«Я ўзяў камеру і апынуўся пад сценамі Акрэсціна». Рэжысёр Андрэй Куціла зняў новы фільм пра беларусаў
Новы фільм пра падзеі пасля выбараў у Беларусі «Калі кветкі не маўчаць» Андрэя Куцілы патрапіў у асноўны конкурс дакументальнага кіно Варшаўскага кінафестывалю. Акурат там адбудзецца прэм’ерны паказ стужкі, што здымалася са жніўня 2020-га года.
Наша ніва спытала ў рэжысёра, хто стаў галоўным героем, калі новае кіно пра сябе змогуць паглядзець усе беларусы і што далося яму цяжэй за ўсё падчас здымак такой псіхалагічна складанай тэмы.
Андрэй Куціла, рэжысёр-дакументаліст, пераможца шматлікіх міжнародных фестываляў. Аўтар такіх фільмаў, як «Стрыптыз і вайна», «Цар гары», «Мне трэба поціскаў», «Summa» і інш.
«На Акрэсціна апынулася мая сястра, і гісторыя перарасла ў прыватную»
Андрэй Куціла шчыра прызнаецца, што звычайна імкнецца пазбягаць у творчасці наўпроставых палітычных тэм — не яго профіль. І ў 2020 годзе ён планаваў выконваць ролю звычайнага грамадзяніна сваёй краіны. Але калі стаў зразумелы маштаб усіх паслявыбарчых падзей, ён адчуў, што мусіць фіксаваць усё гэта.
«Я ўзяў камеру і апынуўся пад сценамі Акрэсціна. І там зразумеў, што павінен перадаць той боль, адчуванне невядомасці людзей, якія стаяць гадзінамі, чакаючы сваіх блізкіх, каханых.
Зафіксаваць гэтыя партрэты, кавалкі дыялогаў вакол. Так спачатку з’явіўся кароткаметражны фільм «Муры» (кавалкі з яго ўвайшлі і ў «Калі кветкі не маўчаць»). Пасля яго мне здавалася, што я выказаўся.
Але падзеі працягваліся, рух супрацьстаяння і рэпрэсіі ўзмацняліся. Назіралася выключная для беларускай гісторыі сітуацыя. А потым на Акрэсціна апынулася мая сястра — гісторыя з агульнай перарасла ў прыватную.
Яшчэ недзе з месяц я не мог узяць у рукі камеру, але потым вырашыў фіксаваць перажыванні сястры пасля Акрэсціна хаця б для сямейнай хронікі. Не было думкі рабіць поўнаметражны фільм, але неяк само сабой выйшла, што я пачаў знаёміцца з іншымі людзьмі, здымаць новыя сем’і», — згадвае Андрэй.
Кадр з фільма
Патэнцыйных герояў Андрэй шукаў праз знаёмых і СМІ. Галоўным крытэрыем адбору, акрамя здольнасці людзей свабодна адчуваць сябе перад камерай, быць гатовым да «назірання», стала наяўнасць трансфармацый, перамен у іх жыцці — як унутраных, так і вонкавых.
Паралельна з лёсамі беларусаў на фоне палітычных падзей у краіне Андрэй здымаў шмат выпадковых мінакоў, дыялогаў падчас дэманстрацый і пад тым жа ізалятарам на Акрэсціна.
«Такім чынам мне хацелася дадаць кіно аб’ёму.
У фінальнай версіі кожны знойдзе сябе, бо там галерэя з эмоцый і характараў.
У выніку, дарэчы, атрымалася так, што мая камера на вуліцах часцей спынялася на тварах жанчын. Але гэта не было зроблена адмыслова.
У мяне няма адчування, што менавіта жанчыны зрабілі пратэст, але менавіта яны першымі далі імпульс негвалтоўнаму супраціву», — каментуе рэжысёр.
Кадр з фільма
«Гэта быў ледзь не самы цяжкі праект у маім жыцці»
Творца прызнаецца, што ўпершыню за доўгі час працы ў дакументалістыцы ён не змог заставацца халодным і безуважлівым да тэмы:
«Псіхалагічна гэта быў ледзь не самы цяжкі праект у маім жыцці. Здаралася, едзеш са шпіталя, дзе бачыў ахвяр, паразмаўляў з імі і проста не можаш далей кіраваць машынай — спыняешся, каб адысці.
Цябе ўсё гэта накрывае. Увесь гэты боль ты ўспрымаеш як свой асабісты. Увогуле, на мантажы я яшчэ неяк трымаўся, а пасля, калі трэба было кантраляваць пафарбоўку, ужо не мог глядзець свой фільм.
Такія рэчы ўвогуле можна глядзець раз, максімум — два. Прайшоў год, і я дагэтуль не магу рэагаваць на гэта спакойна.
Я знясілены працай над тэмай, хочацца ўзяць перапынак. Але як зрабіць гэта, калі кожны дзень думаеш пра лёсы беларусаў, рэпрэсіі, што ўсё працягваецца…»
«Надзея ёсць, хай не на заўтра, дык на паслязаўтра»
Агулам над фільмам працавала беларуска-польская каманда з дзесяці чалавек. Фінансава праект падтрымаў тэлеканал, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Калі яго змогуць убачыць беларускія гледачы, пакуль невядома.
Кадр з фільма
У анонсе прэм’еры Андрэй Куціла назваў сваю працу «фільмам-надзеяй». Яму яе даюць менавіта беларусы, асобныя ініцыятывы і сем'і. Просты народ, які працягвае рабіць сваю справу, нягледзячы ні на што.
«У мяне, у адрозненне ад многіх, не было веры ў хуткую перамогу. І рэальнасць пераважыла мае чаканні: у нас здарылася сапраўднае свята абуджэння і яднання, з’яўлення новых гарызантальных сувязяў. І як бы іх ні разбуралі, у нас гэта ўжо не адабраць. Так, пакуль не перамога: людзі сядзяць у турмах, ёсць забітыя, мы панеслі страты. Так, цяпер цёмныя часы. Але для ўлады, для цёмнага боку, яны таксама змрочныя. Дзе перспектыва і надзея з таго боку? Яе няма. А ў нас яна ёсць, хай не на заўтра, а на паслязаўтра. Таму што нацыянальны ўздым ужо ўпісаны ў нашу гісторыю».
Читайте еще
Избранное