Карбалевіч: «Беларусы яшчэ да канца не зразумелі, якую эпічную драму перажывае беларускі соцыюм»

Палітолаг Валер Карбалевіч – пра тое, як паралельна пачалі існаваць дзьве Беларусі.

– Падаецца, што беларусы яшчэ да канца не зразумелі, якую эпічную драму перажывае беларускі соцыюм, – піша Карбалевіч. – І пунктам адліку стаў усё той жа лёсавызначальны 2020 год.

Галоўная праблема палягае ў тым, што паралельна пачалі існаваць дзьве Беларусі, дыстанцыя паміж якімі з кожным днём пашыраецца. Гэта Беларусь у эміграцыі і лукашэнкаўская Беларусь. Яны падзеленыя ня толькі геаграфічна, а, што больш важна, каштоўнасна. Можна сказаць, што яны прадстаўляюць розныя цывілізацыі, сусьветы.

Справа нават ня ў масавай эміграцыі. Такія працэсы перажылі шмат якія народы, напрыклад, у нашым рэгіёне — Літва, Латвія, Малдова.

Адрозьненьне беларускай эміграцыі ня толькі ў тым, што яна палітычная, вымушаная. Гаворка пра якасьць чалавечага капіталу. Краіну пакідае найбольш адукаваная, дынамічная, актыўная частка грамадзтва. Можна канстатаваць, што зь Беларусі зьехала творчая эліта, інтэлектуальны і культурны цьвет нацыі.

Фактычна з 2020 году мы ўбачылі новую зьяву. Беларуская дыяспара стала важным чыньнікам палітыкі, грамадзянскай супольнасьці, уплыву на міжнароднае пазыцыянаваньне Беларусі.

Калі спрабаваць знайсьці гістарычныя аналёгіі, то можна параўнаць цяперашнюю беларускую сытуацыю з масавай эміграцыяй эліты з Расеі пасьля грамадзянскай вайны ці выезд культурнага слоя краіны ў часы нацысцкай Нямеччыны.

Цяпер можна назіраць новы этап. Дыяспара робіцца чыньнікам захаваньня беларускай ідэнтычнасьці, цывілізацыйнага коду нацыі. Вось, напрыклад, Беларуская Рада культуры і Дацкі інстытут культуры падпісалі кантракт з Эўракамісіяй аб падтрымцы беларускай культуры і мастацтва на 2 мільёны эўра.

Арганізацыі прэзэнтавалі праект «ArtPower Belarus: захаваньне беларускай грамадзкай прасторы праз культуру і мастацтва».

Важна адзначыць, што беларуская дыяспара раскіданая па розных краінах. Як трапна нядаўна заўважыў адзін экспэрт, беларусы сёньня — гэта Народ Ізраілеў.

Праблема яшчэ і ў тым, што лёгіка выжываньня беларусаў за мяжой прымушае іх адаптавацца да мясцовых умоваў той краіны, у якой яны жывуць. Зь цягам часу можа адбыцца іх асыміляцыя, як тое здарылася зь мінулымі хвалямі беларускай эміграцыі.

Захаваньне этнічнай ідэнтычнасьці эмігрантаў — важная задача грамадзянскай супольнасьці за мяжой.

Усё гэта адбываецца на тле катастрафічных працэсаў у самой Беларусі. Фармуецца таталітарная сыстэма без грамадзянскай супольнасьці, зь мілітарызацыяй грамадзкага жыцьця. У выніку разбурэньня інфраструктуры альтэрнатыўнай Беларусі адбываецца рост даверу да ўладаў.

Выкінуўшы праціўнікаў у турму ці эміграцыю, рэжым фармуе соцыюм падданых Лукашэнкі. У культурным пляне краіна хутка ператвараецца ў расейскую правінцыю.

Мэтанакіравана разбураюцца інстытуты, якія падтрымлівалі беларускую ідэнтычнасьць ці проста забясьпечвалі прыстойны ўзровень у розных сфэрах грамадзкага жыцьця. Гэта навука, адукацыя, бізнэс, спорт і інш.

Асабліва пацярпела культура. Ліквідаваны Купалаўскі тэатар, зьнішчана беларускае кнігавыдавецтва, музыкаў садзяць у турму і інш.

Сымбалямі, «народнымі героямі» гэтай Беларусі сталі пэрсанажы кшталту Азаронка і Мукавозчыка.

У ідэалёгіі штучна насаджаюцца наратывы «рускага сьвету» ў агрэсіўнай форме. Беларусаў ператвараюць у «рускіх з знакам якасьці». Улады разглядаюць саму ідэю беларускасьці ў этнакультурнай форме як варожую.

Ці хопіць у дыяспары сілаў, рэсурсаў, крэатыву падтрымліваць, захоўваць беларускую матрыцу, код беларускай нацыі, каб потым у спрыяльны момант перанесьці іх у Беларусь, на родную глебу? Адказ невідавочны. У гэтым і палягае сутнасьць беларускай драмы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.1(29)