Змагацца з варварамі сілай у Візантыі рэсурсаў не было, таму яны пачалі сістэмную піар-кампанію – дасылалі манахаў і паслоў, запрашалі ў госці князёў-русаў, спрабавалі іх хрысціць і ўсяляк пускалі пыл у вочы сваёй раскошай.
Хрышчэнне Русі – зусім не рамантычная гісторыя пра realpolitik
Пра адну з самых дзіўных «сляпых зонаў» у постсавецкай гістарыяграфіі – што прывяло да хрышчэння Русі?
– Усім спецыялістам вядомая рэальная падзея, якая прывяла да хрышчэння Кіева ў 988 годзе, але, думаю, што нават 90% выпускнікоў нашых гістфакаў пра яе не чулі, – піша аўтар тэлеграм-канала Беларускі Бабілон. – Быў такі візантыйскі імператар Васіль ІІ. У гісторыю ён увайшоў пад імем Балгарабойца за шматлікія і крывавыя войны з балгарамі.
Кіраванне ягонае ў 976 годзе пачалося з бунту, які падняў адзін з прэтэндэнтаў на імператарскі сталец. Там была класічная візантыйская «Санта-Барбара» з атручваннямі, падманам, інтрыгамі і перманентнымі паўстаннямі. Каб апісаць увесь замес спатрэбіцца яшчэ пяць такіх пастоў.
Вось жа, у 987 годзе гэтае паўстанне моцна актывізавалася. За год да гэтага Васіль паклаў амаль што ўсе сваё войска ў вайне з тымі самымі балгарамі і ў яго зусім не было сілаў, каб супрацьстаяць супернікамі. Тады Васіль накіраваў просьбу аб дапамозе ў Кіеў князю Ўладзіміру.
Сцяжынка ў Кіеў на той момант была ўжо добра вытаптаная (дакладней вывеславана). У 860 годзе русы моцна напужалі візантыйцаў, калі першы раз з'явіліся пад сценамі Канстанцінопаля.
Ну і паступова пачалі мець поспехі. Ад агрэсіі русаў атрымлівалася адкупіцца (не заўсёды, канешне), княгіню Вольгу хрысцілі, у Кіеве царкву пабудавалі. Шмат русаў служыла ў самой Візантыі і, верагодна, таксама хрысцілася.
Таму разлік на дапамогу русаў у Васіля быў досыць апраўданы. Але падтрымка Уладзіміра яму патрэбная была конча і хутка, таму ён прапанаваў кіеўскаму князю тое, што раней русам ніхто не прапаноўваў – руку сваёй імператарскай сястры Ганны. Ну і грошы, канешне.
Для Уладзіміра – гэта быў джэк-пот, бо даваў яму, варвару, квіток у Вышэйшую Лігу. Уладзімір накіраваў у Візантыю 6000 ваяроў і тыя падавілі бунт.
Але, нават, стоячы на краю бездані, Васіль не мог проста аддаць сваю сястру ў гарэм язычніку. Чацвёртай жонкай. Таму ён выставіў патрабаванне, каб Уладзімір хрысціўся.
Кіеўскі князь да рэлігій ставіўся практычна. Даказана, што язычніцкі пантэон, створаны ім у Кіеве, быў сабраны з бостваў розных рэгіёнаў пад нейкія палітычныя мэты.
Байка пра «кастынг» зладжаны Уладзімірам для розных рэлігій таксама можа мець долю праўды. У Х стагоддзі ўжо добра было зразумела, што за монатэізмам будучыня. Таму ён пагадзіўся. Гарэму было шкада, але профіт монатэізму пераважваў усе нязручнасці монагаміі.
Па выніку ўсіх жыхароў Кіева загналі (настойліва запрасілі) ў Дняпро і хрысцілі, а Васіль ІІ атрымаў зачышчанае палітычнае поле і аказаўся адным з самых доўгатрывалых імператараў Візантыі (да 1025 года даседзеў).
Такая вось, зусім не рамантычная гісторыя пра realpolitik, якую ў школах не распавядаюць, хоць яна вядомая па шматлікіх дакументах і не падлягае сумневу.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное