Филин

Сяргей Васілеўскі

Фрыдман: Гісторыя пра беларускіх партызанаў у Мачулішчах усё больш адкладваецца ў галовах людзей на Захадзе

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман расказаў Филину пра галоўных бенефіцыяраў гісторыі з расійскім самалётам.

Аляксандр Фрыдман

— Беларускія ўлады маўчаць пра інцыдэнт з расійскім самалётам у Мачулішчах, а што на Захадзе? Як апісвае гэтую падзею прэса, што кажуць эксперты?

— Калі казаць пра рэакцыю, то на Захадзе мы цяпер паступова пераходзім на другі ўзровень. На першым узроўні была агульная інфармацыя без нейкага аналізу. Гэта былі звесткі, агучаныя Аляксандрам Азаравым, іх вельмі аператыўна апублікавалі. І калі стала вядома, які гэта можа быць самалёт, гэта толькі ўзмацніла цікавасць да гэтай гісторыі.

Пры гэтым у дадзеных публікацыях слушна падкрэслівалася, што гэта інфармацыя ад беларускіх дэмакратычных сілаў, якую немагчыма ні пацвердзіць, ні абвергнуць, нельга праверыць з дапамогай незалежных крыніц.

Таму для ўсіх, хто засвяціўся ў гісторыі з самалётам, гэта быў вельмі ўдалы піяр-крок. Гэта, напрыклад, тычыцца Азарава, які на Захадзе быў практычна невядомы да апошняга часу. Ці дарадцы Ціханоўскай Франака Вячоркі, якога цытавалі заходнія СМІ.

У панядзелак, у другой палове дня, паступова пачала прыходзіць аналітыка, было шмат публікацый у нямецкіх, брытанскіх, французскіх, амерыканскіх СМІ. Нямецкі канал ZDF свой сюжэт пачаў з таго, што гэта найбуйнейшая разавая параза расійскай арміі пасля патаплення крэйсера «Масква».

І там таксама выкладалася беларуская версія, бо іншых няма. Беларускі бок маўчыць (словы намесніка міністра замежных спраў Амбразевіча я бы не стаў расцэньваць сур’ёзна), маўчыць Крэмль, не выказваецца асабліва Украіна. Аляксей Арастовіч выказаўся, але ён падтрымаў беларускую версію. Украінцы галоўным чынам разважаюць пра сам самалёт, але не пра тых, хто да гэтага можа мець дачыненне. Афіцыйных заяў няма.

Учора ўжо выказваліся ідэі пра тое, што ў заходніх спецслужбаў павінны з’явіцца спадарожнікавыя здымкі, якія дадуць зразумець, што ўсё ж адбылася ў Мачулішчах. І тады будзе больш інфармацыі з заходняга боку.

Пакуль жа быў аналіз ад амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, але там гаворка галоўным чынам ішла пра сам самалёт. Сёння брытанская разведка фактычна паўтарыла беларускую версію, дадаўшы, што ў Расіі засталося яшчэ шэсць такіх самалётаў. Newsweek паведаміў, што сілы расійскай Супрацьпаветранай абароны аддадзеныя пад камандаванне Сяргея Суравікіна.

Большай канкрэтыкі пакуль што няма, трэці дзень фактычна прасоўваецца версія пра тое, што гэта былі беларускія партызаны. І я думаю, што гэты момант усё больш адкладваецца ў галовах людзей, якія сочаць за падзеямі.

І гэта таксама ўзмацніла цікавасць да Беларусі. Таму незалежна ад таго, якая версія ў рэшце рэшт стане галоўнай, версія пра тое, што гэта здзейснілі прадстаўнікі беларускага вызвольнага руху, назавём яго так, таксама застаецца.

 — Натуральна, гэта гучная, але пакуль што разавая акцыя. І ўсё ж, як яна паўплывала на вобраз беларусаў, сур’ёзна сапсаваны вайной?

— Я б тут адзначыў два моманты. Па-першае, усе гэтыя паведамленні яшчэ раз паказваюць, што ёсць іншая Беларусь. Ёсць беларусы, якія адмоўна ставяцца да вайны, не прымаюць яе. І нават супрацоўнічаюць з украінцамі, вядуць баявыя дзеянні на іх баку.

Але на Захадзе ўсе тыя, хто цікавяцца вайной ва Украіне, пра гэта ведаюць і так. Бо заходнія медыя пісалі і пра полк К*ліноўскага, і пра рэйкавых партызанаў, і пра настроі ў Беларусі.

І кожны раз, калі выходзяць публікацыі з паглыбленым аналізам, як вось цяпер перад візітам Лукашэнкі ў Кітай, там штораз падкрэсліваецца, што настроі ў Беларусі адрозніваюцца ад настрояў у Расіі.

І таму погляд на беларусаў, якія знаходзяцца на баку Расіі, якія не супраціўляюцца, гэта хутчэй украінскі погляд. На Захадзе сярод тых, хто ўвогуле мае сваё меркаванне наконт Беларусі, погляд хутчэй дыферэнцыяваны.

Гэта першы момант. Другі заключаецца ў тым, што гэтая гісторыя пэўным чынам змяняе і стаўленне да беларускіх дэмакратычных сілаў. Мы, людзі, што цікавяцца і сочаць за падзеямі, бачым розныя акалічнасці.

Калі ж паглядзець на гэтую гісторыю спрошчана, з пункту гледжання большасці заходніх назіральнікаў і экспертаў, якія шчыльна не цікавяцца Беларуссю, то карціна выглядае так: ёсць Лукашэнка — гэта «дрэнная Беларусь», ёсць Ціханоўская — «добрая Беларусь».

Што тычыцца ўплыву Ціханоўскай, то мне падаецца, што ён у заходняй прэсе раз-пораз перабольшваецца. І гэта невыпадкова, бо тут прысутнічае і асабістая сімпатыя да яе, і піяр-праца яе офіса.

Але, калі ўсё ж паглядзець на ранейшыя публікацыі, то акцэнт рабіўся на тое, што Ціханоўская найперш — маральны аўтарытэт. Маўляў, яна падтрымлівае Украіну, вінаваціць Лукашэнку ў супрацы з Крамлём, кажа пра акупаваную Расіяй Беларусь. Яна кажа пра гэта, але зрабіць штосьці на практыцы не можа.

І вось тут сітуацыя змяняецца, паколькі ўсё больш і больш гэтая акцыя прадстаўляецца як арганізаваная. Бо што кажа спадар Азараў? Што гэта была спланаваная гісторыя. І сам ён усё больш выглядае прамой сувяззю паміж тымі, хто гэта нібыта здзейсніў, і Ціханоўскай.

І цяпер усё больш падзея падаецца так, што да гэтага здарэння спрычыніліся не абстрактныя партызаны, а Ціханоўская. Не ведаю, магчыма гэта зменіцца, калі з’явіцца больш інфармацыі, але пакуль выглядае так.

І калі мы на самой справе ўявім, што гэта і праўда найбольшая страта Расіі пасля крэйсера «Масква», і ўявім сабе, што да гэтага спрычынілася Ціханоўская і яе атачэнне, што яны ў гэтым пэўным чынам паўдзельнічалі, то гэта выводзіць іх на якасна новы ўзровень.

І як бы гэтая гісторыя ні скончылася, Азараў, Ціханоўская і яе структуры ўжо сталі бенефіцыярамі падзеі.

— Аглядальнік Юрый Дракахруст не выключае, што Аляксандр Лукашэнка зможа прадаць кітайскаму кіраўніцтву гэтую гісторыю. На вашу думку, як гэтае здарэнне адбілася на ягоных планах і рэпутацыі?

— Так, я магу сабе ўявіць сітуацыю, калі Лукашэнка здолее перакруціць гэтую сітуацыю на сваю карысць. З кітайцамі ён будзе размаўляць шчыра. І ён можа прадставіць усё гэта як украінскую версію. А многія назіральнікі, трэба заўважыць, якія шчыльна сочаць за падзеямі, мяркуюць, што гэта арганізавалі ўсё ж украінцы.

Ён можа сказаць: «Глядзіце, яны мяне ўсё больш падштурхоўваюць, а я ўсё ж трымаюся, каб вайна не перакінулася на тэрыторыю Беларусі, каб сітуацыя не пагоршылася». Ён можа паспрабаваць прадаць штосьці такое Кітаю, у будучыні — і Захаду. А можа Захаду і ўжо гэта прадаецца. Тэарэтычна гэта магчыма. Але гэта ўсё з вобласці спекуляцый.

Калі паглядзець на сённяшняе становішча, то для Лукашэнкі гэта вельмі непрыемныя акалічнасці. Візіт гэты для яго вельмі важны. Падаецца, што ён досыць спантанны. Не выключана, што звязаны перш за ўсё з кітайскай мірнай ініцыятывай.

І гэта таксама моцны момант для яго, бо менавіта Лукашэнку першага запрасілі ў Пекін пасля агалошвання гэтай ініцыятывы. Не расійскага функцыянера, не кагосьці з Еўропы, а яны ж многія туды жадаюць паехаць, кажуць пра гэта — той жа Макрон, Барэль, фон дэр Ляйен.

А ў выніку ў Пекіне першым апынуўся менавіта Лукашэнка. Гэта вельмі моцна падвышае ягоны палітычны ўзровень. Ён выходзіць на новы для сябе міжнародны ўзровень. Ён не бачыць сябе нейкім лакальным лідарам невялікай еўрапейскай краіны, альбо сатэлітам Расіі. Лукашэнка сябе бачыць буйным міжнародным палітыкам і такая магчымасць да яго прыйшла. 

Калі ён размаўляў на лыжні з прэсай, было бачна, у якім ён быў захапленні ад сённяшняга свайго статусу. І тут здарылася вось гэта ў Мачулішчах. Для Лукашэнкі гэта надзвычай дрэнная гісторыя. У яго няма прывабнай версіі, якую ён бы мог агучыць, таму ён і маўчыць.

Калі гэта ўкраінцы, ці ён вырашыць спісаць на іх, то яму трэба будзе дзейнічаць. Ну што ты за такі чалавек, калі ты кажаш, што на ўдар па беларускай тэрыторыі адразу будзе адказ, а як ракета напрыканцы года ўпала, то ты маўчыш? Тут ужо пад Мінскам нешта здарылася, магчыма, гэта ўкраінцы, а ты ізноў маўчыш. Чаго вартыя тады твае словы і пагрозы?

Па-другое, гэта паказвае, што ён не кантралюе сітуацыю ў сваёй краіне на 100%. Калі гэта зрабілі беларусы, то гэта будзе азначаць прызнанне таго, што ў Беларусі дзейнічае нейкі супраціў, здольны ладзіць акцыі такога ўзроўню. Ну як жа так? Полк К*ліноўскага па версіі ўладаў — гэта сэлфі-войска. А цяпер аказваецца, што спецслужбы працуюць не так ужо і выдатна.

І калі ў цябе ў краіне дзейнічаюць такія падрыхтаваныя групы, відавочна, што для цябе гэта дрэнная сітуацыя.

Таму Лукашэнка вырашыў прамаўчаць пра падзеі ў Мачулішчах, накіравацца ў Кітай. Магчыма, па вяртанні нешта і будзе, а можа, ён будзе маўчаць і далей. Шмат што будзе залежыць ад таго, што мы за гэты час даведаемся пра акалічнасці здарэння. Калі з’явяцца спадарожнікавыя здымкі, ці нейкая больш грунтоўная версія, тады яму цяжка будзе маўчаць.

А можна сабе ўявіць і такую версію: гэта былі ўкраінцы, якія, аднак, дазволілі беларускім дэмсілам узяць адказнасць на сябе, і тым самым не прымушаць Лукашэнку адказваць. І гэта быў пэўны сігнал яму пра тое, калі ён будзе працягваць пагражаць Украіне, працягне супрацоўнічаць з Расіяй, то можа быць і такі варыянт.

У такім выпадку нешта вялікае раскручваць тут і няма патрэбы. Сігнал атрыманы, магчыма, Лукашэнка яго зразумеў.

Калі ніякіх дадатковых падрабязнасцей не будзе, не будзе новых сур’ёзных версій, а сам інцыдэнт у Мачулішчах перакрыецца новымі гучнымі падзеямі, то і нейкай актыўнасці з боку афіцыйнага Мінска таксама, хутчэй за ўсё, не варта будзе чакаць. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(64)