. Минска. 25.06.2025 возбуждено производство 70925031855.

Лічаныя дні пасьля выстаўленьня з радзімы мяхом на галаве 21 чэрвеня 2025-га. А да таго, атрымаўшы дадатковыя 10 месяцаў да тэрміну і такім чынам стаўшы рэцыдывістам, пасьпеў пабыць «каланістам» на строгім рэжыме ў Мазыры. Менавіта там, трапіўшы ў атрад пасьля прэвентыўнага месяца ў шыза, абсалютна выпадкова наткнуўся на сваё прозьвішча ў сьпісе «даўжнікоў» – 190 руб за робу, атрыманую ў шклоўскім «атэлье».

Не ўпэўнены, але магчыма гэтая сума з улікам 10-працэнтных штогадовых накрутак, і ператварылася ўрэшце ў выстаўленую фінальную. Во як, кожны мусіць самастойна здагадацца, за што яго раскулачваюць.

№4. ОПИ Фрунзенского района г. Минска. 13.03.2026, возбуждено производство 70926012280.

Чарговая паперка, засунутая ў дзьверы пакінутай менскай кватэры, патрабавала персанальнай прысутнасьці ў судовай выканаўцы Казлоўскай 18 сакавіка. Перад тым настойлівая служака пачала чацьвёртую вытворчасьць па Х-файлах.

Магу павіншаваць апанентку, свайго дамаглася: адкупіўся. Дакладней, заплаціла са сваіх сьціплых прыбыткаў маці-пенсіянерка – вось так запускаюць у фінансавы абарот сваякоў, калі ня могуць дабрацца да саміх фігурантаў. Мала таго, што трацілася падчас сынавай адсідкі, дык яшчэ мусіць браць постфактум незразумелыя выдаткі. Бо за камісарамі не заржавее — спачатку накласьці арышт на маёмасьць, а сьледам імем рэвалюцыі і канфіскаваць.

Канешне, невядома, ці надоўга пакінуць у спакоі рэкеціры, бо ў адказ на яўна прачытанае вайбераўскае паведамленьне аб аплаце — звыклая цішыня. Думай, што хочаш…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)