Женщины

Марына Міхайлава

Які след у гісторыі пакінула мінская мяшчанка Рохля Фрумкіна

«Салідарнасць» расказвае пра жанчыну, якая магла б стаць тварам і сімвалам беларускага броварства.

У сацыяльных сетках часам сустракаецца такі здымак нібыта Рохлі Фрумкінай. Але доказаў, што на фота менавіта яна, няма — афіцыйна выявы мяшчанкі не захаваліся

Многія звязваюць вядомы беларускі піўзавод «Аліварыя» з імем графа Чапскага. Але насамрэч ініцыятаркай адкрыцця ў Мінску сямейнага бровару была жанчына — мяшчанка Рохля Фрумкіна. Звестак пра тое, якой была гэтая прадпрымальная беларуска, засталося няшмат, і ўсё ж — прыгадваем пра першую гаспадыню менскай браварні.

Фрумкіна нарадзілася ў Мінску ў 1816 годзе. Хто былі яе бацькі, у якой сям’і яна вырасла — сёння гэтыя падрабязнасці можна адшукаць, верагодна, хіба ў некаторых беларускіх архівах ды музеях. Але бясспрэчна тое, што яна мела смеласць, задаткі бізнесоўца, добрую адукацыю і здаровую долю нахабства, а таксама матэрыяльны падмурак для сваіх амбіцыйных планаў.

У 1864 годзе яна звярнулася да губернскіх уладаў за дазволам на будоўлю браварні, прыклаўшы план будучай вытворчасці.

«Справа» па прашэнні Фрумкінай на 10 аркушах. Нацыянальны гістарычны архіў

«Маючы ва ўласнасці пляц з існуючымі на ім будынкамі, цяпер жадаю на гэтым пляцы зрабіць перабудову халоднага будынку па Загараднай вуліцы ў жылы дом і ўзвесці другі дом з уладкаваннем у ім піваваранага заводу…» — пісала Фрумкіна ў прашэнні.

Можна меркаваць, што на мясцовым узроўні ёй адмовілі ці ставілі палкі ў колы: маўляў, як гэта, жанчына і раптам уладальніца браварні (жанчын-прадпрымальніц  у тагачаснай Расійскай імперыі было ўсяго нічога — 4% ад агульнай колькасці прадпрымальнікаў, што вытлумачальна: права займацца бізнесам жанчын атрымалі ўсяго толькі ў 1863-м).

Таму Фрумкіна, якая засталася ўдавой і магла разлічваць толькі на сябе, не пасаромелася адрасаваць сваю просьбу да імператара. І, што адметна, дазвол яна атрымала, прычым гэты дакумент, датаваны 29 студзеня 1864 года, захаваўся дасюль.

Прашэнне Фрумкінай у Мінскую губернскую будаўнічую і дарожную камісію аб дазволе на будаўніцтва. Нацыянальны гістарычны архіў

Драўляная пабудова на скрыжаванні вуліц Аляксандраўскай і Загараднай (цяпер Кісялёва і Багдановіча) у Мінску паўстала даволі хутка. І не менш імкліва мануфактура, кажучы сучасная мовай, «раскруцілася» — за год завод Фрумкінай выпускаў каля 80 тысяч вёдраў піва.

Што цікава, амаль у гэты самы час, хіба на колькі месяцаў раней, на Беларусі быў заснаваны яшчэ адзін півавараны завод, які дажыў да нашых дзён — бровар у Лідзе. І гэта зноў жа штрых да прадпрымальніцкай чуйкі Фрумкінай: пралічыць, што пасля адмены прыгоннага права немалая колькасць сялян рушыць у гарады, што на фоне росту насельніцтва вырасце попыт на алкаголь, і рызыкнуць немалымі грашыма, каб заняць гэту нішу адной з першых і абысці канкурэнтаў — далёка не кожны рызыкне.

І яшчэ адзін штрых, што называецца, да разумення агульнай карціны: Фрумкінай на гэты час пад 50, яна маці вялікага сямейства — выхоўвае 14 (!) дзяцей. А сярод актываў — зямельны надзел плошчай у 5000 квадратных метраў, што перайшоў ёй ад бацькі, і гатоўнасць вучыцца новаму, не зважаючы на перашкоды.

Рохля зрабіла ўсё ад яе залежнае і нават больш, каб старт аказаўся паспяховым. Яна не шкадуе грошай на якаснае абсталяванне для мануфактуры (дзякуючы таму, што зямля ў яе ва ўласнасці, на зямельным падатку ўдаецца няблага зэканоміць), абсталюе лядоўню, саладоўню, па некаторых звестках, едзе пераймаць вопыт у Аўстра-Венгрыю.

Усё гэта дае плён. Гатункі «Баварскае», «Сталовае» і «Пльзенскае», якія вырабляў бровар Фрумкінай, лічыліся найлепшымі сама меней у Мінскай губерніі. У 1889-м піва атрымала ад Віленскага скакавога таварыства залаты медаль за якасць.

Завод «Багемія». Нацыянальны гістарычны архіў РБ

Фрумкіна асабіста кіравала прадпрыемствамм 12 год — і магчыма, дасягнула б значна большых вынікаў. Але не паспела, яе жыццё забраў рак мозгу. А вось у нашчадкаў справы пайшлі значна горш.

Па-першае, па смерці гаспадыні за яе спадчыну разгарэлася няпростае і доўгае судовае разбіральніцтва, якое выгралі сыны (па другой версіі, пляменнікі) Арон і Невах. А па-другое, спадчыннікі ўмудрыліся загубіць справу жыцця Фрумкінай, і бровар быў прададзены.

Абставіны гэтага банкруцтва, дарэчы, досыць сумнеўныя — з мэтай пашырыць вытворчасць уласнікі ўзялі крэдыт на 1 тысячу рублёў, набылі яшчэ адзін участак зямлі… і раптам выявілася, што ён належыць гораду. Небарак-гаспадароў хутка зацягалі па судах, абклалі штрафамі, абанкруцілі, маёмасць выставілі на таргі — і выйграў іх, на хвіліначку, гарадскі галава. Досыць дзіўна, ці не праўда?

Так ці інакш, новым уладальнікам завода «Багемія» стаў граф Чапскі, які замест драўлянага будынку ўзвёў каменны, а да яго далучыў гатэль і адміністратыўныя будынкі.

Само ж прадпрыемства, на якім новы гаспадар правёў электрычнасць і ўсталяваў паравы кацёл, ператварылася з сямейнай мануфактуры ў больш сучасны завод з прамысловымі маштабамі вытворчасці.

На цяперашнім музеі «Аліварыі» красуе профіль Чапскага, а вось пра Фрумкіну згадваюць толькі падчас экскурсіі

Уласна, на гэтым месцы карпусы стаяць і дагэтуль, як помнік прамысловай архітэктуры ХІХ стагоддзя. І хоць некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што каменная забудова стаіць не на тым самым месцы, што як драўляны папярэднік, а па дыяганалі, і што Фрумкіна не можа лічыцца пачынальніцай «Аліварыі», на самім заводзе так не лічаць — прынамсі экскурсіі ў музеі піваварання пачынаюцца менавіта з гісторыі поспеху Рохлі Фрумкінай.

А яшчэ прадпрымальная мяшчанка натхніла сучасніц — і ў 2019-м стала адной з гераінь кнігі Ірыны Саламацінай і Наталлі Кухарчык для дзяцей «Яна была: 16 жанчын, якія сталі часткай гісторыі Беларусі».

Ілюстрацыя Дар’і Сазановіч з кнігі «Яна была», 2019

Вобраз Рохлі Фрумкінай, пра якую шырокай грамадскасці вядома несправядліва мала (нават у музеі не захавалася яе фотаздымкаў), стварыла мастачка Дар’я Сазановіч.

Іх гісторыі захапляюць, іх досвед уражвае, іх прыклад натхняе.

Гэты фрагмент з анатацыі, бадай, найлепш падыходзіцць і канкрэтна да гісторыі Фрумкінай, і хоць крыху запаўняе шматлікія белыя плямы пра ролю жанчын у нашай гісторыі.