Филин

Сяргей Васілеўскі

Фрыдман: Узнікае пытанне – можа ад Гулевіча пазбавіліся прэвентыўна?

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у каментары Филину разважае пра «справу 104» і дзіўны збег ваенных абставінаў.

— Следчы камітэт пагражае забраць нерухомасць у 104 удзельнікаў святкавання Дня Волі за мяжой. Усе кааліцыі, якія балатуюцца ў Каардынацыйную раду, прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Гэтыя ды іншыя ініцыятывы рэжыму выглядаюць спробай знішчыць палітычнае жыццё дыяспары.

Гэта страх перад беларусамі замежжа, прызнанне іх значнасці, ці банальная помста?

— Я бы разглядаў гэтыя падзеі з некалькіх ракурсаў. Па-першае, тое, што падкрэслівае той жа Павел Латушка. Сапраўды, калі ў беларусаў за мяжой прысутнічае самакрытыка наконт таго, што ў нас нічога не атрымліваецца, што мы ні на што не ўплываем, то адказ на гэта дае сам рэжым.

Калі б гэтыя выбары ў Каардынацыйную раду нічога не азначалі, як і палітычныя акцыі, акцыі салідарнасці, якія адбываюцца ў Вроцлаве, Батумі і Берліне, калі б гэта ўсё сапраўды нічога не значыла, дык навошта ўсе гэтыя рухі з боку рэжыма?

То, напэўна, гэта ўспрымаецца рэжымам як нешта сур’ёзнае. Але я б тут сказаў, што ўлады хутчэй перастрахоўваюцца ў дадзеным выпадку.

У тым сэнсе, што шок ад падзей 2020 года быў такі моцны, што яны прызвычаіліся рэагаваць на падобнае адразу рэзка і без папярэджання. Яны дзейнічаюць прэвентыўна, каб людзі не падняліся. І, напэўна, перабольшваюць вагу і выбараў у КР, і пратэстных акцый.

Другі момант — відавочна, што гэта помста. Да тых людзей, што сёння ў Беларусі, яны могуць дацягнуцца. А да тых, хто за мяжой, не могуць. І таму вось гэтае жаданне хоць неяк паквітацца, неяк адпомсціць, зрабіць непрыемна, яно прысутнічае.

Трэці аспект эканамічны. Тут ім неабходна падрыхтаваць адпаведную юрыдычную глебу, каб потым канфіскаваць маёмасць. Каб яе сабе пасля прысвоіць. Гэта таксама трэба ўлічваць.

І адзначу чацвёрты момант. Гэта логіка функцыянавання спецслужбаў ды іншых карных органаў рэжыма Лукашэнкі. Ім трэба працаваць, дэманстраваць вынікі.

І паколькі ўнутры краіны ім ужо амаль няма чаго рабіць, усё зрабілі і ўсё зачысцілі, ім трэба пачынаць працаваць за межамі краіны. Трэба даваць вынікі, бо ім акурат за гэта і плацяць.

— Так урэшце можна пераключыцца і на пошук ворагаў сярод сваіх.

— Гэта логіка сістэмы, яна павінна працаваць. А гэта азначае, што калі яны знайшлі ўсіх ворагаў унутры краіны, знойдуць усіх ворагаў за мяжой, то ім давядзецца пераключыцца на пошук ворагаў у самой сістэме.

Гэта сама логіка сістэмы, так яна працуе. І гэта, напэўна, будзе наступны этап.

— У Беларусь могуць вярнуцца расійскія войскі, а на парадзе 3 ліпеня па мінскіх вуліцах праедуць расійскія «Іскандэры». Пра што гэта сведчыць? І ці звязаныя між сабой гэтыя падзеі?

— Я б у гэты ланцужок дадаў яшчэ адну падзею — адстаўку генерал-маёра Віктара Гулевіча з пасады начальніка Генштаба Узброеных сіл. Але пачну з «Іскандэраў».

Для Лукашэнкі гэта магчымасць прадэманстраваць, што ён кіруе ядзернай краінай. Гэта абсалютна тая ж логіка, што і ў Пуціна, які такія парады праводзіць.

Так што Лукашэнка тут гэты момант запазычвае. Ён хоча прадэмастраваць сваю магутнасць. Гэта хутчэй сімвалічны крок, але з іншага боку ён дазволіць Лукашэнку патрапіць на старонкі міжнароднай прэсы. А гэта акурат тое, што яму ў сённяшніх умовах і патрэбна.

Што датычыць паведамлення супольнасці беларускіх чыгуначнікаў пра магчымае вяртанне войскаў РФ у Беларусь, то яно ўжо пачынае разлятацца па свеце.

Сёння я чытаў пра гэта ў Newsweek. Там, праўда, не было нейкіх уласных інсайдаў, толькі спасылка на тых жа чыгуначнікаў і «Беларускі Гаюн».

Трэба чакаць, што неўзабаве могуць з’явіцца нейкія падрабязнасці ад амерыканскіх спецслужбаў, якія відавочна адсочваюць гэтую сітуацыю.

Цяпер наступны момант. Калі з’явілася гэтае паведамленне? Пасля таго, як Лукашэнка вярнуўся з Масквы, дзе яны з Пуціным, як ён сам прызнаўся, абмяркоўвалі сітуацыю ва Украіне. Украінская тэма была ключавой на гэтых перамовах.

І гэта ўсё адбываецца адначасова з наступам у Харкаўскай вобласці.

Пры гэтым большасць аналітыкаў сыходзіцца ў тым, што гэта відавочна не галоўны наступ, не ключавы накірунак для расійскіх войскаў. Што галоўны разлік на расцягванне фронту, адцягванне ўкраінскіх сілаў і, адпаведна, на атрыманне шанцаў палепшыць свае пазіцыі на Данбасе.

У гэтым кантэксце ўзнікае пытанне — якім чынам тут будзе выкарыстаная Беларусь. І тут, канечне, лагічным выглядае накіраваць сюды частку войскаў і праз пэўны час паставіць іх на мяжы з Украінай, каб украінцы вымушаныя былі накіраваць сюды дадатковыя сілы для прадухілення прарыву на кіеўскім напрамку.

Бо тут гісторыя якая? На прыкладзе Харкава мы чулі, што ўкраінцы ўмацаваліся тут, што ніхто не мусіў прайсці. А ў выніку мы бачым, што расійская армія прасунулася на гэтым напрамку. І прасунулася адносна невялікімі сіламі.

Цяпер, што тычыцца Гулевіча ў гэтым кантэксце. Гэта цікавы момант. Што мы пра яго ведаем? Афіцыйны погляд кажа нам, што гэта абсалютна лаяльны афіцэр, з якім не ўзнікала ніякіх пытанняў.  

Пра нейкую апалу гаварыць не даводзіцца хоць бы таму, што ён быў дэлегатам на УНС і даваў каментары дзяржаўным тэлеканалам. Таму знешне не выглядае, што ён патрапіў у няміласць і ад яго вырашылі пазбавіцца.

Так, ён дасягнуў 55-гадовага ўзросту, Лукашэнка мог адправіць яго ў адстаўку, і нават мусіў. Але ён мог і пакінуць яго на службе. Тым больш, што не выглядала на тое, што Гулевіч можа пакінуць сваю пасаду. У сакавіку, напрыклад, ён лятаў з афіцыйным візітам на Кубу. Так ці інакш, ад яго пазбавіліся.

Пазбавіліся ад чалавека, які на пачатку паўнамаштабнай вайны вёў перамовы з амерыканцамі — яму тэлефанаваў кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША Марк Мілі.

Ад чалавека, які рашуча супраціўляўся, як вядома з публікацыі «Нашай Нівы», больш глыбокаму ўцягванню Беларусі ў вайну. І тут узнікае пытанне на гэты конт: можа ад Гулевіча пазбавіліся прэвентыўна?

Каб не мець праблемаў. Бо хто яго ведае, калі прыйдзецца заходзіць у вайну ў той ці іншай ступені, а Гулевіч гэты загад не выканае, ці будзе супраціўляцца і займацца сабатажам такога загада?

Магчыма, гэта не тая фігура, якая сёння патрэбная Лукашэнку на пасадзе начальніка Генштаба. І што тут важна яшчэ сказаць: Гулевіч пайшоў у адстаўку 9-10 мая, а сёння ўжо амаль тыдзень прайшоў, а новага кіраўніка Генштаба афіцыйна ўсё яшчэ няма. 

Ва ўмовах блізкіх да вайны, як падкрэслівае Лукашэнка, усё гэта выглядае вельмі сумнеўна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.6(47)