Дракахруст: «Калі рашэнне пра ўжыванне ядзернай зброі не тваё, то чаму б і не панадзьмуваць шчокі, не папалохаць Захад»
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст у каментары Филину паразважаў пра прычыны эскалацыі на мяжы з Украінай і пагрозы суседзям.
— Пра што можа сведчыць чарговае абвастрэнне на мяжы Беларусі і Украіны? Ці звязаныя між сабой праверка боегатоўнасці беларускага войска, «Паланэзы» на баявым дзяжурстве ў Гомельскай вобласці і пагрозлівыя заявы начальніка Генштаба?
— Па-шчырасці, не вельмі зразумелая прырода гэтага канфлікту. З той прычыны, што не да канца зразумела, чаму ўкраінскі бок павялічыў прысутнасць сваіх войскаў на мяжы.
Тут шмат можа быць тлумачэнняў. Адно з іх — ва Украіне адбываецца мабілізацыя. Значыць, чалавечых рэсурсаў у іх стала больш. Паколькі розныя небяспечныя накірункі трэба прыкрываць, а цяпер у іх ёсць кім гэта зрабіць, то яны і павялічылі прысутнасць.
Яшчэ адну магчымую прычыну тлумачаць украінскія эксперты. Яны выказваюць думку, што былі заявы Лукашэнкі і Пуціна пра нейкія дадатковыя сілы для аховы ядзернай зброі. І перад тым, як гэтыя сілы з’явяцца ў Беларусі, украінскі бок і пашырыў прысутнасць на сваім баку.
А далей ужо адбываўся працэс эскалацыі. І прычым я не думаю, што ў ёй была лагічная неабходнасць. Не выключана, што гэта была пэўная дэманстрацыя для Масквы. Маўляў, глядзіце, як мы клапоцімся пра сваю мяжу, пра нашую супольную бяспеку.
Іншымі словамі, вось гэтая актыўнасць з беларускага боку была ці не цалкам дэманстратыўнай. Паказаць, што мы стаім на пасту, мы дбаем пра бяспеку.
Я думаю, калі казаць пра матывы ўкраінскага боку, то ўсе гэтыя размовы пра тое, што Украіна збіраецца напасці на Беларусь… У той сітуацыі, у якой яна сёння апынулася, адкрываць яшчэ адзін фронт з яе боку было б вар’яцтвам. Таму гэты варыянт, на мой погляд, выключаны.
Тут варта дадаць яшчэ такі момант. Украінскі бок даволі працяглы час гаворыць, што на тэрыторыі Беларусі няма ўдарных расійскіх груповак. І што самі беларускія войскі не стаяць ва ўдарнай групоўцы.
Адпаведна, варыянт наўпроставай пагрозы, што заўтра, паслязаўтра, у бліжэйшы час з беларускага боку пачнецца наступ, украінскі бок не разглядае.
І таму, паўтаруся, матывы іх могуць быць простымі: мабілізацыя дае магчымасці размясціць дадатковыя сілы не на самым небяспечным накірунку. Бо зразумела, што асноўныя франты размешчаныя ў іншых месцах.
Што тычыцца заяў генерала Муравейкі, то гучаць яны даволі пагрозліва. Але шмат у чым ён па-сутнасці паўтарыў і тое, што сам ужо раней казаў, і што казаў Лукашэнка: «Мы можам ужыць ядзерную зброю».
Тут зразумела — калі такая зброя на тэрыторыі Беларусі ёсць, то нехта яе можа ўжыць. Ці можа яе ўжыць беларускі бок — вялікае пытанне.
Бо з Масквы мы чуем зусім іншыя рэчы: што Расія не парушае дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі, а гэта значыць, што ўся ядзерная зброя знаходзіцца пад аднабаковым і адназначным расійскім кантролем. А таму ні генерал Муравейка, ні нават Лукашэнка распараджацца ёй не могуць.
У заяве Муравейкі, на мой погляд, ёсць адзін важны момант. Ён сказаў, што мы можам ужыць гэтую зброю ў выпадку ўзнікнення небясяпекі для нашай незалежнасці і суверэнітэту.
Але пэўны час таму Лукашэнка тлумачыў, што падстава для ўжывання ядзернай зброі, а менавіта — пагроза незалежнасці краіны, гэта не рэйды ДРГ, гэта не палёты дронаў, гэта нават не ўдары па інфраструктуры.
Фактычна, як ён тады сказаў, гэта вялікая вайна, маштабны наступ. І ў гэтым сэнсе, тыя пагрозы, пра якія цяпер беларускія сілавыя ведамствы кажуць — напрыклад, стварэнне калідораў у мінных палях для праходу дыверсійных груп — гэта не нагода для ўжывання ядзернай зброі.
Прынамсі, калі арыентавацца на тыя заявы Лукашэнкі і формулу, паводле якой ядзерная зброя з’яўляецца сродкам абароны ў выпадку пагрозы існаванню суверэнітэту краіны.
Гэта, дарэчы, адпавядае і формуле з расійскай ваеннай дактрыны, паводле якой ядзерная зброя можа быць ужытая ў выпадку ядзернага нападу на Расію і яе саюзнікаў. Гэта першы пункт, а другі — калі ў выніку баявых дзеянняў без ужывання ядзернай зброі ствараецца пагроза існаванню расійскай дзяржаўнасці.
І ў гэтым сэнсе абстрэлы расійскіх НПЗ, атакі на Белгародскую вобласць не ўяўляюць пагрозу існаванню расійскай дзяржаўнасці.
Тут ёсць яшчэ адзін важны момант, датычны паведамленняў беларускіх сілавых ведамстваў пра тое, што Украіна канцэнтруе войскі на мяжы з Беларуссю і, у прыватнасці, пераводзіць туды сілы Расійскага дабраахвотніцкага корпусу.
Тут трэба разумець, а пра гэта гавораць і ўкраінскія эксперты, што насамрэч РДК — гэта не нейкія вольныя стралкі, якія самі вызначаюць — дзе, як, калі і з кім яны будуць ваяваць.
У гэтым сэнсе іх рэйды ў Белгародскую і Курскую вобласці, скажам мякка, былі не толькі і не столькі іх прыватнай ініцыятывай.
Гэта частка ЗСУ, якая знаходзіцца ў падпарадкаванні Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны. Як і любая другая ўкраінская вайсковая часць, у тым ліку і Полк Каліноўскага.
Яны ваююць там, дзе ім начальства загадвае. А не там, дзе яны хацелі і меркавалі б ваяваць. Гэта трэба мець на ўвазе і ўлічваць. А ўсе гэтыя страхі — ах, на мяжу прыйшоў РДК — гэта ўсё дзіцячыя размовы. Кантроль над вайсковымі злучэннямі ва Украіне вельмі жорсткі.
— Некаторыя расійскія эксперты кажуць, што савецкія генералы і кіраўнікі не дазвалялі сабе адкрыта палохаць Захад ядзернымі ўдарамі, як гэта робіць цяпер Крэмль і ягоная прапаганда. А як на фоне савецкіх уладаў у гэтым плане выглядае сённяшні палітычны рэжым у Беларусі?
— Я б не ўяўляў мінулыя часы такімі ўжо вегетарыянскімі. Тады здаралася рознае. У часе Суэцкага крызісу ў 1956 годзе савецкі маршал Мікалай Булганін наўпрост пагражаў ядзернай бамбардзіроўкай Парыжа і Лондана. Гэта была прамая пагроза.
Быў, у рэшце рэшт, Карыбскі крызіс, калі Савецкі Саюз не даваў гарантый, што вайна не пачнецца.
Крызіс у выніку быў вырашаны, але пагроза вайны тады была большая, чым цяпер, я думаю. Так што маляваць тагачасных кіраўнікоў белымі і пухнатымі я не стаў бы.
Тут варта ўлічваць адну вельмі простую рэч. Савецкі Саюз у ваенным ды эканамічным значэнні быў нашмат мацнейшы, чым цяперашняя Расія. І ў яго былі рэсурсы, у тым ліку і ваенныя, для дасягнення сваіх мэтаў без ужывання ядзернай зброі.
У цяперашняй Расіі такіх рэсурсаў, мякка кажучы, куды меней. І тут можна прасачыць пэўную сувязь: чым ты слабейшы, тым болей у цябе спакусы блефаваць з дапамогай зброі суднага дня, фактычна — зброяй самагубства.
Ты пагражаеш другому боку поўным армагедонам, што ў пэўным сэнсе стрымлівае яго. Я думаю, што гэты ядзерны шантаж — менавіта шантаж. Бо мэта яго — мы пагражаем ужыць ядзерную зброю, каб дасягнуць сваіх мэтаў без ужывання гэтай зброі.
Бо ўзарваць увесь свет — і што тады? Якую асалоду ты ад гэтага атрымаеш, якая мэта ў гэтым? А вось выкарыстоўваць гэта ў якасці шантажу — так.
Савецкаму кіраўніцтву не было патрэбы шантажаваць ядзернай зброяй, бо дывізіі стаялі на мяжы з ФРГ. І акурат у Захаду тады ці не адзіным сродкам стрымлівання гіпатэтычнага савецкага ўварвання была ядзерная зброя.
А цяпер сітуацыя ў пэўным сэнсе памянялася. І таму Расія ўжывае ядзерны шантаж, бо яна не мае магчымасцяў выйграць вайну ў Захаду канвенцыйнымі сродкамі.
— А беларускія генералы і кіраўнікі гэтую хвалю падхопліваюць.
— Як некалі сказаў палітолаг Андрэй Ягораў, Лукашэнка выконвае ролю чырлідэра на чужых спаборніцтвах. Падскоквае, размахвае рукамі, надзьмувае шчокі. Пры гэтым усе цудоўна разумеюць, што рашэнне пра ўжыванне ядзернай зброі будзе прымаць не ён.
А ў такім разе, калі рашэнне гэтае не тваё, то чаму б і не панадзьмуваць шчокі, не папалохаць, што мы, калі што, патопім у крыві еўрапейскія гарады. Калі ўсе разумеюць, што ты гэтага зрабіць проста не можаш.
Ведаеце, гэта як часам бывае, калі ў дваровых сварках старэйшыя хлопцы выпускаюць наперад меншага пацанчыка, такога істэрычнага, які і ладзіць скандал, задзірае супернікаў.
Вось Лукашэнка, у пэўным сэнсе, і выконвает такую ролю ў гэтым супрацьстаянні. Зразумела, што ў супрацьстаянні ўсё ж паміж Расіяй і Захадам.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное