Политика

Карбалевіч: «Колькі будзе каштаваць новая ідэя-фікс Лукашэнкі, здаецца, ніхто не лічыў. А каштаваць будзе нямала»

Аляксандар Лукашэнка загадаў аднавіць сыстэму кіраваньня сельскай гаспадаркай, якая існавала ў савецкія часы. Ён загарэўся ідэяй стварыць у кожным раённым цэнтры структуры па абслугоўваньні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — «райаграсэрвіс». Рынкавыя мэханізмы, па сутнасьці, адкідваюцца, узмацняецца ручное кіраваньне, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Аляксандар Лукашэнка падчас візыту на фэрму, архіўнае фота

Штучнае стварэньне ўзорных эканамічных праектаў

Лукашэнка зноў наведвае Шклоўскі, Аршанскі раёны — сваю радзіму. Ён робіць гэта часта. І не хавае, што хоча ператварыць гэтыя рэгіёны ў нейкую вітрыну той сацыяльнай мадэлі, якая пабудаваная ў краіне.

Тлумачэньне, чаму менавіта гэтыя раёны выбраны для такой ролі, непераканаўчае. Ён кажа:

— Гэта не таму, што я тут працаваў і гэта мая радзіма. Проста таму, што я тут усё ведаю да кожнага мэтру. Таму мы робім такі ўзорны раён тут, у Шклове і часткова ў Воршы... Трэба, каб Шклоўскі раён быў такім узорам для перайманьня. Каб мы не вучылі кожнага. Вось прывезьлі — ідзі, паглядзі, як павінна быць, і рабі.

Гэта савецкая традыцыя: стварыць нейкія «маякі», на якія павінны арыентавацца іншыя гаспадарчыя суб’екты. Аднак такі «перадавы» досьвед тыражуецца дрэнна менавіта таму, што гэтыя ўзоры створаныя штучна, ва ўмовах льгот і адмысловых вялікіх інвэстыцый. Яго немагчыма паўтарыць па ўсёй краіне.

Але нават штучнае стварэньне ўзорных аб’ектаў апошнім часам атрымоўваецца дрэнна. Тут вельмі паказальны правал праекту аграхолдынгу «Купалаўскае» ў тым жа Шклоўскім раёне. Гэты аграхолдынг таксама плянавалі зрабіць узорным, але на мінулым тыдні на нарадзе ў Лукашэнкі экспэрымэнт ціха згарнулі, так і не дачакаўшыся плянаваных вынікаў.

Ільвіную долю ўвагі і свайго працоўнага часу Лукашэнка аддае сельскай гаспадарцы, лічыць яе амаль што галоўнай сфэрай эканомікі. Часткова гэта тлумачыцца тым, што ў гэтай сфэры, яе тэхналягічных працэсах ён трохі разьбіраецца.

Але насамрэч, доля сельскай гаспадаркі складае менш за 7% ВУП Беларусі, там працуе каля 9% занятых. Тым ня менш тэма гібелі цялятак апошнім часам найбольш займае ўвагу Лукашэнкі. На афіцыёзным інфармацыйным экране яна стала галоўнай праблемай краіны. І гэта ў эпоху штучнага інтэлекту.

Рэанімацыя савецкай практыкі

Аднак, здаецца, у галоўны парадак дня Беларусі цяпер выносіцца іншае пытаньне. Лукашэнка загарэўся ідэяй стварыць у кожным раённым цэнтры структуры па абслугоўваньні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Цяпер гэта называецца «райаграсэрвіс».

Ідэя ня новая. Ён ужо некалькі разоў яе абгаворваў, даваў адпаведныя заданьні. Напрыклад, падчас паездкі на Гомельшчыну ў красавіку ён наведаў ААТ «Мазыртэхсэрвіс» і заклікаў аднавіць дзейнасьць арганізацый «Сельгастэхніка», якія існавалі ў савецкія часы і займаліся абслугоўваньнем, рамонтам, забесьпячэньнем сельскагаспадарчых прадпрыемстваў тэхнікай і запаснымі часткамі. Ён запатрабаваў: «Нам трэба кроў з носа аднавіць сельгастэхнікі. Працаваць, працаваць і аднавіць у кожным раёне».

Такім чынам, Лукашэнка бярэ курс на аднаўленьне структуры кіраваньня сельскай гаспадаркай савецкіх часоў.

Кожнай гістарычнай эпосе адпавядаюць свае гаспадарчыя мэханізмы. Савецкі досьвед існаваньня структур, падобных да «аграсэрвісу», сягае ў часы калектывізацыі. Тады для абслугоўваньня калгасаў стварылі машына-трактарныя станцыі. У позьнія савецкія часы ў кожным райцэнтры існавала цэлая сетка спэцыялізаваных арганізацый, якія займаліся абслугоўваньнем калгасаў і саўгасаў: «сельгастэхніка», «сельгасхімія», ПМК і інш.

Валер Карбалевіч

Уся гэтая сыстэма дзейнічала ў межах плянава-дырэктыўнай эканомікі. Грошай не лічылі, эканамічная эфэктыўнасьць мала каго хвалявала. І цалкам лягічна, што з крахам савецкага ладу, пачаткам рынкавых рэформ у 1990-я гады ўсе гэтыя абслугоўваючыя арганізацыі былі ліквідаваныя праз эканамічную неэфэктыўнасьць.

Прайшоў час, аднак праблема эфэктыўнасьці сельскай гаспадаркі Беларусі так і не была вырашаная. Прыватнай уласнасьці на зямлю ў Беларусі не існуе, асноўнымі суб’ектамі ў аграрнай сфэры зьяўляюцца дзяржаўныя гаспадаркі. Ім няма за што купляць новую тэхніку, яны бедныя, стратныя.

І вось цяпер Лукашэнка нічога лепшага не прыдумаў, як вярнуцца да практыкі савецкіх часоў.

— Нам трэба тут зрабіць узорную тыповую сельгастэхніку — райаграсэрвіс у Шклове, каб паказаць усім, як павінна быць, — загадаў ён.

Рынкавыя мэханізмы, па сутнасьці, адкідваюцца, узмацняецца ручное кіраваньне.

— Рынак рынкам, але рэгуляваць і назіраць трэба, — кажа Лукашэнка. І загадвае: — Цэны павінны быць пад кантролем старшыні аблвыканкаму. Як мінімум старшыні райвыканкаму. Цэны павінны быць ня стратныя, павінен быць кантроль за затратамі, сабекоштам паслуг.

Выводзіць цэны з сабекошту паслуг — гэта штосьці з палітэканоміі сацыялізму, якую Лукашэнка вывучаў у часы сваёй маладосьці.

Ідэі-фікс Лукашэнкі дорага абыходзяцца краіне

Колькі будзе каштаваць новая ідэя-фікс Лукашэнкі, здаецца, ніхто не лічыў. А каштаваць будзе нямала. Гэта ж у кожным райцэнтры трэба стварыць новыя арганізацыі, пабудаваць адпаведную інфраструктуру, набыць тэхніку, набраць работнікаў. Хто будзе плаціць?

У Шклове комплекс будынкаў рамонтных майстэрняў пабудаваны кіраўніцтвам справамі прэзыдэнта. А ў іншых райцэнтрах, як можна зразумець з рэплікаў Лукашэнкі, расходы павінныя ўзяць на сябе заводы, які выпускаюць і абслугоўваюць сельгастэхніку. Гэта тыя самыя заводы (кшталту «Гомсельмашу»), якія сёньня існуюць, дзякуючы дзяржаўным датацыям.

Прычым, новая сыстэма ў Шклоўскім раёне яшчэ не запрацавала. Можа, варта было б правесьці экспэрымэнт, пачакаць, якія вынікі ён пакажа, і толькі потым маштабаваць праект па ўсёй краіне.

Але гэта ня ў стылі Лукашэнкі. Калі ён загараецца нейкай ідэяй, то загадвае адразу ж рэалізаваць яе па ўсёй Беларусі. Бо, як ён лічыць, правадыр ня можа памыляцца.

Праблема ў тым, што ва ўсіх сваіх дзеяньнях і разважаньнях Лукашэнка ня можа выйсьці за межы свайго ўласнага жыцьцёвага досьведу. Ён увесь час узгадвае, спрабуе рэалізаваць тое, што ён засвоіў у часы сваёй маладосьці.

Гэтая несучаснасьць Лукашэнкі, ягоная архаічнасьць у падыходах да гаспадарчых праблем, рэтраградзтва, насьцярожанасьць да прагрэсу, становіцца галоўным тормазам ня толькі палітычнага, але і сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)