«Як кажа прымаўка: старога сабаку не навучыш новым трукам»
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст падзяліўся з Филином пра тое, як улады вяртаюцца да практык і наратываў 90-х.
— Абяцанне намесніка міністра ўнутраных спраў «дайсці да кожнага» было агучана датычна карупцыйных справаў у сферах малочнай і мясной вытворчасці. Ці можа гэта стаць слоганам новай кампаніі рэжыму? Можа варта чакаць нейкай больш шырокай хвалі барацьбы з карупцыяй? Як у старыя добрыя 90-я.
— Думаю, што так. Як кажа прымаўка: старога сабаку не навучыш новым трукам. Персанаж, пра якога ідзе гаворка, чалавек і праўда ўжо не малады. Трукі традыцыйныя, даволі эфектыўныя, хоць можа і не на ўсіх дзейнічаюць.
І трэба сказаць, што гэтая формула «дойдзем да ўсіх» досыць дваістая. З аднаго боку — усіх ворагаў пасадзім. У прамове намесніка міністра Казакевіча ладная частка была прысвечаная справе Каардынацыйнай рады.
Ён расказаў пра ператрусы, з ягоных словаў вынікае пра намер уладаў канфіскаваць у чальцоў рады маёмасць. То бок, вось гэта ворагі. І карупцыянеры ворагі, іх таксама ўсіх дастанем.
Але з іншага боку, «дойдзем да кожнага» — гэта і клопат пра харошых, пра сяброў, пра сваіх. Мы бачым апошнім часам заявы Лукашэнкі, што шмат бедных у нас, што трэба пра іх клапаціцца. І да іх усіх трэба дайсці, але каб дапамагчы.
Я думаю, што гэта будзе такое кансалідаванае пасланне і на выбарах, і на вылучэнні на Усебеларускі народны сход. Думаю, што так, гэта пасланне, гэта вяртанне ў 90-я гады, у тыя наратывы — жорсткасць да ворагаў, а дабрыня і шчырасць да сваіх.
— Калі казаць пра зусім ужо «сваіх» — гісторыя з віцебскім флаштокам, які, напэўна, будзе каштаваць не нашмат менш за гомельскі — яна пра чарговы распіл дзяржсродкаў, ці ўсё ж пра ідэалогію? Ці тут для чынавенства акурат той момант, калі можна паразітаваць на папулярнай тэме без страху і папроку?
— Гэта робіцца неабавязкова для таго, каб свядома штосьці скрасці. Хаця, магчыма, для многіх гэта таксама матыў. Але, я думаю, чыноўнікі адчуваюць рост ідэалагічнасці сённяшняга рэжыму.
Бо ўсё ж такі да 2020-га пасланне было такое: сядзім ціха, працуем, робім сваю справу. Ідэалогіяй, натуральна, займаліся, але гэтае пытанне не было ў самым цэнтры. Зараз абсалютна відавочна адбываецца рэідэалагізацыя рэжыму.
А людзі адчуваюць гэта, у тым ліку і тыя, што пры ўладзе. І чым ты сёння можаш адзначыцца? Падвышэннем заробкаў у сваім рэгіёне? Ну, гэта яшчэ як атрымаецца. Гэта добра, канечне, але даволі няпроста.
Ну, то мы адзначымся дэманстрацыяй нашай лаяльнасці. Гэта, дарэчы, неабавязкова ідзе з самага верху. Адтуль ідзе пасыл на рэідэалагізацыю. Але ўвасабленне гэтага адбываецца ўжо на месцах.
Самі людзі прыходзяць да высновы, што трэба так рабіць, каб у поспехах адпаведнага раёна ці вобласці паставілі птушачку, што яны адзначыліся, далі бой ідэалагічным ворагам.
І гэтая птушачка ў адпаведнай справаздачы пра поспехі рэгіёна, магчыма, больш каштуе для гэтых людзей, чым банальна скрадзеныя грошы на ўзвядзенне гэтага флагштока.
Читайте еще
Избранное