Общество

Зьбіцьцё дэпутатаў, вяртаньне савецкіх сымбаляў, «забойства» беларускай мовы. 25 гадоў пераломнаму рэфэрэндуму

14 траўня 1995 году адбыўся рэфэрэндум па чатырох пытаньнях, прапанаваных Аляксандрам Лукашэнкам. У выніку яго зьмянілі нацыянальную сымболіку і ўвялі дзьвюхмоўе. І працэдура прызначэньня, і правядзеньне рэфэрэндуму парушалі Канстытуцыю і законы, піша Радыё Свабода.

На рэфэрэндум выносіліся 4 пытаньні — ня толькі пра мову і сымболіку

У сакавіку 1995 году Аляксандар Лукашэнка прапанаваў Вярхоўнаму Савету 12 скліканьня прызначыць рэфэрэндум па чатырох пытаньнях.

«Ці згодны Вы з наданьнем рускай мове аднолькавага статусу зь беларускай?»

«Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?»

«Ці падтрымліваеце Вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй?»

«Ці згодны Вы зь неабходнасьцю ўнясеньня зьмяненьняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага ці грубага парушэньня Канстытуцыі?»

Навошта Лукашэнку быў гэты рэфэрэндум? — «Каб паказаць, хто галоўны ў краіне»

Доктар гістарычных навук, прафэсар, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Валянцін Голубеў узгадвае, што гэта быў час вельмі высокай папулярнасьці Аляксандра Лукашэнкі.

 «Пасьля выбараў прайшло крыху больш за паўгода, і яго папулярнасьць толькі-толькі нарастала. У яго была толькі адна сур’ёзная апазыцыя ў дзяржаве — і гэта ня партыі, ня вуліцы, а Вярхоўны Савет 12 скліканьня. Адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў пачало нарастаць супрацьстаяньне паміж прэзыдэнтам і парлямэнтам.

Лукашэнку трэба было паказаць, хто галоўны ў краіне. І вось у красавіку 1995 году ён унёс прапанову аб правядзеньні першага рэфэрэндуму», — кажа Валянцін Голубеў.

Прафэсар заўважае, што ўсе засяродзілі ўвагу на першых двух пытаньнях — пра сымболіку і мову. Трэцяе пытаньне — пра эканамічную інтэграцыю з Расеяй — на яго думку, было «прахадным». А на чацьвёртае ніхто асабліва не зьвяртаў увагі.

«Па сутнасьці, усе іншыя пытаньні (нават пытаньні мовы і сымболікі) былі прапанаваныя для таго, каб адцягнуць увагу палітыкаў і грамадзкасьці, што прэзыдэнт хацеў стварыць для сябе магчымасьць распусьціць Вярхоўны Савет.

Але на слыху, канечне, былі іншыя пытаньні — пра наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай і пытаньні аб зьмене сымболікі. Хоць я б сказаў па-іншаму: аб сыходзе ад нацыянальнай сымболікі і вяртаньні да савецкай сымболікі», — кажа Валянцін Голубеў.

Такім чынам, на думку доктара гістарычных навук, прафэсара Голубева, асноўная мэта рэфэрэндуму была — распусьціць Вярхоўны Савет 12 скліканьня.

Рэфэрэндум ад самага пачатку прызначаўся з парушэньнем Канстытуцыі

Паводле заканадаўства рэфэрэндум павінен быў прызначаць Вярхоўны Савет, а не кіраўнік дзяржавы. Гэта рэгулявалася законам «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь» і «Часовым рэглямэнтам Вярхоўнага Савету».

То бок адпачатку рэфэрэндум прызначаўся з парушэньнямі. Пра гэта заяўляў на сэсіі кіраўнік Камісіі па заканадаўстве Дзьмітры Булахаў: згодна зь дзейнай Канстытуцыяй, рэфэрэндумы ў апошнія 6 месяцаў легальнай дзейнасьці Вярхоўнага Савету ім прызначацца ня могуць.

«Якраз 15 траўня спаўнялася 5 гадоў гэтай кадэнцыі — то бок яе паўнамоцтвы сканчаліся. Рэфэрэндум быў абвешчаны за месяц да завяршэньня кадэнцыі. І гэта робіць нікчэмнымі любыя юрыдычныя наступствы травеньскага рэфэрэндуму», — перакананы тагачасны дэпутат Вярхоўнага Савету Лявон Баршчэўскі.

На думку дэпутата Сяргея Антончыка, апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце разумела, што маючы адбыцца рэфэрэндум — рэванш прарасейскіх сілаў.

«Гэта фактычна вяртаньне расейскай імпэрыі ў Беларусь. Мы разумелі, што ніякія прававыя захады не дапамогуць, таму абвясьцілі галадоўку», — кажа Антончык.

19 дэпутатаў Вярхоўнага Савету раніцай 11 красавіка абвясьцілі галадоўку ў Авальнай залі. У ноч з 11 на 12 красавіка ў будынак Вярхоўнага Савету ўварваліся вайскоўцы, міліцыянты і байцы спэцпадразьдзяленьняў, дэпутаты былі жорстка зьбітыя групай асобаў у масках, іх вывезьлі з будынку і выкінулі ў цэнтры Менску.

Літаральна на наступны дзень Вярхоўны Савет зацьвердзіў чатыры пытаньні, прапанаваныя Лукашэнкам на рэфэрэндум.

«Пасьля зьбіцьця дэпутатаў дэмаралізаваная рэшта Вярхоўнага Савету пад прымусам прагаласавала за гэтае антыканстытуцыйнае прызначэньне рэфэрэндуму», — тлумачыць Лявон Баршчэўскі.

Два пытаньні з чатырох парушалі Канстытуцыю і закон «Аб народным галасаваньні»

Прынамсі два пытаньні з чатырох, прапанаваных Лукашэнкам, парушалі артыкулы 17, 78 і 148-2 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і закон «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме)»: на рэфэрэндум не маглі выносіцца пытаньні нацыянальна-гістарычнай адметнасьці — аб статусе беларускай мовы і аб дзяржаўных сымбалях.

Менавіта на гэтай падставе за некалькі месяцаў да рэфэрэндуму Цэнтральная камісія па выбарах і рэфэрэндумах адмовіла групе грамадзян у правядзеньні рэфэрэндуму па моўным пытаньні, пяць парлямэнцкіх камісій далі адмоўныя заключэньні, бо прапанова не адпавядала заканадаўству.

«Гэтыя два юрыдычныя моманты — незаконнае прызначэньне рэфэрэндуму і пытаньні мовы і сымболікі — бясспрэчныя. Любы Канстытуцыйны Суд, калі ён адновіць свае нармальныя паўнамоцтвы і паўнавартасную працу, адменіць гэтыя вынікі», — перакананы Лявон Баршчэўскі.

Артыкул 17 Канстытуцыі вызначаў беларускую мову як дзяржаўную, а расейскую — як мову міжнацыянальных зносін. Зьмена іх статусу азначала зьмену Канстытуцыі. Паводле артыкула 148-2, зьмена Канстытуцыі не магла праводзіцца ў апошнія шэсьць месяцаў паўнамоцтваў дзейнага Вярхоўнага Савету.

«Увядзеньне дзьвюхмоўя азначала забойства беларускай мовы. Таму мы патрабавалі, каб Вярхоўны Савет не зацьвердзіў гэта рашэньне прэзыдэнта аб правядзеньні рэфэрэндуму», — кажа дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Сяргей Антончык.

 «Кожны імкнуўся ботам пацэліць у твар». Хроніка зьбіцьця дэпутатаў БНФ

Гісторык Валянцін Голубеў травеньскі рэфэрэндум 1995 году расцэньвае як першы адкрыта антыбеларускі рэфэрэндум.

«І сымболіка, і мова — гэта былі тыя пытаньні, за якія змагаліся некалькі пакаленьняў беларусаў — у супрацьстаяньні з варожымі ўладамі, з чужымі рэжымамі. А тут атрымалася, што прадстаўнік свайго, беларускага, прычым тады яшчэ дэмакратычнага рэжыму зрабіў так, каб пахаваць вынікі барацьбы і нацыянальных дзеячоў, і ўсяго народу», — кажа спадар Голубеў.

Нацыянальная сымболіка была створана непрафэсіяналамі, на гербе — фантастычная расьліна

Над новай нацыянальнай сымболікай не працавалі ні геральдысты, ні гісторыкі, ні мастакі. Аўтарам герба і сьцяга лічыць сябе тагачасны кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцын.

Пра гэта ўзгадвае ў сваёй кнізе «Лукашэнка. Палітычная біяграфія» палітоляг, літаратар Аляксандар Фядута.

Пяць гадоў таму Сініцын сам расказваў Свабодзе:

«Гэта была цалкам мая ініцыятыва. Я аўтар герба і сьцяга. Я маляваў эскіз. І нават у Цэнтравыбаркаме ёсьць мой эскіз, ад рукі намаляваны... Потым ужо мастак дадаў фарбы, крыху стылізаваў.

Ёсьць, праўда, там адзін штрых пікантны. Я быў супраць зорачкі наверсе. Яна, так бы мовіць, геральдычна ня ўпісваецца туды. Аўтар зорачкі — Іван Іванавіч Ціцянкоў. Усё астатняе маё. Сьцяг таксама мой», — хваліўся Леанід Сініцын.

Толькі амаль праз год, у сакавіку 1995 году, праект герба з Адміністрацыі прэзыдэнта паступіў у Дзяржаўную геральдычную службу пры Камітэце па архівах і справаводзтве Беларусі.

Шмат гадоў на гербе ў правай частцы была і фантастычная расьліна — блакітная кветачка, падобная да кветкі лёну, але з шасьцю пялёсткамі.

За дзьвюхмоўе прагаласавалі 53% ад тых, хто меў права голасу, за новыя сымбалі — 48%

Травеньскі рэфэрэндум праводзіўся адначасова з выбарамі ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня. Паводле афіцыйных зьвестак, у галасаваньні ўзялі ўдзел 64,8% ад колькасьці ўключаных у сьпісы. То бок яўка была ня надта высокая.

Да прыкладу, за першае пытаньне «Ці згодны Вы з наданьнем рускай мове аднолькавага статусу зь беларускай?» выказаліся 88,3% ад колькасьці ўдзельнікаў галасаваньня, або 53,9% ад усіх, хто быў уключаны ў сьпісы для галасаваньня.

За другое пытаньне — «Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?» — выказаліся 75,1% ад колькасьці ўдзельнікаў галасаваньня, гэта прыкладна 48% ад тых, хто меў права голасу.

На думку прафэсара Голубева, на рэфэрэндум прыйшлі ў асноўным прыхільнікі Лукашэнкі, а тады ён быў даволі папулярны.

«Мне падаецца, што на тым рэфэрэндуме любое пытаньне, нават самае абсурднае, перамагло б. Людзі тады спадзяваліся, што Лукашэнка зробіць якія-небудзь зьмены для паляпшэньня жыцьця».

Лявон Баршчэўскі лічыць, што ўсё накладалася яшчэ і на эканамічны крызіс:

«Людзі ў роспачы шукалі шляхі, як ім выжыць. Гэта не магло адлюстраваць аб’ектыўна думку грамадзтва. Але хачу засяродзіць увагу на адной цікавай лічбе: па пытаньні аб сымболіцы прагаласавала толькі 48% ад тых, хто быў унесены ў сьпісы для галасаваньня».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(38)