«Вольнасьць слова, друку, сходаў…» 100 год таму Беларусь была абвешчаная Народнай Рэспублікай
«Салідарнасць» працягвае серыю публікацый, прысвечаных юбілею БНР.
9 сакавіка 100 гадоў таму была прынятая ІІ Устаўная гармата «Да народаў Беларусі». Гэтым дакументам абвяшчалася стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.
«У часе сусьветнай вайны, што бурыць адны моцныя дзяржавы і аслабаняе другія, абудзілася Беларусь да дзяржаўнага жыцьця. Пасьля трох з паловаю вякоў няволі ізноў на ўвесь сьвет кажа беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць. Вялікі Народны Збор — Усебеларускі Зьезд 5–17 сьнежня 1917 року, дбаючы аб долі Беларусі, зацьвердзіў на яе землях рэспубліканскі лад», — гаварылася ва ўступным слове граматы.
«Вольнасьць слова, друку, сходаў…»
Выканаўчы камітэт Рады кангрэсу прыняў 8 пунктаў, першы з якіх абвяшчаў Беларусь «у рубяжох расьсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу» Народнай Рэспублікай.
У межах абвешчанай Рэспублікі грамата ад 9 сакавіка гарантавала «вольнасьць слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў: бязумоўная вольнасьць сумлення, незачэпнасць асобы і памешканьня».
А таксама «права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію» ўсіх народаў і «роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі».
Дакумент скасоўваў права прыватнай уласнасці на зямлю, якая адгэтуль мусіла «перадаецца бяз выкупу тым, што самі на ей працуюць». Лясы, азёры і нутро зямлі абвяшчаліся ўласнасьцю Беларускай Народнай Рэспублікі.
Восьмым пунктам у БНР ўсталёўваўся 8-гадзінны рабочы дзень.
Нявырашаным заставалася ключавое пытанне — абвяшчэнне незалежнасці новай краіны, якая ўсё яшчэ заставалася аўтаноміяй Расіі.
Дарма бальшавісцкія гісторыкі называюць дзеячоў БНР «буржуазнымі нацыяналістамі»
Сучасныя пакаленні беларусаў упершыню азнаёміліся з тэкстамі Устаўных грамат БНР у сакавіку 1990-га на старонках нулявога выпуска газеты «Свабода». Вось што пра ІІ Устаўную грамату пісаў 28 год таму гісторык Анатоль Сідарэвіч:
— Прачытайце гэту Грамату — і вы ўбачыце, што дарма бальшавісцкія гісторыкі назвываюць дзеячоў БНР буржуазнымі нацыяналістамі. Сутнасць Граматы сацыялістычная; у ёй дэманструецца павага нацыянальных правоў усіх народаў. Грамата вызначаецца дэмакратызмам. У той час як у Расеі бальшавікі стварылі інстытут «лишенцев», у БНР ніхто не пазбаўляўся права выбіраць і быць абраным. У той час, калі бальшавікі пачалі вайну з царквой і рэлігіяй, у БНР была свабода сумленьня і слова…»
Дзе была падпісаная ІІ Устаўная грамата
На круглым стале, прысвечаным стагоддзю Бларускай Народнай Рэспублікі, гісторык Уладзімір Ляхоўскі расказаў пра вядомыя і раней не ўзгаданыя адрасы Рады і Ураду БНР. У тым ліку і пра дом Майсея Гутмана, намесніка старшыні Народнага Сакратарыяту Беларусі. Менавіта ў ім, размешчаным па адрасе Садовая, 10 (сёння тут Купалаўскі сквер), 9 сакавіка 1918-га была прынятая Другая Ўстаўная грамата.
Актавая зала ў доме Майсея Гутмана, дзе прымалася Другая Ўстаўная грамата. Рэканструкцыя Віктара Сташчанюка
На днях у Купалаўскім скверы афіцыйна адчыняць мемарыяльную дошку ў гонар братоў Луцкевічаў, айцоў-заснавальнікаў БНР. Колісь у гэтым месцы была жылая забудова, у тым ліку і іх дом. Як і дом Гутмана. Добрая нагода ўшанаваць і гэты эпізод у гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное