Неабыякавыя

Марына Міхайлава

Ганна Федаронак: «Калі мне дрэнна, пачытаю «кніжку выпускнікоў» шэлтара – слёзы высахлі і рушу далей»

Заснавальніца беларускага шэлтару ў Варшаве, кіраўнічка фонду «Прытуляй мяне» распавяла «Салідарнасці» пра бязмежную ўзаемападтрымку, канапнае «экстрэмісцкае фармаванне» і якой будзе новая Беларусь.

Чатыры гады таму, у красавіку 2022-га, палітуцякачка Ганна Федаронак, якая сама яшчэ не адышла ад падвойнай эміграцыі (з Беларусі ва Украіну, а адтуль у Польшчу) пры падтрымцы беларускай дыяспары адкрыла ў Варшаве шэлтар. Прытулак, падтрымку і бяспеку ў ім знаходзілі такія ж уцекачы — украінцы і беларусы, вымушаныя бегчы ад вайны і пераследу.

Шэлтар. Усе здымкі з архіву суразмоўніцы

Сёння спадарыня Ганна кіруе не толькі шэлтарам, але і дабрачыннай фундацыяй, мэты якой значна шырэйшыя, а праз прытулак прайшлі ўжо больш як 400 чалавек. І гэтая плыня не спыняецца: едуць нядаўна вызваленыя і цэлыя сем’і.

Пра тое, як змяніўся шэлтар і яна сама, прафілактыку выгарання, бязмежную беларускую ўзаемападтрымку і гумар як зброю Ганна Федаронак распавяла ў вялікай гутарцы з «Салідарнасцю».

«Думала: калі толькі змагу, абавязкова адкрыю дом для пацярпелых жанчын»

— Калі б у красавіку 2022-га вам сказалі, што шэлтар будзе працаваць чатыры гады і далей, што жыхарамі яго стануць сотні чалавек — ці паверылі б?

— Ведаеце, тады я была ў такім стане, што збіралася хоць заўтра ехаць дадому. Мабыць, яшчэ і ў 2023 годзе была надзея, што вось-вось нешта палепшыцца, і мы ўсе вернемся. Таму, калі мы адчыняліся, я лічыла, што гэта часовая патрэба… Цяпер ужо не лічу. Бо рэпрэсіі не сканчаюцца, робяцца толькі горшымі.

Надзея, вядома, ёсць і сёння, без надзеі цяжка жыць. Але ўжо разумею, што калі нешта робіш, трэба планаваць на будучыню. І калі летась мы з былой палітвязынкай Алесяй Буневіч стваралі дабрачынны фонд «Прытуляй мяне», то ў статуце прапісалі не толькі  першачарговую дапамогу палітвязням, але і наперад — дапамогу самотным жанчынам, пенсіянерам, іншым людзям, якія апынуліся ў цяжкім стане.

Як будзе такое шчасце, такое дзіва, што ўсе палітвязні выйдуць на волю (мабыць, толькі тады, як рэжым гэты зваліцца), працаваць фонд будзе і далей. Бо ёсць мноства ўразлівых груп, якім патрэбная падтрымка. У тым ліку маці з дзецьмі, жанчыны, якія пакутуюць ад хатняга гвалту.

Ведаеце, я сама жыла з першым мужам 14 гадоў — гвалт быў такі, што зараз успамінаць не хочацца. А я жыла ў невялічкім пасёлку Варапаева на Віцебшчыне, мо, у горадзе і былі нейкія прытулкі, але ў нас не. Каб было куды пайсці, то можа, я і не заставалася б у няспынным гвалце 14 год, не мучыла сябе і свайго дізцёнка.

І заўжды думала: калі толькі змагу, абавязкова адкрыю такі дом для пацярпелых жанчын, таму што і я прайшла праз усё гэта. Цяпер такі дом ёсць — у Польшчы.

Ён для палітвязняў, а таксама для іх сем’яў, бо многія выязджаюць адразу сем’ямі, каб не заставацца ў вялікай турме, у якую ператварылася наша краіна.

Літаральна днямі да нас прыехаў хлопец з Беларусі, яго вывез BYSOL. Кажа: за апошнія трое сутак я паспаў хіба 6-7 гадзін. Так мы яго пакармілі і адправілі адсыпацца — потым ужо будзем займацца дакументамі, легалізацыяй. Галоўнае, што чалавек цяпер у бяспецы.

«24/7 чыстае валанцёрства». І пры чым тут коцікі

Першы год шэлтар падтрымлівалі італьянскія прафсаюзы — вылучылі фінансаванне на падтрымку ўкраінскіх і беларускіх маці з дзецьмі, якія ўцякалі ад вайны. Потым гэты праект скончыўся, грашовая падтрымка па ўсёй Еўропе істотна зменшылася, і беларускі прытулак аказаўся пад пагрозай закрыцця.

— А людзі ўсё ехалі і ехалі, ім патрэбнае было жытло і дапамога на першы час, і я разумела, што шэлтар проста неабходны, — прыгадвае Ганна Федаронак. — Для мяне ж прытулак за гэтыя гады стаў не проста працай, а кавалкам жыцця. Тады мы здымалі відэазвароты, з дапамогай дыяспары сабралі грошы.

Потым нас узяла пад сваё крыло ініцыятыва ByHelp, мы лічыліся іхнім прытулкам, а я працавала дырэктаркай і каардынатаркай непасрэдна на месцы. Але так сталася, што ў кастрычнкіу 2025 года і іхнае фінансаванне скончылася, мы зноў апынуліся на мяжы закрыцця.

Мы звязаліся з Міжнародным гуманітарным фондам. На круглы стол з удзелам беларускіх ініцыятыў прыехала з Хельсінкі кіраўнічка МГФ, яны на свае вочы пабачылі, як гэта працуе, і вырашылі, што будуць нас падтрымліваць.

Для гэтага, згадвае спадарыня Ганна, і спатрэбілася стварыць юрыдычную асобу: каб звяртацца да партнёраў не проста як беларуска і актывістка, а як прадстаўніца фундацыі. Так і з’явіўся фонд «Прытуляй мяне». Назву яму даў пяшчотны радок з песні NaviBand, а «тварам» сталі сама Ганна Федаронак, былая палітвязынка Алеся Буневіч і… коцікі. Дакладней, беларусы-коцікі з карціны мастачкі Вольгі Якубоўскай.

— Міжнародны гуманітарны фонд узяў на сябе асноўныя выдаткі шэлтара: арэнду дома (каля 3000 еўра штомесяц) і аплату камунальных паслуг (за зіму толькі газ абышоўся прыкладна ў 2000 еўра). Але ёсць мноства іншых рэчаў, якія мусім закрываць самі. І пры афармленні фундацыі ўсім юрыстам, натарыусам плацілі самі. Дый цяпер бягучыя патрэбы на нас.

Мы — гэта я, кіраўнічка, і Алеся, мая намесніца. Яшчэ ёсць надзорчая рада, каторая адсочвае, каб нашая праца была празрыстай. І калі нехта думае, што ў нас грашовыя пасады, то не: восьмы месяц мы з ёй працуем без заробку, 24/7 чыстае валанцёрства.

Пры тым, што ў мяне ёсць іншая праца, на прыбіранні, а Алеся працуе ў шэлтары адміністратаркай і вучыцца па праграме Каліноўскага. Калі нейкія бягучыя патрэбы — па прадукты ехаць, рэчы забраць, людзей адвезці — карыстаемся Алесіным мінівэнам, запраўляемся за свае грошы.

Спадарыня Ганна ўдакладняе: гэта не спроба паскардзіцца — але адказ тым, хто лічыць, нібы беларускія ініцыятывы спрэс «сядзяць на грантах»:

— Калі ласка, станьце на маё месца, прайдзіце гэты шлях, пакаштуйце знутры кухню — і, напэўна, не будзеце тады лічыць, што ўсё само па сабе робіцца. Гэта насамрэч вельмі складана ,часам сама здзіўляюся, азіраючыся назад, як у нас атрымалася. Але цяпер —фундацыя ёсць, юрыдычны рахунак зарэгістраваны (што было асобным квэстам для беларускага фонду).

І калі хто жадае і для вас гэта бяспечна, нашу працу можна падтрымаць. Рэпост, данат, словы падтрымкі — кожная дапамога важная. І мы за яе ўсім, хто спрычыніўся, вельмі ўдзячныя.

— Пасля таго, як шэлтар наведала Святлана Ціханоўская, — гэта паспрыяла, каб з’явілася сталае фінансаванне?

— Я хачу сказаць ёй вялікі дзякуй, бо Міжнародны гуманітарны фонд, які працуе з намі і падтрымлівае, ад пачатку ініцыявала яна. Але ж у яе няма ў кішэнях грошай, каб прыехаць да нас і пакласці на стол — так гэта не працуе. А вось тое, што пра нас ведаюць на міжнародным узроўні, што ёсць упэўненасць у гэтай дапамозе і ў заўтрашнім дні — вялікая справа.

«Карагоды вадзілі, Марэну палілі — усё як мае быць»

Але шэлтар — гэта больш, чым трохпавярховы дом і дах над галавой для ўцекачоў, гэта яшчэ асаблівая атмасфера салідарнасці, рэчавая дапамога, традыцыі працы і святаў талакой.

— Шэлтар — гэта кавалачак Беларусі і наша вялікая сям’я, — проста гаворыць «Салідарнасці» Ганна Федаронак. — Людзі, якія выязджаюць з дома, знаходзяць працу, жытло — яны да нас прыязджаюць у госці, як родныя.

Цягам усіх гэтых гадоў застаемся на сувязі з кожным, хто тут жыў. Тыя, хто ўжо ўладкаваўся, прывозяць рэчы і прадукты для новых жыхароў. Калі ў срнежні было масавае выдварэнне з краіны вызваленых палітвязняў, і мы засялялі многа людзей — да нас прыходзілі і прыязджалі з сумкамі прадуктаў!

— Чула, што ёсць адмысловая «кніга выпускнікоў», у якой былыя жыхары пакідаюць свае ўражанні.

— Так, і яе можна чытаць, як мастацкі твор, а без слёз раскрываць немагчыма: там такія цёплыя словы, такія падзякі… Я дакладна захаваю гэтую кнігу для нейкага музея.

Яшчэ ў нас усе чатыры гады ёсць склад гуманітарнай дапамогі. Калі па першым часе там была ў асноўным дзіцячая вопратка, то зараз просім больш прыносіць мужчынскую і жаночую адзежу ў добрым стане. Раздаем гэтыя рэчы не толькі жыхарам шэлтара, але і іншым беларусам-эмігрантам, якім гэта патрэбна.

Што да традыцый — у нас ёсць дзяўчаты, якія вельмі класна спяваюць. У Вільні калектыў «Світанак», а дачка Марыны Стунеўскай, кіраўнічкі, жыве тут, і таксама дзівосна спявае. Яны з сяброўкамі прыязджаюць да нас — з народнымі строямі, народнымі песнямі, абрадамі. Вось нядаўна вясну гукалі, карагоды вадзілі, Марэну палілі — усё як мае быць.

Нярэдка нешта робім талакой, ладзім сумесныя святы, каб беларусы, якія апынуліся ў Польшчы, не гублялі сваіх каранёў. Штогод 1 чэрвеня я раблю Дзень дзяцінства з салодкім сталом і анімацыяй для дзяцей палітвязняў. І запрашаем заўжды ўсіх колішніх жыхароў…

А адна беларуская сям’я, якая мае ў Варшаве фудтрак, на кожнае свята прыязджаюць і частуюць гасцей адмысловымі смачнымі вафлямі.

Нядаўна да нас завітала амбасадарка і супрацоўнікі дыпмісіі Канады — былі вельмі ўражаныя. Спадзяемся, можа з гэтай сустрэчы атрымаецца нейкае супрацоўніцтва. Наогул, шмат цікавых гасцей было: і Павел Латушка, і Піт Паўлаў, і еўрапейскія і беларускія журналісты.

Неўзабаве плануем зладзіць сустрэчу з былымі палітвязнямі, каб распавесці, што такое Каардынацыйная Рада, наколькі ім гэта патрэбна.

«Беларусь будзе вольнай! Гэта тое, у што я веру»

— Праца, шэлтар і яго патрэбы, падтрымка былых палітвязняў, палітычная і грамадзянская актыўнасць, блогерства — выглядае, што на гэта трэба не 24 гадзіны, а ўсе 48. Мо, падзеліцеся рэцэптам, адкуль браць сілы?

— Яшчэ ёсць непаўналетняя дачка, якая жыве са мной, і двое амаль дарослых унукаў, я ж бабуля і мама ў адным флаконе, — са смехам дадае спадарыня Ганна. — Што дае сілы? Не ведаю нават. Мабыць, мой склад характару. Бо і ў жыцці, і ў працы было ўсяго — здаралася, што і апускаліся рукі, плакала і хацела ўсё кінуць. Але заўсёды было нешта такое, што матывавала працягваць. То дзеці засталіся без мамы — трэба іх уладкаваць, потым сыйду, то нейкая іншая задачка — трэба скончыць, нельга ж так кінуць. А зараз думаю: напэўна, гэта лёс мяне вёў.

Бо ўся гэтая актыўнасць — для мяне не цяжкая. Вось праўда, чым больш кручуся-вярчуся, тым больш разумею, што мне гэта падабаецца, і не тое што не стамляюся, але, ва ўсякім разе, хвароба Альцгеймера не пагражае (Смяецца).

І яшчэ ж фізічныя нагрузкі. Два разы на тыдзень цягаю штангі і гантэлі ў спортзалі — гэта дапамагае скінуць увесь негатыў ды стрэс. Ды і каб працаваць, бегаць цэлы дзень, трэба мець здароўе, вось падтрымліваю.

А псіхалагічна разгрузіцца — людзі, вядома, дапамагаюць. Разуменне таго, што я не адна, Алеся цудоўная каляжанка. Мае дзеці, унукі, кніжка «выпускнікоў» шэлтара. Калі мне дрэнна, пачытаю яе — слёзы высахлі і рушу далей.

— Мастачка Вольга Якубоўская стварыла кранальны «групавы партрэт» гаспадыні і жыхароў шэлтара — ці даехала да вас ужо тая карціна з коцікамі?

— Я збіралася была паехаць у Кракаў, сустрэцца з Вольгай на выставе, і яна хацела падараваць мне тую карціну. Але дачка меншая была захварэўшы, і тая паездка не адбылася. Так што цяпер Вольга плануе да нас завітаць увесну, вельмі хочацца абняцца жыўцом, і каб мама-котка з кацянятамі, якая ўжо стала сімвалам нашага дома, заняла пачэснае месца ў ім.

А пакуль карціна ўпрыгожыла «альбом выпускнікоў». Таксама робім з гэтымі кацянятамі пасты ў сацсетках — яны вельмі мілыя, бяруць за сэрца.

— Не магу не запытацца пра вашых «Лукашолак» Галю і Ніну, якія ў пазнавальнай манеры вясковых бабуль абмяркоўваюць беларускія ды сусветныя навіны. Як з’явілася гэтае творчае альтэр-эга, ці гэта збольшага аддушына, ці сродак барацьбы з прапагандай, палітычная сатыра?

— І тое, і другое. Калісьці, ужо больш чым 30 год таму, я вучылася ў Інстытуце культуры ў Мінску, на рэжысёрскім факультэце. Але не працавала ніколі ў гэтай галіне, была прадпрымальніцай. Аднак недзе ўнутры марыла паспрабаваць. І ў 2021 годзе, гэта быў кавід, мы са Змітром Лупачом рабілі на NEXTA перадачу «Палата № Жэсць», вось там упершыню з’явілася Галя, у яе тады быў напарнік дзед Грыша.

Потым зразумела: пераслед, эміграцыя… Але гады паўтара таму вырашыла адрадзіць гэты брэнд. Але маленькія кавалачкі відэа не падабаліся, хацелася рабіць большыя серыі. І з аднаго боку, гэта насамрэч аддушына, тое, чым я марыла займацца з маладосці. А з другога, гумар і сатыра — сродак барацьбы з гэтым рэжымам.

Цяпер пішу сама сцэнары, як рэжысёрка збіраю самы крынжовы матэрыял, рыхтую новыя выпускі. Людзі пішуць: давайце даўжэйшыя выпускі, але фізічна часу нестае.

А ўлады — як водзіцца, прызналі канал «экрстрэмісцкім фармаваннем» — дзве бабкі на канапе, а цэлае фармаванне, уяўляеце. У мяне за бабу Галю, мабыць, пяць крымінальных спраў (а ўсяго разам — каля 19, ужо і маёмасць арыштаваная, і хутка будзе, напэўна, суд завочны).

Затое — пра нас пісалі ў New York Times. Мне прыслалі газету са здымкам, дзе мы з Нінкай сядзім на канапе — так нас у Амерыцы ў газеце прапячаталі. Вось яна, слава (Смяецца).

— То спытаюся і ў вас, і ў бабы Галі: якой, на вашу думку, будзе Беларусь будучыні?

— Канешне, Беларусь будзе вольнай! Гэта тое, у што я веру, у чым упэўненая на 100%. Я ж вядзьмарка, таму ведаю дакладна і тое, што вярнуся ў Беларусь, і што наша краіна будзе — вольная, класная, еўрапейская, прагрэсіўная.

Бо ў нас вельмі таленавітая моладзь, вельмі шмат прагрэсіўных людзей, геаграфічнае становішча выгаднае. Толькі трэба змяніць гэты рэжым. І Беларусь будзе квітнець. Напэўна, я яшчэ не памру, пабачу гэта ўсё.

Сёння нам вельмі важна захоўваць сябе, дапамагаць сваім, зберагчы нашую беларускасць паўсюль, дзе мы жывём. Каб потым, калі новая Беларусь народзіцца, у яе быў гэты падмурак і досвед не толькі камуністычна-савецкага мінулага, а — сапраўднага, нашага.

Каб у свеце нас не раўнялі з Расеяй і ведалі, што Беларусь — гэта не Лукашэнка. Каб краіны-суседкі ганарыліся, а не баяліся такога суседства. І я ведаю, што Беларусь — будзе такой.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(10)