Іх гісторыі захапляюць, іх досвед уражвае, іх прыклад натхняе.
Які след у гісторыі пакінула мінская мяшчанка Рохля Фрумкіна
«Салідарнасць» расказвае пра жанчыну, якая магла б стаць тварам і сімвалам беларускага броварства.
Многія звязваюць вядомы беларускі піўзавод «Аліварыя» з імем графа Чапскага. Але насамрэч ініцыятаркай адкрыцця ў Мінску сямейнага бровару была жанчына — мяшчанка Рохля Фрумкіна. Звестак пра тое, якой была гэтая прадпрымальная беларуска, засталося няшмат, і ўсё ж — прыгадваем пра першую гаспадыню менскай браварні.
Фрумкіна нарадзілася ў Мінску ў 1816 годзе. Хто былі яе бацькі, у якой сям’і яна вырасла — сёння гэтыя падрабязнасці можна адшукаць, верагодна, хіба ў некаторых беларускіх архівах ды музеях. Але бясспрэчна тое, што яна мела смеласць, задаткі бізнесоўца, добрую адукацыю і здаровую долю нахабства, а таксама матэрыяльны падмурак для сваіх амбіцыйных планаў.
У 1864 годзе яна звярнулася да губернскіх уладаў за дазволам на будоўлю браварні, прыклаўшы план будучай вытворчасці.
«Маючы ва ўласнасці пляц з існуючымі на ім будынкамі, цяпер жадаю на гэтым пляцы зрабіць перабудову халоднага будынку па Загараднай вуліцы ў жылы дом і ўзвесці другі дом з уладкаваннем у ім піваваранага заводу…» — пісала Фрумкіна ў прашэнні.
Можна меркаваць, што на мясцовым узроўні ёй адмовілі ці ставілі палкі ў колы: маўляў, як гэта, жанчына і раптам уладальніца браварні (жанчын-прадпрымальніц у тагачаснай Расійскай імперыі было ўсяго нічога — 4% ад агульнай колькасці прадпрымальнікаў, што вытлумачальна: права займацца бізнесам жанчын атрымалі ўсяго толькі ў 1863-м).
Таму Фрумкіна, якая засталася ўдавой і магла разлічваць толькі на сябе, не пасаромелася адрасаваць сваю просьбу да імператара. І, што адметна, дазвол яна атрымала, прычым гэты дакумент, датаваны 29 студзеня 1864 года, захаваўся дасюль.
Драўляная пабудова на скрыжаванні вуліц Аляксандраўскай і Загараднай (цяпер Кісялёва і Багдановіча) у Мінску паўстала даволі хутка. І не менш імкліва мануфактура, кажучы сучасная мовай, «раскруцілася» — за год завод Фрумкінай выпускаў каля 80 тысяч вёдраў піва.
Што цікава, амаль у гэты самы час, хіба на колькі месяцаў раней, на Беларусі быў заснаваны яшчэ адзін півавараны завод, які дажыў да нашых дзён — бровар у Лідзе. І гэта зноў жа штрых да прадпрымальніцкай чуйкі Фрумкінай: пралічыць, што пасля адмены прыгоннага права немалая колькасць сялян рушыць у гарады, што на фоне росту насельніцтва вырасце попыт на алкаголь, і рызыкнуць немалымі грашыма, каб заняць гэту нішу адной з першых і абысці канкурэнтаў — далёка не кожны рызыкне.
І яшчэ адзін штрых, што называецца, да разумення агульнай карціны: Фрумкінай на гэты час пад 50, яна маці вялікага сямейства — выхоўвае 14 (!) дзяцей. А сярод актываў — зямельны надзел плошчай у 5000 квадратных метраў, што перайшоў ёй ад бацькі, і гатоўнасць вучыцца новаму, не зважаючы на перашкоды.
Рохля зрабіла ўсё ад яе залежнае і нават больш, каб старт аказаўся паспяховым. Яна не шкадуе грошай на якаснае абсталяванне для мануфактуры (дзякуючы таму, што зямля ў яе ва ўласнасці, на зямельным падатку ўдаецца няблага зэканоміць), абсталюе лядоўню, саладоўню, па некаторых звестках, едзе пераймаць вопыт у Аўстра-Венгрыю.
Усё гэта дае плён. Гатункі «Баварскае», «Сталовае» і «Пльзенскае», якія вырабляў бровар Фрумкінай, лічыліся найлепшымі сама меней у Мінскай губерніі. У 1889-м піва атрымала ад Віленскага скакавога таварыства залаты медаль за якасць.
Фрумкіна асабіста кіравала прадпрыемствамм 12 год — і магчыма, дасягнула б значна большых вынікаў. Але не паспела, яе жыццё забраў рак мозгу. А вось у нашчадкаў справы пайшлі значна горш.
Па-першае, па смерці гаспадыні за яе спадчыну разгарэлася няпростае і доўгае судовае разбіральніцтва, якое выгралі сыны (па другой версіі, пляменнікі) Арон і Невах. А па-другое, спадчыннікі ўмудрыліся загубіць справу жыцця Фрумкінай, і бровар быў прададзены.
Абставіны гэтага банкруцтва, дарэчы, досыць сумнеўныя — з мэтай пашырыць вытворчасць уласнікі ўзялі крэдыт на 1 тысячу рублёў, набылі яшчэ адзін участак зямлі… і раптам выявілася, што ён належыць гораду. Небарак-гаспадароў хутка зацягалі па судах, абклалі штрафамі, абанкруцілі, маёмасць выставілі на таргі — і выйграў іх, на хвіліначку, гарадскі галава. Досыць дзіўна, ці не праўда?
Так ці інакш, новым уладальнікам завода «Багемія» стаў граф Чапскі, які замест драўлянага будынку ўзвёў каменны, а да яго далучыў гатэль і адміністратыўныя будынкі.
Само ж прадпрыемства, на якім новы гаспадар правёў электрычнасць і ўсталяваў паравы кацёл, ператварылася з сямейнай мануфактуры ў больш сучасны завод з прамысловымі маштабамі вытворчасці.
Уласна, на гэтым месцы карпусы стаяць і дагэтуль, як помнік прамысловай архітэктуры ХІХ стагоддзя. І хоць некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што каменная забудова стаіць не на тым самым месцы, што як драўляны папярэднік, а па дыяганалі, і што Фрумкіна не можа лічыцца пачынальніцай «Аліварыі», на самім заводзе так не лічаць — прынамсі экскурсіі ў музеі піваварання пачынаюцца менавіта з гісторыі поспеху Рохлі Фрумкінай.
А яшчэ прадпрымальная мяшчанка натхніла сучасніц — і ў 2019-м стала адной з гераінь кнігі Ірыны Саламацінай і Наталлі Кухарчык для дзяцей «Яна была: 16 жанчын, якія сталі часткай гісторыі Беларусі».
Вобраз Рохлі Фрумкінай, пра якую шырокай грамадскасці вядома несправядліва мала (нават у музеі не захавалася яе фотаздымкаў), стварыла мастачка Дар’я Сазановіч.
Гэты фрагмент з анатацыі, бадай, найлепш падыходзіцць і канкрэтна да гісторыі Фрумкінай, і хоць крыху запаўняе шматлікія белыя плямы пра ролю жанчын у нашай гісторыі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное