Скандалы

Арыштаваны беларускі нафтавы магнат і саўладальнік «Гіпа» Васіль Варфаламееў

Выглядае, што менавіта яго заробкам памерам $100 тысяч летась абураўся Аляксандр Лукашэнка.

Па інфармацыі Нашай Нівы, на мінулым тыдні ў СІЗА апынулася адна з цэнтральных фігур беларускага бізнэсу. Затрыманы Васіль Варфаламееў, саўладальнік «Гіпа», «Белмаркета», «Эліз» і іншых кампаній. Сэнс выстаўленых яму прэтэнзій пакуль невядомы. Апошнім часам бізнэсмен жыў за мяжой.

Васіль Варфаламееў

У пачатку 2023 года Аляксандр Лукашэнка на ўсю краіну абураўся анамальна высокім заробкам кіраўніцтва сеткі «Гіпа».

Па словах кіраўніка Дзяржкантролю Васіля Герасімава, генеральны дырэктар «Гіпа», які знаходзіцца за мяжой, — у сярэднім зарабляў 258 тысяч рублёў на месяц. Гэта каля $100 тысяч. Выглядае, што гаворка вялася менавіта пра Варфаламеева.

Сетка «Гіпа» — 29 крамаў па ўсёй Беларусі, 23 з якіх сканцэнтраваны ў Мінску і яго ваколіцах.

Сяргей Варфаламееў у розныя гады ўваходзіў у топ-20 самых уплывовых беларускіх бізнэсменаў у рэйтынгах, якія складалі эканамічныя журналісты.

Гэта сапраўды багаты чалавек, які зрабіў капітал на гандлі нафтапрадуктамі, а потым пачаў укладвацца ў рытэйл і вытворчасць. Самы знакаміты, але наўрад ці самы прыбытковы бізнес Варфаламеева — сетка крамаў «Гіпа». Там ён генеральны дырэктар і саўладальнік.

«Гіпа» ў гандлёвым цэнтры «Галерэя»

Развязаная Пуціным і Лукашэнкам вайна таксама пахавала амбіцыйны праект па аднаўленні рачного судаходства паміж Беларуссю і Украінай, які збольшага фінансаваўся з грошай Варфаламеева. Планавалася, што Дняпро паглыбяць, у Новых Жарах узнікне порт з пракладзенай да яго чыгункай, адкуль тавары будуць плыць да ўкраінскіх партоў, а адтуль у Чорнае мора.

Вядома, што ў Варфаламеева глыбокі карпаратыўны канфлікт з іншым саўладальнікам «Гіпа» — уласнікам снэкавай кампаніі «Анега» Алегам Бараноўскім. У свой час Бараноўскі купіў у эстонцаў «Анегу», разлічыўшыся па ўгодзе сродкамі «Гіпа» — агульнага з Варфаламеевым бізнэса. Але таго ў долю не ўзяў. Ці на свабодзе сам Бараноўскі і іншыя менеджары «Гіпа», невядома.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(12)