Фотафакт. 25 сакавіка афіцыйна абвешчана Днём беларускай спадчыны ў Філадэльфіі

25 сакавіка афіцыйна абвешчана Днём беларускай спадчыны ў Філадэльфіі. Аб гэтым піша арганізацыя «Belarus Freedom-Philadelphia». Ганаровая цырымонія прайшла 25 сакавіка падчас святкавання Дня Волі каля будынку мэрыі.

Фота: Belarus Freedom-Philadelphia/Facebook

— Падчас святкавання Дня Волі кіраўнік па стратэгічных адносінах і праграмах Офіса па справах імігрантаў мэрыі Філадэльфіі Алан Джоінвіл перадаў кіраўніку суполкі «Belarus Freedom-Philadelphia» Сяржуку Шаліге пракламацыю аб абвяшчэнні 25 сакавіка Днём беларускай спадчыны ў Філадэльфіі, — адзначаюць у арганізацыі.

Мэр горада Шырэль Паркер у сваім выступе адзначыла, што арганізацыя «Belarus Freedom-Philadelphia» заснавалася ў 2023 годзе і пераследвае двайную місію: папулярызацыю беларускай культуры і гісторыі, а таксама адстойвае дэмакратычныя рэформы ў Беларусі.

— 25 сакавіка 2024 года горад Філадэльфія далучаецца да беларускай суполкі, ахоўнікам дэмакратыі і абраным афіцыйным асобам, каб адзначыць Дзень беларускай спадчыны ў гонар беларусаў-амерыканцаў Філадэльфіі, — сказала мэр.

Кіраўнік суполкі Сяржук Шаліга падзякаваў ад імя ўсіх беларусаў Філадэльфіі за ганаровае ўшанаванне беларускіх традыцый і святаў.

— Гэта таксама ганаровы акт прызнання дзейнасці беларускай суполкі гарадскімі уладамі, — дадаў ён.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)