Филин

Сяргей Васілеўскі

Гісторык: «Улада губляе ўсе тыя берагі, якія і раней былі вельмі ўмоўнымі»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч рассказаў Филину, чаму і як сённяшняя Беларусь вяртаецца да сталіншчыны.

— Святлана Ціханоўская ў сваёй прамове ў Сейме Латвіі расказала пра вяртанне сталінскага тэрору ў Беларусь. На яе думку, сённяшнія падзеі ва Украіне маглі б не адбыцца, калі б Захад больш рашуча павёў сябе з Лукашэнкам у 2020-м. Ці згодныя вы з такой думкай?

— Я згодны з тым, што калі б у 2020-м годзе нам удалося перамагчы, калі б Лукашэнка не застаўся пры ўладзе, то не было б і гэтых рэпрэсіяў, міжнароднай ізаляцыі, поўнай залежнасці ад Масквы, у тым ліку і ў ваеннай сферы.

Безумоўна, тут Ціханоўская мае рацыю, што ў той час вырашаўся ў тым ліку і лёс усяго рэгіёна, магчыма, Еўропы. Гэта магло б унесці карэктывы ў планы Пуціна, калі б беларуская рэвалюцыя здолела перамагчы.

Іншая справа, наколькі гэта было рэалістычна. Вы ведаем, што нават на падтрымку Украіны мабілізаваць Захад удалося не надта гладка. Ёсць шмат праблем, не ўсе ў Еўропе гатовыя аднолькава падтрымліваць украінцаў.

Вельмі сумнеўна, што заходны свет здолеў бы мабілізавацца супраць Лукашэнкі. Тым больш, улічваючы рашучасць Пуціна ў плане падтрымкі беларускага саюзніка, гаворка мусіла б ісці пра непасрэднае ўмяшальніцтва Захаду, бо адных санкцыяў тут наўрадці хапіла б.

Таму я перакананы, што тыя падзеі і праўда мелі непасрэдны ўплыў на тое, што мы маем праз два гады. Але не думаю, што ў Захада былі, калі рэалістычна глядзець, механізмы для забеспячэння перамогі беларускай рэвалюцыі.

— Тое, што адбываецца сёння ў Беларусі, прысуды за тры гадзіны, закрытыя суды, турма для ховрых на анкалогію — гэта ўжо нагадвае сталінскія тройкі з папраўкай на тое, што сёння не растрэльваюць, як у 1930-я?

— Вядома, паралелі тут напрошваюцца. Сапраўды, улада губляе ўсе тыя берагі, якія і раней былі вельмі ўмоўнымі. І прысуды робяцца ўсё больш жосткімі, хоць усё больш праходзіць часу і, здавалася б, тэрор павінен змякчыцца, калі чынны супраціў ужо фактычна задушаны і ўсё перайшло ў падпольны рэжым.

Але мы бачым адваротнае: і прысуды ўсё больш жорсткія, і людзей пачынаюць затрымліваць за падзеі 2020 года. Больша за тое, калі б чалавека затрымалі менавіта тады, два гады таму, то гэта яму пайшло б хутчэй на карысць. Бо калі тады за ўдзел у пратэстах давалі год-паўтара калоніі, то сёння могуць даць і пяць гадоў, і шэсць.

Відавочна тое, што рэжым робіцца ўсё больш брутальным. Ён плюе на ўсе працэдуры, якіх раней хоць бы фармальна прытрымліваўся. Чаго вартая толькі гісторыя журналіста Андрэя Кузнечыка, якому далі 6 гадоў калоніі і працэс над якім доўжыўся ўсяго тры гадзіны, хоць на гэта патрэбны значна большы час. А таксама закрытыя суды.

Прычына, пэўна, у тым, што ўлада не бачыць перад сабой ніякіх іншых апораў, акрамя як апоры на тэрор і жорсткую брутальнасць. Адбываецца запалохванне, каб ніхто не разлічваў на нейкія законы. Усё будзе карацца максімальна жорстка.

І я не ўпэўнены, што магчымасць кагосьці расстрэльваць за тэрарызм не будзе ў нейкі момант уключаная ў жыццё. Бо ўсялякія абмежавальныя рысы ўлады ўжо прайшлі.

І гэта менавіта ад адчування, што гэты гвалт — адзіная апора. Таксама ёсць адчуванне таго, што ў пэўны момант, калі для Пуціна будзе кепска складвацца сітуацыя на фронце, што можа выклікаць нейкія забурэнні ў Расіі, па аб’ектыўных прычынах падтрымка Масквы будзе скарачацца. І да гэтага моманту рэжым хоча зачысціць палітычнае поле нагэтулькі, каб ніхто нават піскнуць не здолеў. У пэўны момант, калі ўсё захістаецца.

Такая таталітарызацыя краіны адбываецца, на жаль. І ў гэтым плане такія паралелі дарэчныя.

— Часам паводзіны сілавікоў, прадстаўнікоў улады наводзяць на думку, што яны адчуваюць сябе акупантамі ў сваёй краіне. Як доўга можа доўжыцца такая акупацыя?

— Цяжка рабіць нейкія прагнозы. Хоць бы таму, што ў ХХІ стагоддзі ў нашым рэгіёне такога выпадку дакладна не было. Таму і паралелі нейкія складана правесці.

Фактычна, цяпер ставіцца эксперымент, які мы праходзім першымі.

Так, улады адчуваюць малую падтрымку ўнутры краіны, адкуль і гэтыя рэпрэсіі. Але ёсць пакуль што падтрымка знешняя. Падтрымка з боку Пуціна, з боку Расіі. Фактычна, Лукашэнку ўжо няма чаго губляць, ён паставіў усе свае карты на падтрымку крамлёўскага рэжыму, ён крытычна залежыць ад хода баявых дзенняў ва Украіне.

Ды і пуцінскаму рэжыму шляху назад асаблівага няма. Абодва рэжымы моцна звязаныя, і ад падзеяў у Расіі ды Украіне акурат залежыць і лёс беларускага рэжыму. Таму што ён можа загайдацца, калі аслабне Расія, калі там па нейкіх прычынах зменіцца рэжым.

— То бок, калі ім стане не да нас.

— Так, калі Крэмль будзе вымушаны звярнуцца да ўласных праблем. А гэта можа здарыцца тады, калі Пуцін сутыкнецца з сур’ёзнымі ўнутранымі праблемамі. Ці калі ягоным наступнікам давядзецца думаць не пра сферы ўплыву і сатэлітаў, а пра тое, як выйсці з сітуацыi, ў якую іх прывёў Пуцін, каб абыйсціся меншымі стратамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(21)