Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Не варта рабіць выгляд, што пытанне перамоў з рэжымам — гэта пытанне беларускіх дэмакратычных сіл»

Хто можа скрануць з мёртвай кропкі пытанне палітвязняў — Филин абмеркаваў няпростую тэму з палітычным аглядальнікам Юрыем Дракахрустам.

Юры Дракахруст

— Сярод апанентаў рэжыму ізноў разгарэлася дыскусія наконт вызвалення палітзняволеных. Хтосьці крытыкуе офіс Ціханоўскай, маўляў, ён нічога не робіць і нават блакуе працэс. Што трэба адмаўляцца ад санкцый, якія нібыта не працуюць. Офіс адказвае: ніякага гандлю з Лукашэнкам. Як вы лічыце, ці ёсць сёння вонкавая ці знешняя сіла, здольная зварушыць гэтае пытанне з мёртвай кропкі?

— Я сыходжу з самай галоўнай рэчы, якую бачу ў гэтай сітуацыі і якую, як мне падаецца, усе павінны найперш трымаць у галаве: гэта санкцыі Захаду, а не санкцыі Ціханоўскай, Латушкі, Саннікава ці Пазняка.  

Гэта санкцыі Захаду, які можа слухаць беларускіх палітыкаў, але які прымае рашэнні на падставе ўласных інтарэсаў і каштоўнасцяў. І яны могуць не супадаць з інтарэсамі і каштоўнасцямі адпаведных беларускіх актараў. Гэта самае важнае.

Гэтак жа было і ў 2008 годзе, і ў 2015-м. Яны вырашалі — можна гандлявацца палітвязнямі або нельга. Яны гандляваліся або не гандляваліся — у нейкія іншыя гады. І ў гэтым сэнсе, мне падаецца, беларускім актарам не варта выдаваць сябе за тых людзей, што прымаюць рашэнні.

І калі ў гэтай сітуацыі Захад па нейкіх сваіх меркаваннях лічыць, што варта пайсці на перамовы (не абавязкова адразу на ўгоду, а менавіта на перамовы), то гэта ягонае рашэнне і з гэтага трэба сыходзіць.

Ці варта яму перашкаджаць у гэтым? Мне гэта невідавочна. Па-першае, а ці можна гэтаму неяк перашкодзіць? Ці такая ўжо вялікая вага беларускіх актараў у гэтых рашэннях Захаду? Так, Захад можа весці дыялог з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, але я б не перабольшваў іх вагу.

Гэта мы, дарэчы, бачылі і па інтэнсіўнасці санкцый, у залежнасці ад прычын, што іх справакавалі. Пра гэта справядліва сказала Святлана Ціханоўская, і гэта не толькі яе думка — самыя жорсткія санкцыі ў дачыненні да Беларусі былі ўведзеныя не за парушэнне правоў чалавека, не з-за рэпрэсій, не з-за палітвязняў. А з-за пагрозы міжнароднай бяспецы. Гэта пасадка самалёта Ryanair, гэта міграцыйны крызіс, гэта вайна, саўдзел у агрэсіі.

Для нас, беларусаў, лёс палітвязняў больш важны, гэта больш балючая праблема. А для іх — іншае. Бо міжнародная бяспека — гэта бяспека ў тым ліку іх грамадзян. Гэта выклік іх прамым інтарэсам.

Так, у нас розныя шкалы, розныя іерархіі каштоўнасцяў і інтарэсаў. Але мне падаецца, калі яны па нейкіх прычынах лічаць, што прынамсі паспрабаваць пайсці на нейкі гандаль варта, то палкі ў колы ім устаўляць не трэба.

Я перакананы, што перамовы Захаду з уладамі былі. Ёсць пэўны збег чыннікаў, які сведчыць пра гэта. І апошняя заява нунцыя сведчыць пра тое, што перамовы ідуць і яны не спыняюцца. Так, у дадзеным выпадку яны датычаць пытанняў бяспекі (апостальскі нунцый Антэ Ёзіч выказаў думку, што Беларусь ізноў можа стаць перамоўнаай пляцоўкай для вырашэння канфлікту ва Украіне — Ф.).

Атрымаецца гэта ці не, але відавочна, што ў дачыненні да рэжыму Захад, мяркуючы па ўсім, сыходзіць з іншых меркаванняў, адрозных ад пазіцыі «ніякіх перамоў з Лукашэнкам». Натуральна, можна яму запярэчыць у гэтым. Але, як мне падаецца, надта гучна гэта не варта рабіць.

І не варта рабіць выгляд, што пытанне перамоў — гэта пытанне беларускіх дэмакратычных сіл. Гэта пытанне Захаду. Дыскусія пра тое, каго на каго будуць мяняць, паводле якой формулы, безумоўна, важная. Але гэта меркаванні тых, хто не вырашае. А як будуць заходнікі будаваць сваю дыпламатыю — ім вырашаць. Як яны вырашалі і ў 2008-м, і ў 2015-м.

Прыгадаем і такі момант. Пасля ўручэння Нобеля былі публікацыі пра тое, што з Уладзімірам Макеем абмяркоўвалася магчымасць выступлення на ўрачыстасці Алеся Бяляцкага. Не атрымалася, але перамовы ішлі, з ім размаўлялі на гэтую тэму.

Гэта таксама сведчыць пра тое, што пазіцыя «ніякіх перамоў» не дзейнічае. Размаўлялі і будуць размаўляць. Але найперш з пазіцыі не нашых, а сваіх інтарэсаў. Гэта трэба ўвесь час мець на ўвазе.

Тут яшчэ трэба ўлічваць важны фактар. Мы, як жыхары сваёй краіны, не ўлічваем той момант, што Захад гуляе на вялікай шахматнай дошцы, на велізарнай дошцы. Яны ведаюць і памятаюць пра палітвязняў не толькі беларускіх. Але і пра іранскіх, азербайджанскіх, туркменскіх і егіпецкіх.

І ў гэтым сэнсе рабіць нейкія крокі для вызвалення беларускіх палітвязняў — чаму? Чым горшыя іранскія вязні, якіх караюць смерцю за пратэсты? Гэта таксама трэба ўлічваць — мы гуляем на розных дошках. Мы на маленечкай нашай клетачцы, а яны на вялікай дошцы.

І яшчэ адзін важны момант. Захад плаціць за свае рашэнні. Менавіта заходнія краіны падтрымліваюць Украіну, даюць ёй зброю і грошы. Яны павінны ўлічваць магчымасць ядзернай вайны. Гэта ўсё складаецца ў агульнае ўраўненне. Як мы можам прадухіліць ядзерную вайну? Як мы можам прадухіліць загад беларускім войскам пайсці праз мяжу? Мы гэтага не можам, Ціханоўская не можа, не можа Латушка.

— А ці дамоваздольны сёння Лукашэнка ўвогуле? Ён таксама мае свае прэтэнзіі да Захаду.

— Ягоная дамоваздольнасць, безумоўна, нізкая, гэта не сакрэт. Гэта было відавочна і раней, а зараз — тым больш. Але, на мой погляд, прызначэнне Сяргея Алейніка на пасаду кіраўніка МЗС, а не Юрыя Амбразевіча ці Андрэя Савіных, ускосна сведчыць, што Лукашэнка гатовы ў гэтую гульню гуляць. Як сведчыць пра гэта і той момант з ценявымі перамовамі наконт амністыі.

Натуральна, ён можа перагуляць, ён і ўпэўнены ў тым, што можа абдурыць сваіх партнёраў, аддаўшы менш, а атрымаўшы больш. Ну, у прынцыпе, гэта нармальна. Я не думаю, што ў Лукашэнкі прынцыповая пазіцыя ні пры якіх абставінах не выпускаць людзей.

Для яго гэта не звышідэя — хачу трымаць у турме вось столькі палітвязняў. Калі яму будзе прапанаванае штосьці «смачнае», цікавае, ён іх вызваліць. Так, для яго гэта будзе складана. Так, у яго праз гэта будуць унутраныя праблемы. Але для Лукашэнкі гэта не звышпрынцыповы момант.

Бо ён улічвае розныя чыннікі. Напрыклад, сітуацыю на полі бою. Бо ўцягванне ў вайну нясе небяспеку не толькі Беларусі, гэта яго, напэўна, менш турбуе. Гэта небяспечна і для яго асабіста. Дамоваздольны ці не? Тое, што ён, мякка кажучы, не анёл, даўно вядома. Але дамаўляліся з рознымі. Хіба Кадафі быў анёлам? Або іранскія аятолы? Гэта мастацтва дыпламатыі. Бываюць цяжкія партнёры, няшчырыя. Але тут разлік не столькі на рэдкія душэўныя якасці, якіх тут, магчыма, і блізка няма. Разлік на інтарэсы. Угода задавальняе інтарэсы, а не сведчыць на наяўнасць добрых душэўных якасцяў бакоў.

У Лукашэнкі ёсць пэўныя інтарэсы. Напрыклад, змяніць ягоную геапалітычную самоту з Пуціным. Магчыма, гэта патрэба, што называецца, не любой цаной. Чамусьці слова «торг» выклікае негатыўную рэакцыю. Але ж дыпламатыя ў гэтым і палягае, гэта суцэльны торг.

Так, каб стаяць толькі на прынцыпах, адвеку не было. Людзі, дзяржавы ўзгадняюць свае інтарэсы. Але паўтаруся — гэта іх інтарэсы. Калі б санкцыі ўводзіла Ціханоўская, то яна магла б настойваць на сваім: мы іх уводзім — няхай Лукашэнка становіцца на калені. Але санкцыі ўводзіць не яна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.6(18)