«Як і пры камуністах, беларусы сёння маюць магчымасць адкрыта святкаваць Дзень Волі толькі ў замежжы»
Колькі слоў пра гістарычныя паралелі і асцярожны аптымізм.
24 сакавіка 2024 года, 106-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі ў польскім Беластоку. Святочная праграма нядзелі: малебен за беларускі народ у царкве, мітынг каля ратушы, канцэрт.
На імгненне перанясемся ў Вільню 1934-га, дзе Беларускі Нацыянальны Камітэт ладзіў святкаванне 16-годдзя заснавання БНР. Вось тагачасная праграма святочных мерапрыемстваў: набажэнства, сход, канцэрт.
90 год таму нашыя суайчыннікі, якія апынуліся па-за межамі Беларусі, святкавалі Дзень Волі, як сёння яго святкуюць тысячы беларусаў, расцярушаных па ўсім свеце. Варшава — марш і канцэрт, Нью-Ёрк — святочная літургія і канцэрт, Вільня — акцыя памяці, круглы стол, мітынг на Лукішскім пляцы.
Тры гады беларусы не могуць адзначыць Дзень Волі ў Мінску, Гродне і Лідзе, у Бабруйску і Гомелі. Па зразумелых прычынах. Як не маглі гэтага зрабіць іх продкі ў БССР. Як і пры камуністах, беларусы сёння маюць магчымасць адкрыта святкаваць чарговую гадавіну Беларускай Народнай Рэспублікі толькі па-за межамі сваёй радзімы.
Сёлета ў Беластоку на гарадской ратушы побач з польскім сцягам лунаў бел-чыровона-белы сцяг з «Пагоняй». Мы гэта ўжо праходзілі.
У 1970-м мэр Таронта Вільям Дэнісан афіцыйнай пракламацыяй абвясціў 25 сакавіка «Беларускім днём незалежнасці» ў горадзе ў знак салідарнасці з Беларуссю. З таго часу мэрыя горада шмат гадоў уздымала 25 сакавіка бел-чырвона-белы сцяг перад гарадской ратушай.
Як і ў тыя часы, поруч з беларусамі ў Батумі і Беластоку стаяць украінцы, якія на Дзень Волі жадаюць нам хутчэйшай свабоды. Зрэшты, і беларусы падтрымліваюць суседзяў на іх святах і жалобах.
Але ёсць і адрозненні паміж тымі часамі і днём сённяшнім. Сёння куды больш беларусаў ведае пра 25 сакавіка, пра нашую першую спробу здабыць незалежнасць.
Можна колькі заўгодна скептычна называць адзначэнне 100-годдзя БНР каля Оперы «святам у загоне». Але мы і да таго, і пасля не бачылі гэтулькі тысячаў беларусаў разам на Дзень Волі. І гэта, як кажуць, не разбачыць.
Сёння пра ўстаўныя граматы і ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі можна прачытаць у тэлефоне, не трэба таемна збіраць каштоўныя звесткі па архівах.
За камуністамі пра БНР маўчалі, памяць пра яе вытручвалі з памяці людзей. Тое самае цяпер робяць сённяшнія бальшавікі, якія яшчэ лічаныя гады таму ладзілі круглыя сталы і нават апраўдвалі зварот айцоў-заснавальнікаў да нямецкага кайзера.
Але гісторыя вучыць нас, што праўда пра тыя лёсавызначальныя падзеі пратачылася да беларусаў праз дзясяткі год. Праз замоўчванне і перапісванне падручнікаў. Не атрымаецца схаваць праўду і гэтым разам.
Пытанне толькі ў тым, колькі часу міне, пакуль мы зможам зладзіць сапраўды Дзень Волі ў сябе ў дома. І не ў загоне.
А пакуль, дзе б хто з нас сёння не быў — у Баранавічах, ці Кракаве — са святам!
Читайте еще
Избранное