Былы палкоўнік ГРУ Папоў стварыў фірму ў Польшчы і цёрся каля апазіцыі. Але падазрэнні выклікае не толькі ён
Прагучалі імёны Дзмітрыя Балкунца і былога прэс-сакратара КДБ Дзмітрыя Пабяржына, піша Наша Ніва.
У раследаванні парталу Disinfo Digest (праекта Фонду INFO OPS Polska, які спецыялізуецца на даследаванні ўплыву замежнай прапаганды і дэзынфармацыі на польскую інфармацыйную прастору) расказваецца пра польскія кампаніі, якія могуць быць часткай заканспіраванай сістэмы беларускіх і расійскіх спецслужб.
Папоў — архітэктар інфраструктуры прыкрыцця
Цэнтральнай фігурай у расследаванні выступае Уладзімір Папоў. У мінулым ён падпалкоўнік Галоўнага разведупраўлення Беларусі, адзначаны ўзнагародамі за бездакорную службу, і супрацоўнік асабліва даверанай Службы аховы прэзідэнты.
Яго кар’ера была звязана з аперацыямі найвышэйшага дзяржаўнага ўзроўню: ад аховы візітаў Уладзіміра Пуціна да ўдзелу ў эвакуацыі зрынутага прэзідэнта Кыргызстана.
Пасля 2020 года, паводле расследавання, Папоў спрабаваў інфільтравацца ў асяроддзе беларускай апазіцыі, якая апынулася на выгнанні ў Польшчы. З ім шчыльна кантактаваў і пазней таямніча зніклы Анатоль Котаў.
З пашпартнай базы, здабытай «Кіберпартызанамі», вынікае, што Папоў меў пашпарты прыкрыцця на розныя імёны, у іх ён атрымліваў візы і выязджаў, у тым ліку ў Еўрасаюз.
Папоў і Котаў у свой час разам заснавалі ТАА «Спадчына2019» («Наследие2019»).
Аўтары звяртаюць увагу, што ў 2022 годзе Папоў прысутнічаў на Форуме дэмакратычных сіл у Варшаве— мутнай ініцыятыве Валерыя Цапкалы, Дзмітрыя Балкунца і Вольгі Карач, скіраванай супраць Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі. На думку польскага выдання, для былога афіцэра гэта магло быць не палітычнае мерапрыемства, а магчымасць сабраць інфармацыю пра прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, іх кантакты і ўзаемаадносіны.
Аўтары расследавання ў сувязі з форумам асабліва звяртаюць увагу на постаць Дзмітрыя Балкунца.
Яшчэ адным эпізодам расследавання стала кампанія NOAB, зарэгістраваная Паповым у Варшаве ў лістападзе 2023 года. Ён зарэгістраваў яе пад уласным іменем, не на пашпарт прыкрыцця — на пару з малодшым сынам як таварыства з абмежаванай адказнасцю.
Фірма была створана з капіталам 5000 злотых (каля 1150 еўра), працавала праз віртуальны офіс і пры гэтым ужо ў першы год паказала даходу каля паўмільёна злотых (каля 150 тысяч даляраў) без прыкмет рэальнай гаспадарчай дзейнасці. Гэта характэрна для структур, прызначаных для легалізацыі сродкаў на патрэбы агентуры.
Тэхналагічную падтрымку створанай Паповым структуры, па меркаванні аўтараў, забяспечваў яго сын Максім, які жыве ў Варшаве. Раней ён працаваў у кампаніі Synesis, вядомай распрацоўкай сістэмы KIPOD — платформы для масавага назірання, біяметрыі і аўтаматычнага распазнавання твараў.
Непрыкметная кампанія GameMod
У расследаванні расказваецца таксама пра кампанію GameMod, зарэгістраваную ў Польшчы і звязаную з аднайменнай беларускай фірмай — рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій у Мінску. Афіцыйна кампанія займаецца распрацоўкай камп'ютарных і кансольных гульняў на заказ.
Журналісты звяртаюць увагу, што сярод асоб, звязаных з польскай кампаніяй, згадваецца Дзмітрый Пабяржын, былы прэс-сакратар КДБ Беларусі.
Да таго, як з'явіцца ў Польшчы пад сваёй цяперашняй назвай, кампанія працавала ў Мінску як YURANEX-security, адным з яе кіраўнікоў быў Аляксандр Раманоўскі, якога журналісты называюць чалавекам, звязаным з беларускім КДБ.
Змена профілю — ад кампаніі ў сферы бяспекі да распрацоўшчыка камп'ютарных гульняў — супала, паводле іх версіі, са з'яўленнем у праекце людзей, біяграфіі якіх звязаныя з беларускімі сілавымі структурамі.
Пры гэтым аўтары прызнаюць, што пасля 2020 года многія беларускія IT-кампаніі сапраўды пераносілі частку бізнэсу ў краіны Еўрасаюза, каб захаваць доступ да заходніх кліентаў і фінансавых сэрвісаў. Такая практыка сама па сабе не выклікае падазрэнняў.
Аднак падобная схема можа выкарыстоўвацца і як прыкрыццё, калі сярод бенефіцыяраў аказваюцца былыя супрацоўнікі спецслужбаў або людзі, звязаныя з імі.
Аўтары выказваюць меркаванне, што гульнявая індустрыя можа быць зручным асяроддзем для падобных аперацый. Яна дазваляе легальна наймаць тэхнічных спецыялістаў, арганізоўваць міжнародныя каманды, падтрымліваць шырокія прафесійныя кантакты і перамяшчаць супрацоўнікаў паміж краінамі, не выклікаючы падазрэнняў.
На іх думку, менавіта такія легальныя структуры могуць выкарыстоўвацца як прыкрыццё для дзейнасці, якая выходзіць далёка за межы распрацоўкі камп'ютарных гульняў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное