Гісторык: Сучасныя дзеці жывуць у іншым свеце. Ідэалогія для іх — штосьці далёкае
Аляксандр Пашкевіч — пра агучаныя міністрам адукацыі змены ў школе.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец анансаваў магчымыя новаўвядзенні ў школах. Так, у міністэрстве працуюць над увядзеннем з 1 верасня гэтага года «адзіных элементаў школьнага адзення для канкрэтнай установы». А з 2023-га не выключанае ўвядзенне абавязковай школьнай формы.
Неўзабаве ў школах могуць увесці абмежаванні па карыстанні школьнікамі мабільнымі тэлефонамі: іх можна будзе выкарыстоўваць толькі ў навучальных мэтах.
Акрамя таго пры школах будуць створаныя музеі або музейныя пакоі. Урачыстасці будуць суправаджацца гучаннем дзяржаўнага гімна і ўзняццем дзяржаўнага сцяга.
Пра агучаныя змены ў школах Филин пагутарыў з гісторыкам АляксандрамПашкевічам.
— На вашу думку, гэтыя новаўвядзенні ў школах — для чаго яны ўладам?
— Тут ёсць два моманты. Па-першае, ёсць устаноўка задзейнічаць усё што толькі можна для індакрынацыі дзяцей, каб нідзе не праточвалася іншая інфармацыя, каб увесь навучальны час, што яны знаходзяцца ў школе, уздзейнічаць на іх дзяржаўнай прапагандай.
Вядома, што жыццёвай, дзейснай ідэалогіі ў нас няма, сама прапаганда дастаткова прымітыўная, не надта цікавая маладому пакаленню. Улады і самі гэта адчуваюць. Таму, напэўна, думаюць, што калі не ўдаецца ўзяць якасцю, то атрымаецца колькасцю. Спадзяюцца, відаць, што колькасць перарасце ў якасць, калі яе пусціць такой несупыннай плынню, то гэта будзе даваць нейкі плён.
Думаю, гэта галоўная прычына. А другая прычына ў тым, што ў нас ёсць адказныя за працу з дзецьмі, прызначаныя на гэтыя пасады. І яны мусяць дэманстраваць сваю актыўнасць, каб было відаць, што яны працуюць. Вось яны і прыдумляюць такія мерапрыемствы, каб іх начальства ацаніла і ўзнагародзіла. Ці, прынамсі, не мела прэтэнзій.
— Калі не лічыць мабільнікі, усё гэта мы ў той ці іншай ступені праходзілі ў савецкай школе. Але цяпер на двары 2022 год, ці можна сёння дабіцца падобных мэт?
— Не думаю, што гэтыя захады могуць быць эфектыўнымі ў сучасных умовах. Гэта, па вялікім рахунку, прыдумляюць людзі, якія ментальна засталіся ў іншай эпосе. Такія ініцыятывы найперш павінны імпанаваць самому Лукашэнку, які выгадаваўся ў савецкія часы на падобных артэфактах, на тым, як тады праводзілася выхаваўчая дзейнасць.
Ён і сам пра гэта часта гаворыць, маўляў, трэба вярнуць тую сістэму, бо яна нібыта працавала. І некаторыя ягоныя паплечнікі недалёка ад яго ў гэтым плане адышлі. Таму і ідуць чыноўнікі шляхам найменшага супраціву, і вяртаюць усе гэтыя атрыбуты для таго, каб паказаць гэтаму чалавеку, што стараюцца і прымаюць адпаведныя меры.
Ці будуць эфектыўнымі падобныя меры цяпер? У савецкія часы ўсё гэта грунтавалася на досыць вялікай базе. Існаваў цэлы выхаваўчы комплекс, які ўключаў і дзіцячыя фільмы, і кнігі. Сістэма, пабудаваная на камуністычнай ідэалогіі, суправаджала чалавека ледзь не ад нараджэння — спачатку ў дашкольным выхаванні, у садках, потым у школах. І гэтая сістэма існавала фактычна ў манаполіі на інфармаванне з боку дзяржавы.
Таму гэта тады някепска працавала, што датычна задурвання галоў дзяцей. Але нават тады гэта было даволі павярхоўна, асабліва ў апошнія гады існавання СССР, якія мы з вамі заспелі.
Цяпер жа не ўлічваецца той момант, што дзеці сёння зусім іншыя. Яны выраслі ў інфармацыйным грамадстве, пры наяўнасці інтэрнэту, усё новых і новых гаджэтаў. Яны жывуць зусім у іншым свеце, я не думаю, што на сучасных дзяцей такія захады неяк будуць уплываць. Таму што яны сацыялізуюцца праз іншыя механізмы, сучасныя. І для іх усё гэта проста далёка.
Сённяшнія дзеці зусім не такія, якімі былі ў свой час тыя, хто сёння прапануе ўсе гэтыя змены. Тады, магчыма, не так адчувалася розніца, бо не было яшчэ змены парадыгмы з індустрыяльнага грамадства на постындустрыяльнае, інфармацыйнае. Іншымі словамі, дзеці 50-х ад дзяцей 80-х не так моцна адрозніваліся, як адрозніваюцца дзеці сучасныя.
Каб сапраўды мець поспехі ў індакрынацыі дзяцей, трэба звяртацца не да старых метадаў, а апаноўваць інтэрнэт-прастору, ствараць ідэалагічна вывераны прадукт на новых платформах, каб выклікаць зацікаўленасць у дзяцей.
Але я сумняваюся, што нашым уладам гэта па сілах, улічваючы тое, што і раней ім нічога падобнага не ўдавалася зрабіць. Не думаю, што атрымаецца і цяпер. Бо на гэтым полі яны ад самага пачатку прайграюць канкурэнтам. І СМІ, і прапаганда.
Кантэнт для дарослых быў увесь час неканкурэнтаздольны, а што ўжо для дзяцей было створана дзяржавай, каб гэта было не прадметам для кпінаў, каб сапраўды карысталася папулярнасцю сярод дзяцей і падлеткаў, я нават і не ведаю.
Хіба што наступіць такі этап, калі ўлады вырашаць адсячы ўвесь інтэрнэт у Беларусі і пачнуць дзейнічаць старымі спосабамі ва ўмовах адсутнасці канкурэнцыі, тады, напэўна, і можна будзе казаць пра магчымасць шчырай, а не паказной індакрынацыі.
Цяпер жа, я думаю, дзеці будуць проста адбываць нумар, удзельнічаць у мерапрыемствах, але гэта наўрад ці вырашыць праблему для ідэолагаў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное