Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «У мяне ёсць пытанне — хто будзе аддаваць загад беларускаму пілоту на ўжыванне ядзернай зброі?»

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст расказаў Филину пра матывы Крамля і Лукашэнкі і магчымую рэакцыю Захаду на перакрочванне «ядзернай» рысы. 

— Абгрунтаванне неабходнасці размяшчэння тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі выглядае, мякка кажучы, прыцягнутым за вушы. Расійскае войска таксама мае ў сваім арсенале боепрыпасы са збедненым уранам.

Недарэчна гучаць і словы пра тое, што Лукашэнка, маўляў, даўно пра гэта прасіў. Як гэтыя моманты перагукаюцца з меркаваннем аналітыкаў амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, якія назвалі заявы Пуціна інфармацыйнай аперацыяй?

— Інфармацыйнай аперацыяй гэта было ў тым сэнсе, што ў Крамлі прычапіліся да абсалютна неадэкватнай нагоды. Бо пастаўка Украіне снарадаў с збедненым уранам не з’яўляецца легітымнай нагодай для прыняцця такога рашэння.

Але, хутчэй за ўсё, гэтае рашэнне рыхтавалася загадзя. Некаторыя расійскія эксперты кажуць, што яно рыхтавалася як мінімум год. Ускосна пра гэта сведчыць і тое, што, па словах Пуціна, адпаведныя сховішчы для ядзернай зброі будуць гатовыя да 1 ліпеня.

Такія сховішчы не так проста збудаваць за некалькі месяцаў, гэта досыць складаныя аб’екты. І таму я думаю, што іх будавалі дастаткова даўно.

У Крамлі прычапіліся да брытанскіх снарадаў, але маглі прычапіцца і да нямецкіх «Леапардаў», ці да амерыканскіх самалётаў. Да чаго заўгодна маглі прычпіцца.

Гэта як з нагодай для паўнамаштабнай вайны, якая пачалася 24 лютага 2022-га. Многія тады думалі, што для стварэння casus belli Пуцін паўторыць нейкі ўласны Гляйвіц ці Майнілы, нейкі правакацыйны, штучны інцыдэнт.

Але аказалася, што можна было і без яго, проста так. А вось проста таму, што на Данбасе вайна ідзе. І што з таго, што яна ідзе ўжо восем гадоў? А мы вось вырашылі, што сёння пачнем. А тут вось прычапіліся да англічанаў, маўляў, яны такую зброю будуць пастаўляць.

Я думаю, што рашэнне было прыняте даўно. Чаму яго агучылі зараз? Вось гэта цяжка сказаць. Чаму яно ў прынцыпе было прынятае? Хутчэй за ўсё гэта працяг расійскай логікі, ваенна-палітычнай філасофіі. Мы, маўляў, насамрэч супрацьстаім Захаду.

І гэта такая спроба націснуць на заходні свет, раскалоць яго. Апеляваць да тых сілаў на Захадзе, якія кіруюцца прынцыпам, сфармуляваным брытанскімі левымі яшчэ ў 1950-х: «Лепей быць чырвоным, чым мёртвым».

Вось і тут: лепш быць пад Расіяй, чым мёртвымі. На тых, хто так думае цяпер, гэта і разлічана. На тое, што на Захадзе хтосьці спалохаецца, падумае, што гэта ўжо крок да ядзернай вайны.

І пачне патрабаваць націснуць на Кіеў, каб той пайшоў на кампрамісы. І на Вашынгтон, каб той не даваў Украіне лішняга. Я думаю, што разлік прыкладна такі.

— Ёсць меркаванне, што тактычная ядзерная зброя, якая распрацоўвалася для знішчэння шматтысячных танкавых калонаў і вялікага скаплення войскаў, у варунках сучаснай вайны будзе малаэфектыўным сродкам. Адпаведна, гэта хутчэй інструмент тэрору, сродак хутчэй псіхалагічнага ўздзеяння. У нашым выпадку гэта ўсё ж напэўна найперш тэрор?

— Безумоўна. Але тут варта казаць пра ступені шантажу. У прынцыпе, гэта было пэўнай ступенню шантажу і да 25 сакавіка. Бо Расія магла ўжыць такую зброю супраць Украіны і з Крыма, і з Белгарада, і з Энгельса.

Што тычыцца Еўропы, то ў Крамля ёсць Калінінград, дзе, па некаторых звестках, ёсць прынамсі сховішчы ядзернай зброі. І таму Беларусь, як месца размяшчэння такой зброі, па вялікім рахунку, у ваенным сэнсе мала што мяняе.

Але псіхалагічна мяняе, бо Расія перакрочвае пэўную мяжу. Раней яна не размяшчала ядзерную зброю па-за сваімі межамі, а цяпер зробіць гэта. І гэта новая якасць.

Гэта пасланне пуцінферштэерам, каб яны яшчэ грамчэй казалі: «А што тады наступнае? Ядзерная вайна? Давайце ўлічваць інтарэсы Расіі». Гэта такі дазаваны крок, але ён вельмі пагрозлівы. І нічога добрага, зразумела, Беларусі ён не нясе.

— Маляваць рознага кшталту чырвоныя рысы любяць у Маскве, але акурат Расія цяпер перакрочвае адзін з такіх бар’ераў. Што можна сказаць пра магчымы адказ Захаду па першых ягоных рэакцыях?

— Мяркуючы па першай рэакцыі, яны досыць спакойна да гэтага паставяцца. Брытанія не адменіць сваё рашэнне паставіць Украіне снарады са збедненым уранам. Наўрдці на гэта, што называецца, перарэагуюць.

У тым сэнсе, раз Расія размясціла сваю зброю ў Беларусі, то мы ў адказ размесцім сваю ў Польшчы. Не, наўрадці. Што могуць зрабіць? Дадуць болей сродкаў супрацьпаветранай абароны той жа Польшчы, Літве, Балгарыі, Румыніі.

Такі адказ можа быць. А тое, што яны пойдуць насустрач, скарачаючы свае ядзерныя арсеналы ў Нямеччыне ці Італіі, то не, не будуць яны гэтага рабіць.

Думаю, паўторыцца сітуацыя канца 2021-га і пачатку 2022-га, калі Масква выкаціла свае ўльтыматумы Захаду, ЗША. Маўляў, вярніцеся ў 1997 год. А там ветліва адказалі, што не будуць гэтага рабіць. Думаю, што і на гэта адкажуць: «Размясцілі і размясцілі. Добра, што далей?».

— Лукашэнка быццам бы прасіў Маскву пра такую паслугу. Ёсць меркаванне, што сёння здзейснілася ягоная даўняя мара. Але асаблівай радасці ад гэтага не бачна. Прапаганда адрэагавала вельмі стрымана, прэс-служба маўчыць каторы дзень. Увогуле выглядала гэта дзіўна: пра тое, што ў Беларусі з’явіцца ядзерная зброя, паведаміў Крэмль, а не Мінск. То ці пра гэта марыў Лукашэнка?

— Складанае пытанне. Так, рэакцыю можна акрэсліць, як зацягнутае маўчанне. Пуцін яшчэ тры дні таму пра гэта сказаў. Здавалася б, калі ўсё гэта было абгаворана, запланавана, то натуральна выглядала, калі б Лукашэнка сказаў: «Так, мы гэта планавалі, я пра гэта прасіў».

А ён і праўда прасіў, я палічыў, што ў 2022-м ён не менш, чым восем разоў пра гэта казаў. Маўляў, калі будзе пагрозлівае развіццё падзей з боку Захаду. Праўда, ён такой умовай называў размяшчэнне ядзернай зброі ў Польшчы на мяжы з Беларуссю. Чаго не адбылося.

У Хатыні ён агучыў пагрозы з нагоды боепрыпасаў са збедненым уранам. Зрабіў гэта першым, Пуцін быў другім. Але вы маеце рацыю, гэтая зацягнутая паўза не сведчыць пра ягоную вялікую радасць.

З іншага боку, пэўны ягоны інтарэс у гэтым ёсць. Мне тут бачыцца аналогія з размяшчэннем савецкай ядзернай зброі на Кубе ў 1962 годзе. Так, размяшчаў зброю Савецкі Саюз, гэта было рашэнне Хрушчова. Але Кастра быў у гэтым зацікаўлены.

Кастра гэта ўхваляў, бо ён лічыў, што гэта спосаб стрымліваць ЗША. У яго быў досвед затокі Качынас, куды пры падтрымцы амерыканцаў высадзіліся кубінскія эмігранты.  

Лукашэнка можа ўспрымаць у якасці затокі Качынас 2020 год. У ягоных мазгах Захад тады арганізаваў яму такую самую пагрозу. А значыць цяпер ён будзем абаронены расійскай ядзернай зброяй.

Але, зразумела, для яго тут ёсць і свае недахопы. Таму што ўвесь ягоны каскад леташніх заяваў быў тым самым выпадкам, калі пагроза страшней за яе выкананне. Ты можаш пагражаць Захаду, а ён, магчыма, табе нешта добрае зробіць.

Можна прыгадаць тэлефанаванне прэзідэнта Францыі Лукашэнку 27 лютага 2022-га, на трэці дзень вайны. Ядзерная тэма ў той размове была ці не на першым месцы. Маўляў, вы толькі гэтага не рабіце.

Да 25 сакавіка гэтага года Лукашэнка гэтага так ці іначай не рабіў. І гэта, магчыма, нейкім чынам стрымлівала Захад. Мы ведаем, што ў тры апошнія санкцыйныя пакеты ЕС Беларусь не трапіла.

Ці было гэта наступствам таго, што Лукашэнка ад чагосьці стрымліваўся? Так, безумоўна. Хутчэй за ўсё з-за таго, што ён не ўступае ў вайну. Але і з-за таго, што не размяшчаў дагэтуль ядзерную зброю, таксама.

Цяпер усё. Гуляць у тое, што мы чагосьці не зробім, а вы нам за гэта зрабіце штосьці добрае, або не рабіце кепскае, больш не атрымаецца. Рашэнне прынятае. Магчыма, чарговы пакет санкцыяў для Беларусі будзе чымсьці напоўнены.

І не выключана, што тэндэнцыяй стане выроўніванне санкцыяй для нашай краіны. Гэта будзе прамое наступства дадзенага рашэння.

Акрамя таго, могуць быць і іншага кшталту наступствы. Як кажуць некаторыя расійскія эксперты, Расія — не Амерыка, услед за складам ядзерных боепрыпасаў можа з’явіцца і паўнавартасная сухапутная ваенная база. Адпаведна, будзе адбывацца далейшая інстытуцыялізцыя расійскай ваеннай прысутнасці ў Беларусі. Не часовай, а сталай.

І тут ёсць такі тонкі сюжэт, які мне пакуль не да канца зразумелы. Сюжэт пра носьбіты гэтай зброі. Бо Пуцін сказаў, што мы размяшчаем ядзерную зброю і што Расія адаптавала беларускія самалёты пад гэтыя боепрыпасы. І вось у мяне тут пытанне: хто будзе аддаваць загад беларускаму пілоту на ўжыванне ядзернай зброі?

З кантэксту можна зразумець, што гэта будзе рабіць наўпрост Пуцін. А Лукашэнка тут ужо не мае значэння. Расійскі кіраўнік не сказаў, што мы паставім свае самалёты і я буду імі камандаваць. Атрымліваецца, што ён і беларускімі цяпер можа камандаваць.

І гэта выглядае, як працяг адбірання ў Лукашэнкі камандных паўнамоцтваў. Прынамсі так гэта можна інтэрпрэтаваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)