Хто служыць Лукашэнку?
Журналісты Бюро знайшлі цэлы пул людзей – асабістыя кухары, афіцыянтка, лекарка і цырульніца. Яны гадамі служылі Аляксандру Лукашэнку, але заставаліся ў цені. Выданне назавае новыя імёны і раскрывае іх сакрэты. У гэтай гісторыі будзе і стажыроўка ў «кухара Пуціна», і неверагодны кар’ерны ўзлёт, і, магчыма, новыя сваяцкія сувязі ў самога Лукашэнкі.
Аляксандр Лукашэнка правіць Беларуссю вось ужо 30 гадоў і збіраецца «пераабірацца» на новы – сёмы – тэрмін у 2025 годзе. Але што выбарцы ўвогуле ведаюць пра «нацыянальнага лідара», акрамя таго, што транслюе прэс-служба і прапаганда?
Як арганізаваны ягоны побыт, хто гэтыя людзі, якія дапамагаюць «народнаму абранніку» ў ягонай штодзённай руціне, што ён есць і хто яго корміць – на ўсе гэтыя пытанні вось ужо тры дзясяткі гадоў не было адказаў.
Вучань «кухара Пуціна»
У 2015 годзе на тэлеканале НТВ быў паказаны сюжэт, прысвечаны мінскім перамовам лідараў Германіі, Францыі, Украіны і Расіі па сітуацыі ў Данбасе. У яго ўключылі расповед асабістага шэф-кухара Лукашэнкі – Міхаіла. Тады французскаму прэзідэнту Франсуа Аланду спадабаліся яго беларускія дранікі са смятанай, а канцлеру Германіі Ангеле Меркель сала.
Як удалося высветліць, карміў ганаровых гасцей Лукашэнкі і яго самога шэф-кухар Міхаіл Анішчанка.
Згодна са звесткамі, якія «Бюро» атрымала ад «Кіберпартызан», кар’еру ў РУП «Кастрычніцкі» Упраўлення спраў Лукашэнкі Міхаіл пачаў будаваць у свае 19 гадоў у 2007 годзе.
Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Кастрычніцкі» – даччыная структура Упраўлення спраў Лукашэнкі. Гэтая арганізацыя была створаная ў 1992 годзе і яе асноўны кірунак – праца рэстаранаў.
«Кастрычніцкі» мае 71 аб’ект грамадскага харчавання, 9 рознічных гандлёвых аб’ектаў і 9 перасоўных гандлёвых пунктаў. Найбольш вядомыя кафэ: «Лідо», «Манетны двор», «Менск».
Паводле працэдуры закупкі з адной крыніцы РУП «Кастрычніцкі» пастаўляў харчаванне для цэнтральнага апарата Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Міністэрства фінансаў РБ, Міністэрства юстыцыі РБ, дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС, ХК «Юнацтва-Мінск», Вярхоўнага суда РБ. Паводле распараджэння Лідзіі Ярмошынай у 2020 годзе супрацоўнікі арганізацыі гатавалі для Цэнтральнай выбарчай камісіі РБ.
У «Кастрычніцкім», паводле звестак ФСАН, Анішчанка значыўся і ў час таго самага прыёму на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў «Нармандскай чацвёркі».
Сваім кулінарным майстэрствам кухар зарабляў тады на службе ў Лукашэнкі ад 1200 да 3000 тысяч долараў за месяц, то бок атрымліваў ад 2 да 5 сярэдніх беларускіх зарплат.
Журналісты пагутарылі з чалавекам, які бываў на кухні Лукашэнкі. Ён расказаў нам падрабязнасці кар’еры прэзідэнцкага повара Міхаіла Анішчанкі і падзяліўся некаторымі асаблівасцямі працы «высокай» кухні.
Паводле слоў суразмоўцы «Бюро», Анішчанка праходзіў практыку ў рэстаране «Застолле» (РУП «Кастрычніцкі»), калі вучыўся ў кулінарным тэхнікуме. Туды ж малады чалавек вярнуўся і пасля завяршэння вучобы.
Галоўным кулінарным настаўнікам Міхаіла Анішчанкі стаў Аляксандр Петрыман – аматар французскай кухні і на той момант шэф-кухар рэстарана «Залаты грабянец». З «Залатым грабянцом» Міхаіл супрацоўнічаў, паралельна працуючы ва Упраўленні спраў.
Кавярня «Залаты грабянец» адзін з самых вядомых праектаў у сферы грамадскага харчавання, знаходзіцца ў цэнтры Мінска і спецыялізуецца на французскай кухні. Гэта адзін з бізнэс-праектаў Юрыя Чыжа. У 2023 годзе кавярня была выстаўленая на таргі за даўгі «Трайпла», як і многія іншыя актывы былога лукашэнкаўскага «кашалька», які трапіў у апалу.
Акрамя вучобы ў шэф-кухара Юрыя Чыжа, у скарбонцы прэзідэнцкага кулінара Міхаіла Анішчанкі некалькі стажыровак у расійскіх рэстаранах, адкрытых былым «кухарам Пуціна», цяпер ужо нябожчыкам Яўгенам Прыгожыным. Анішчанка праходзіў навучанне ў Санкт-Пецярбургу ў рэстаране «Старая мытня» і «Рэстаране купцоў Елісеевых».
Але вернемся на кухню Лукашэнкі. На ёй, кажа нашая крыніца, поварам часцей за ўсё даводзіцца гатаваць стравы нацыянальнай кухні – стравы з бульбы: дранікі, бабку і мачанку. З супоў – беларускі жур.
На пытанне пра тое, наколькі складана персаналу працаваць з Лукашэнкам, крыніца адказала нам так: «Ніхто не трапляе туды [на службу да Лукашэнкі] проста так. Калі ты варты, паказваеш свае нейкія прафесійныя якасці, навыкі, то ты і дапускаешся да адказнай працы».
З дадзеных, атрыманых ад «Кіберпартызан», мы бачым, што ва Упраўленні спраў Лукашэнкі Анішчанка ўжо не значыцца. Ён прапрацаваў на Лукашэнку 10 гадоў, а затым выйшаў з ценю і стаў асобай медыйнай.
Цяпер Міхаіл вядзе кулінарнае шоу на дзяржаўным тэлеканале СТБ і арганізоўвае кулінарныя майстар-класы. Працу над кулінарнымі праектамі Міхаіл сумяшчае з пасадай шэф-кухара ў кулінарнай студыі Le Gourmet і сядзібе Royal Hall у вёсцы Чудзенічы пад Мінскам. Уладальнік сядзібы, бізнэсовец Дзмітрый Маркевіч, адносіць Royal Hall да прэміум-сегмента.
Сёння ў сваім інстаграме былы кухар Лукашэнкі апісвае сябе так: «шэф-кухар тваёй мары».
Абед маўчання
Калі Міхаіл Анішчанка абслугоўваў беларускую вярхушку ў Палацы Незалежнасці, то падчас працоўных паездак на борце ўрадавага самалёта смачнай ежай Лукашэнку дагаджалі кухаркі Зінаіда Няхай і Галіна Зямчонак.
Кухарка Зінаіда Няхай з 2003 па 2010 гады працавала ў дзяржаўным рэстаране «Арбат». У 2009 годзе выйшла замуж за супрацоўніка МУС Георгія Глебку. У 2010 годзе, калі рэстаран «Арбат» закрылі на рэканструкцыю, Зінаіда перайшла на службу ў РУП «Кастрычніцкі».
Ужо ў 2013 годзе яна накіроўваецца ў Баку ў сваю першую службовую камандзіроўку з Лукашэнкам. З 2014 па 2020 гады кухарка суправаджае палітыка практычна ў кожнай камандзіроўцы, калі гаворка ідзе пра візіты да кіраўнікоў дзяржаў. На такой службе «паходная» кухмістрыня Зінаіда Няхай зарабляла ў сярэднім ад 1100 да 3000 долараў. У 2022 годзе жанчына пайшла на пенсію.
«Бюро» патэлефанавала Зінаідзе Няхай. Яна паведаміла, што ўлюбёная страва Лукашэнкі – «гэта дзяржаўная таямніца». Але жанчына пагадзілася расказаць нам крыху пра тое, як ёй працавалася:
– Ну, вядома, [Лукашэнка] добры чалавек. Што яшчэ скажаш? Дрэннага нічога не магу сказаць. Пайшла на пенсію, што рабіць? Ну, вядома, калі б маладзейшай крыху [была] і здароўе мацнейшае, вядома [працягвала б працаваць]. «Карона», вядома, мяне падкасіла, вось і ўсё.
У 2019 годзе на борт да Лукашэнкі адпраўляюць яшчэ адну кулінарку з «Кастрычніцкага». Высокі давер быў аказаны шэф-кухарцы гільдыі кухараў Беларусі, чалавеку года Віцебшчыны – Галіне Зямчонак. Свой шлях на кулінарны алімп жанчына працярэблівала, беручы ўдзел у шматлікіх кастынгах і конкурсах.
У 2011 годзе Галіна Зямчонак брала ўдзел у адборы кухараў да чэмпіянату свету па хакеі 2014 года – у ім было заяўлена 50 кухараў лепшых сталічных рэстарацый. Тады Галіна стала восьмай, здзівіўшы ўсіх сваімі незвычайнымі стравамі: губой лася, фаршыраванай ляснымі дарамі, рыбнымі кілбаскамі з сома з грыбамі і перапёлкамі ў бялках.
У 2012 годзе кулінарка выйграла стажыроўку ў Германіі. У 2013 годзе Зямчонак атрымала дыплом III ступені на Міжнародным конкурсе кухараў і шэф-кухараў «Залаты баль» у Маскве. А ў 2014 годзе на Рэспубліканскім турніры сярод кухараў і шэф-кухараў Беларусі «Залаты кіцель» заваявала 1-е месца і атрымала залаты медаль у намінацыі «Асноўная рэстаранная страва з мяса».
У 2016 годзе будучая кухарка Лукашэнкі атрымала бронзавы медаль на Сусветнай кулінарнай алімпіядзе ў нямецкім Эрфурце.
У верасні 2019 года Галіна Зямчонак з Пастаў пераязджае ў Мінск, дзе ўладкоўваецца на працу ў «Кастрычніцкі». Літаральна праз месяц яна ўжо будзе суправаджаць беларускую дэлегацыю на чале з Лукашэнкам у Нур-Султан, а яшчэ праз месяц паляціць з ім у Вену. Тады за працу на Лукашэнку Галіна атрымлівала ў сярэднім каля 1300 долараў. У 2021 годзе ў РУП «Кастрычніцкі» яе заработная плата дасягала ўжо 1600 долараў. На канец 2023 года Зямчонак працягвала працаваць у «Кастрычніцкім».
На сваіх старонках у «Аднакласніках» і «Укантакце» Галіна Зямчонак дэманструе шматлікія ўзнагароды і далікатэсы. Найбольшы гонар у кухмістрыні выклікаюць уласнаручна створаныя букеты з сала.
Ганарыцца Галіна Зямчонак і стравай уласнага аўтарства пад назвай «беларускія сушы з грэчкі і проса, з салам, ялавічынай, з марынаваным агурком».
У арсенале нетрывіяльнай прэзідэнцкай кухаркі мы таксама знайшлі канапэ з агрэстам, трактар з сыру і букеты з салёных агуркоў і кукурузы.
Якая з гэтых страваў цяпер самая любімая ў Аляксандра Лукашэнкі журналісты вырашылі даведацца ў Галіны Зямчонак асабіста, але яна сказала, што «нічога не ведае», і паклала слухаўку.
Асабістая афіцыянтка Лукашэнкі
Увесь час суправаджае Лукашэнку ў працоўных паездках яшчэ адна супрацоўніца «Кастрычніцкага» – Наталля Аляксандрава.
Пасля заканчэння школы год яна значылася ў Мінскім цэнтры занятасці, а ў 2003-м паступіла на службу ў РУП «Кастрычніцкі» афіцыянткай. У гэтай арганізацыі жанчына працуе ўжо больш за 20 гадоў і будуе кар’еру.
У 2007 годзе ў яе з’яўляецца службовы пашпарт і яе дапускаюць на борт Лукашэнкі не менш як 18 разоў. У 2022 годзе Наталля атрымала пасаду загадчыцы сектара. У 2019 годзе яна зарабляла ў Лукашэнкі ў сярэднім каля 2000 долараў, а ў 2022 годзе яе заробак дасягнуў 3000 долараў.
Сёння ва ўласнасці ў Аляксандравай дзве кватэры ў Мінску.
«РУП «Кастрычніцкі» ў сістэме Упраўлення спраў – гэта манапаліст, які абслугоўвае ўсе дзяржрэзідэнцыі, усё кіраўніцтва краіны. Існуе вузкае кола, якое падабранае выключна для яго [Лукашэнкі]. Гэта кухня, гэта афіцыянты, афіцыянткі, ну і нейкая яшчэ там бліжэйшая абслуга. То бок не любы супрацоўнік РУП «Кастрычніцкі» будзе мець «доступ да цела», – кажа былы супрацоўнік Адміністрацыі Лукашэнкі.
Сярод тых, хто працуе з Лукашэнкам, існуе пэўная іерархія. Кухары і афіцыянты кормяць Лукашэнку – усяго толькі падносяць яму сняданкі, абеды і вячэры і могуць разлічваць на стабільны і даволі высокі па беларускіх мерках заробак.
Але ёсць людзі, якія па сваіх службовых абавязках да Лукашэнкі істотна бліжэйшыя і разам з фізічным доступам да яго цела атрымліваюць нашмат больш, чым поўны сацыяльны пакет.
Каралевы прыгажосці Лукашэнкі
Доктарка-рэаніматолаг Алена Казак суправаджае Лукашэнку ў паездках з 2016 года. Аднак з дакументаў складваецца ўражанне, што робіць яна гэта на правах валанцёркі.
Так, паводле дадзеных ФСАН, Казак значылася ў РНПЦ «Кардыялогія» ў 2014-2019 гадах, але ў 2019-м яе сярэдняя заработная плата, з якой яна аплачвала падаткі, была ўсяго каля 110 рублёў, або 52 долары.
А ў 2020 – 2021 гадах яна нібыта не зарабляла нічога, адпаведна і падатковых адлічэнняў не рабіла. Як такое магчыма? Нам патлумачыў бухгалтар і спецыяліст з ФСАН:
– Калі брута 0, тады, вядома, няма ФСАН. Гэта дамоўленасць, маўляў, «я вось хачу быць працаўладкаванай там, каб мець нейкія даброты ў Беларусі, для стажу. Я хачу там лічыцца». Асабліва калі гэта дзяржаўная арганізацыя, то гэта 100% для гэтых мэтаў робіцца. Таму што калі гэта яшчэ і дзяржструктура такая, дзе павышаная пенсія, то там для стажу патрэбная бесперапыннасць.
У цэнтры ўвагі СМІ Алена Казак апынулася ў 2020 годзе. Тады яе неаднаразова заўважалі ў кампаніі найбліжэйшага атачэння Лукашэнкі – Наталлі Эйсмант і Дзмітрыя Баскава.
У той неспакойны час яны ездзілі з рэйдамі па дварах і зразалі бела-чырвона-белыя стужкі. Паводле дадзеных Belpol, тэлефон Казак засвяціўся на «плошчы Перамен» у дзень забойства Рамана Бандарэнкі.
У 2022-м Казак перайшла ў 6-ю клінічную бальніцу і ў яе з’явіўся штомесячны афіцыйны заробак – у сярэднім 500-600 рублёў, або каля 200 долараў. У канцы 2023 года праект Motolko.help паведамляў, што Алена Казак суправаджала Лукашэнку на кліматычным саміце ў Дубаі.
Як стала вядома журналісту «Бюро», у канцы 2023 года рэаніматолаг Лукашэнкі Алена Казак падалася ў бізнэс і змяніла на пасадзе кіраўніцу цэнтра прыгажосці і здароўя «Айрыс». Ён належыць ТАА «Мантпарт» і да Алены Казак дырэктаркай арганізацыі з’яўлялася родная сястра другой асабістай лекаркі Лукашэнкі – Святланы Канашэнкі – Наталля Кізік.
Святлана Канашэнка – асабістая доктарка Аляксандра Лукашэнкі і па сумяшчальніцтве бізнэс-вумэн. У 2017 годзе заснавала цэнтр эстэтычнай медыцыны «МэджыкЭйдж». Кампанія валодае доляй у ТАА «Мантпарт».
Мажарытарным уладальнікам ТАА «Мантпарт» з’яўляецца блізкі да Лукашэнкі бізнэсовец, хакеіст Павел Белы. Асноўны від дзейнасці пералічаных фірмаў – медычныя паслугі па амаладжэнні.
У сакавіку 2024 года цяперашнюю бізнэсоўку Алену Казак заўважылі побач з Лукашэнкам падчас яго наведвання ў Мінску дабрачыннага фестывалю «Аліна-2024». Яго правяла былая гімнастка Аліна Кабаева, у якой, паводле звестак заходніх СМІ, ёсць дзеці ад Уладзіміра Пуціна. Восенню Казак у кампаніі Эйсмант і Баскава праводзіла ў космас з Байканура Марыю Васілевіч.
Журналіст «Бюро» паспрабаваў звязацца з Аленай Казак, каб даведацца, на якія сродкі яна жыла доўгі час. Мяркуючы па звестках ФСАН, заработная плата ў дзяўчыны больш чым сціплая, а аплата за суправаджэнне Лукашэнкі ў паездках не адлюстраваная ў дакументах. Аднак на нашыя тэлефанаванні доктарка не адказала.
Плюшкі за стрыжкі
На дэсерт мы вырашылі пакінуць гісторыю пра жанчыну, якая дзякуючы сваім уменням і блізкасці да Лукашэнкі атрымала дывідэнды ад рэжыму і праклала шлях у сталіцу са Шклова ўсёй сваёй сям’і.
Упершыню пра Сняжану Моцную як пра асабістую цырульніцу Лукашэнкі і «аўтарку ягонага знакамітага зачосу» расказалі нашыя калегі з Альянсу расследавальнікаў Беларусі.
Тады чытачы даведаліся пра кватэру коштам 250 тысяч долараў, якую жанчына атрымала ад «кашалька» Лукашэнкі бясплатна.
«Адна кватэра дасталася асабістаму ахоўніку Лукашэнкі, а таксама яшчэ адна кватэра дасталася нейкай Сняжане Моцнай. Людзі, якія былі ў атачэнні Лукашэнкі, на ўмовах ананімнасці нам сказалі, што гэта была стылістка-пачаткоўка, цырульніца, дзяўчына са Шклова, якая вось была побач з ім. Але галоўным аб’ектам нашага расследавання быў усё-такі больш вядомы персанаж Латышонак. І мы засяродзілі ўвагу менавіта на ім», – расказалі нам калегі з Альянсу расследавальнікаў Беларусі.
«Бюро» вырашыла лепей прыгледзецца да Сняжаны Моцнай, вывучыла яе біяграфію і знайшло некаторыя факты і супадзенні.
Сняжана Моцная і Лукашэнка знаёмыя яшчэ з далёкага 1991 года. 24 красавіка 1991 года ў раённай шклоўскай газеце «Ударный фронт» выйшаў матэрыял «Міс педагогіку завуць Сняжана».
Аўтар рэпартажу расказвае пра пераможцу першага раённага шоу-конкурсу, піянерважатую барсукоўскай спецшколы: «Ну, а самой Сняжане (будучай міс), васямнаццацігадовай дзяўчыне, падабаецца бульба, ейны папугай Кеша, кветкі і старадаўнія рамансы, у іх… ёсць мужчыны, якія могуць быць рыцарамі. Напэўна, у жыцці нашай міс яны не сустракаліся».
На мясцовым конкурсе прыгажосці, працягвае аўтар, Сняжана Моцная атрымала два прызы – за першае месца і прыз сімпатый гледачоў: «...магнітафон «Беларусь», які таксама заваявала міс Сняжана, ад спонсараў, ёй уручыў дырэктар саўгаса «Гарадзец», народны дэпутат БССР А.Р. Лукашэнка».
Але, паводле крыніц, якія працавалі з Лукашэнкам, сапраўдная ўдача ўсміхнулася Сняжане ў сярэдзіне – канцы 90-х: Аляксандр Рыгоравіч апынуўся ў яе цырульніцкім крэсле.
«У Адміністрацыю прэзідэнта, то бок на той момант гэта быў адрас Карла Маркса, 38, яе прывозілі на аўтамабілі [службовым]», – расказваюць людзі, якія працавалі ў той час на Лукашэнку.
«Прывозілі да Лукашэнкі, каб яна [яго] прычэсвала. Таму што, дапусцім, узяць яго вобраз там 94-га года, там 96-га, гэта такі быў даволі калгаснаваты тыпаж, ну вось яму параілі ўзяць кагосьці, хто б сачыў за яго вобразам».
Паводле звестак, атрыманых дзякуючы «Кіберпартызанам», Сняжана значылася студэнткай МДЛУ ў 1994 годзе. Сама Моцная ў сябе на сайце піша, што скончыла ўніверсітэт у 1996-м. Але затым аж да 2001 года хоць якая інфармацыя пра працоўную дзейнасць дзяўчыны адсутнічае.
Аднак з пашпартнай базы вынікае, што ўвесну 1999 года нядаўняя студэнтка Моцная зацяжарала, а затым займела кватэру ў цаглянай новабудоўлі палепшанай планіроўкі на сталічнай вуліцы Магілёўская.
У лютым 2000 года ў Сняжаны нарадзілася дачка Крысціна. Ні на той момант, ні пасля Сняжана Моцная замужам афіцыйна не была. Яна і па сёння носіць сваё дзявочае прозвішча. У графе «бацька» маці Крысціны пазначыла Моцнага Аляксандра Рыгоравіча, але, паводле дадзеных «Кіберпартызан», такога чалавека ў Беларусі проста не існуе.
Можна дапусціць, што Сняжана запісала дачку на сваё прозвішча, а вось хто такі Аляксандр Рыгоравіч – расследавальнікам высветліць не ўдалося.
Падобныя метамарфозы з «неіснуючым» бацькам раней ужо былі зафіксаваныя расследавальнікамі ў сям’і іншага ўплывовага беларускага чыноўніка – Віктара Шэймана.
У 2018 годзе ўчарашняя студэнтка Акадэміі мастацтваў і па сумяшчальніцтве каханка Шэймана – Ганна Пушкарова нарадзіла хлопчыка, якога запісала ў пасведчанні аб нараджэнні як Пушкароў Міхаіл Віктаравіч. У графе «бацька» яна пазначыла нейкага Пушкарова Віктара Уладзіміравіча.
Дзякуючы дадзеным «Кіберпартызан» журналісты высветлілі, што наваяўлены бацька хлопчыка фальшыўка – яго не існуе ў прыродзе. Аднак хто можа быць сапраўдным бацькам малога, падказалі расследавальнікам ініцыялы Віктар Уладзіміравіч – яны цалкам супадаюць з ініцыяламі Шэймана.
Пасля расследавальнікі зафіксавалі сумесны ваяж Ганны Пушкаровай, Віктара Шэймана і Міхаіла «Пушкарова». Праз некаторы час калегі з Альянсу расследавальнікаў Беларусі атрымалі дакументальнае пацвярджэнне таму, што ў рэшце рэшт Віктар Шэйман даў Ганне Пушкаровай і Міхаілу сваё прозвішча.
Чалавек, які працаваў на Лукашэнку ў канцы 90-х, расказаў, што Сняжана Моцная нарадзіла дачку ад свайго высокапастаўленага земляка. Тое, што ў Лукашэнкі ў 2000-м нарадзілася дачка, пацвердзіла і іншая крыніца, якая была вельмі блізкая з Лукашэнкам у канцы 90-х.
Таксама журналісты звярнуліся да некалькіх супрацоўнікаў спецслужбаў і праваахоўнікаў, якіх вучаць «счытваць твары», і папрасілі іх прааналізаваць фатаграфіі Крысціны Аляксандраўны Моцнай і Аляксандра Лукашэнкі:
«Ёсць прыкметы, якія сведчаць пра тое, што яна вельмі падобная да лукашэнкаўскай пароды. Па-першае – лоб, бровы, адлегласць паміж вачыма і адлегласць паміж вачніцамі – яны дастаткова на вялікай адлегласці адна ад адной. То бок гэта вось такое сямейнае [падабенства] – у самога Лукашэнкі так. І ў тым ліку ў яе. У яе яшчэ вялікі рот, і калі ўзяць фатаграфію Лукашэнкі без вусоў, то менавіта вось гэты фрагмент – яны таксама даволі падобныя».
«Бюро» не можа сцвярджаць, што менавіта Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца бацькам дачкі Сняжаны Моцнай – пацвердзіць або абвергнуць гэтую інфармацыю можа толькі тэст ДНК.
Але журналісты патэлефанавалі самой Сняжане Вітальеўне. Яна адказала, што «гэта ўсё лухта», і кінула слухаўку. Калі яны паспрабавалі звязацца з жанчынай паўторна, яна ўжо не адказала на званок. Тады патэлефанавалі ёй з іншага нумару, і, выслухаўшы нашае пытанне, жанчына націснула на скід.
З нараджэннем дачкі Сняжана Моцная стала хутка прасоўвацца па кар’ернай лесвіцы. Калі малой было 1,5 года, згодна са звесткамі з базы ФСАН, маладая мама трапіла на працу ў Міністэрства замежных спраў, дзе даслужылася да першага сакратара галоўнага ўпраўлення Еўропы.
«Удзельнічала ва ўрадавых дэлегацыях з удзелам прэзідэнта і прэм’ер-міністра Беларусі, а таксама працавала ў пасольстве Беларусі ў Нідэрландах. Адначасова я прайшла навучанне для маладых дыпламатаў краін СНД пры МЗС Нідэрландаў і МЗС Егіпта» – так апісвае свае кар’ерныя вехі ў сябе ў інстаграме Сняжана Моцная.
У 2002 годзе з Шклова ў Мінск прыязджае маці Моцнай Лідзія і ў 2003-м займае пасаду вядучай спецыялісткі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю, а сама Сняжана ідзе ў бізнэс і спачатку працуе ў фірме «Белроснафта», а затым робіцца вядучай спецыялісткай кампаніі «БелПоўдзеньнафтапрадукт».
Праз пару гадоў у гэтую ж кампанію з Каапгандлю Шклоўскага райпо падцягнулася і родная малодшая сястра Сняжаны – Ларыса. Жанчыны будуць працаваць разам да 2009 года, а затым Ларыса пойдзе ў «Беларусьгандаль» Упраўлення спраў Лукашэнкі.
А вось Сняжана некаторы час прапрацуе ў Палацы Рэспублікі і Федэрацыі хакея Беларусі, а затым канчаткова замацуе свае пазіцыі ў бізнэсе і стане працаваць выключна ў кампаніях «кашалькоў» Лукашэнкі – «Трайпле», «Сохры», «Газ Венчурэ», «БСЗТ – Новыя тэхналогіі».
Як ужо расказваў Альянс расследавальнікаў Беларусі, у 2016 годзе «Юніс-Ойл» уплывовага беларускага бізнэсоўца Анатоля Тарнаўскага, які ў той час лічыўся «кашальком» Лукашэнкі, перадасць Сняжане Моцнай бясплатна кватэру плошчай 134 квадратныя метры і коштам 250 тысяч долараў.
У 2016 годзе Сняжана вырашыць падацца ў іміджмэйкеры, паралельна кіруючы бізнэсамі.
«У мінулым я дыпламат, хакейны функцыянер і кіраўнік у бізнэсе. Сёння ж я – дыпламаваны спецыяліст у галіне іміджу і стылю – стыліст – іміджмэйкер», – кажа Сняжана ў сваім блогу.
Паводле звестак «Кіберпартызан», у 2023 годзе Моцная займала пасаду памочніцы кіраўніка ў кампаніі Аляксея Алексіна, Мікалая Вараб’я і Аляксандра Зайцава – «Брэміна груп» і па сумяшчальніцтве працавала ў кампаніі «Эліксір Маладосці Плюс».
«Гэта абсалютна асабістая гісторыя. Калі, скажам, чалавек ідзе, як пераходны сцяг, з адной структуры [«кашалькоў» Лукашэнкі] у іншую – я думаю, што гэта, хутчэй, форма платы за маўчанне», – каментуе сітуацыю былы супрацоўнік Адміністрацыі Лукашэнкі.
Сама Сняжана Моцная свой кар’ерны шлях апісвае такімі словамі: «Да прафесіі стыліста я прыйшла не выпадкова. Уся мая кар’ера была звязаная з яркімі асобамі і ўплывовымі людзьмі, палітычнымі «цяжкавагавікамі» і паспяховымі бізнэсоўцамі».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное