Вольга Івашына: «Дзяніс у нас — непераможны аптыміст і моцны духам чалавек»
Радыё Свабода пагаварыла з жонкай палітвязня пра каханьне і жыцьцёвыя прынцыпы яе мужа, ягоны аптымізм і вершы з турмы.
Вершы журналіста-расьсьледніка Дзяніса Івашына, асуджанага больш як на 13 гадоў няволі за прафэсійную дзейнасьць, перасталі даходзіць да родных з-за кратаў пасьля прысуджэньня яму прэміі імя Францішка Аляхновіча.
Жонка палітвязьня Вольга Івашына не выключае, што так турэмная адміністрацыя адрэагавала на ягонае ляўрэацтва.
Пра другі шанец, які прамінуць было немагчыма
— Раскажыце, калі ласка, як і калі вы пазнаёміліся з Дзянісам? Якое ўражаньне ён на вас тады зрабіў?
— У жніўні 2014 году мяне затрымалі ў Горадні за акцыю падтрымкі Ўкраіны. Пра гэта напісалі шмат якія беларускія, украінскія і нават расейскія СМІ. Натуральна, што Дзяніс прачытаў і быў, як потым мне прызнаўся, зьдзіўлены, што ён «дагэтуль ніколі ня бачыў і ня ведаў такой прыгожай і адважнай дзяўчыны, што жыве ў ягоным родным месьце».
Дзяніс адшукаў мяне ў сацсетках і прапанаваў пазнаёміцца. Упершыню пасьля гэтага мы пабачыліся на курсах «Мова нанова», пазнаёміліся, так бы мовіць, офлайн, і ўжо пасьля заняткаў Дзяніс мяне праводзіў дадому.
Але для мяне насамрэч то быў ужо другі раз, калі я бачыла Дзяніса. Першы раз — на Дні роднае мовы ў лютым таго ж году. Ён тады быў прыехаўшы з Майдану, узрушаны перажытымі падзеямі і пачаткам вайны Расеі з Украінай. А я пабачыла прывабнага хлопца, які быў адметны сярод усіх астатніх, камунікаваў з многімі людзьмі ў залі, дэманстраваў час ад часу некаторым гумовую кулю, якой з пачатку рэвалюцыі карыстаўся «Бэркут»...
Карацей, ён мяне, мякка кажучы, зацікавіў ужо тады, але я ўсё ж не рызыкнула зь ім пазнаёміцца. Амаль праз паўгода Госпад даў мне другі шанец, прамінуць які ўжо было немагчыма.
Пра характар Дзяніса і падтрымку ягоных справаў
— А калі вы зразумелі, што менавіта з гэтым чалавекам бачыце сябе ўсё сваё далейшае жыцьцё?
— Здаецца, што з самага пачатку. І з кожным днём, чым больш я знаёмілася зь Дзянісам і ягонай сям’ёй, вывучаючы ягоны характар, стыль паводзінаў, жыцьцёвую філязофію, прынцыпы і мроі, тым больш захаплялася. Зрэшты, гэты працэс працягваецца і цяпер.
— Дзяніс ужо тады займаўся расьсьледніцкай журналістыкай. Ці вас не бянтэжыла тое, што гэты занятак даволі рызыкоўны ва ўмовах Беларусі і ваша шчасьце аднойчы можа апынуцца пад пагрозай?
— Вядома, я заўсёды хвалявалася за яго, але разам з тым разумела і разумею, што нехта мусіў расьсьледаваць і фіксаваць злачынствы. Паколькі Дзяніс — прынцыповы і адважны чалавек, да таго ж у яго тыя расьсьледаваньні вельмі добра атрымліваюцца, то значыць, ён і меўся іх рабіць. А я мушу падтрымліваць яго і дапамагаць усім, чым змагу.
— Калі апошні раз вы бачылі Дзяніса?
— У той дзень, калі ён трапіў у палон, літаральна за пару дзясяткаў хвілін да таго. Але я не прысутнічала падчас затрыманьня, таму сказаць мне Дзяніс нічога ня мог. Мы проста разьвіталіся, як у любы звычайны дзень, і пайшлі па сваіх справах.
Пра вершы зь няволі, у якіх вее вецер свабоды
— А калі вы атрымалі ад яго першы верш з турмы? І, дарэчы, ці пісаў ён вершы ў вольным жыцьці? Або пачаў, як многія вязьні, ратавацца творчасьцю ў няволі?
— Дзяніс мне казаў, што пісаў вершы ў дзяцінстве і юнацтве. Нават дзесьці ў старых сшытках яны мусяць захоўвацца, на ягоную думку, але я іх не чытала. А ўжо з-за кратаў Дзяніс прыслаў мне верш «Голас твой» у сакавіку 2022-га.
— Ці знаходзілі вы ў паэтычных радках Дзяніса нешта такое, што вас падтрымлівала і падтрымлівае ў чаканьні яго на волі? Працытуйце, калі ласка, некалькі дарагіх для вас строфаў.
— Дзяніс у нас — непераможны аптыміст і моцны духам чалавек. Гэта праяўляецца і ў ягоных вершах, безумоўна. У тым жа вершы «Голас твой» у канцы ёсьць такія радкі:
Паўднёва-заходні адганяе здранцьвеньне,
Срэбрам булатным зіхаціць херубін.
Вецер свабоды дае нам збаўленьне,
Асьвячае твой голас у сэрцы маім.
Або вось гэтыя радкі зь верша, які ўвайшоў у кнігу «Турэмны зборнік. Творы беларускіх палітвязьняў 2020–2023»:
Божаю ласкаю пяшчотна сагрэтая
Нашая з табою Сьвятыня, сям’я,
Вытрымае цяжар нясьцерпных пакутаў
Зь верай, ахвярна, спакваля.
І, вядома, нядаўна апублікаванае чатырохрадкоўе — проста квінтэсэнцыя Дзянісавага аптымізму і бальзаму на нашыя душы:
Трываньня час напаўняюць хвіліны,
Чародамі лятуць яны ў вырай усё хутчэй.
Да шчасьця ўзьяднаньня адлічваюць гадзіны,
Стаем адзін да аднаго на цэлыя гады бліжэй!
Аб прэміі і рэакцыі на яе турэмнай адміністрацыі
— Вы самі вырашылі падаць турэмныя вершы Дзяніса на прэмію імя Францішка Аляхновіча ці хто іншы, ведаючы пра іх?
— Шчыра кажучы, я ня ведала, што магу сама падаць вершы Дзяніса на нейкую прэмію. А вось так сталася, што знайшоўся аматар ягонае творчасьці, які палічыў вартым заявіць вершы на гэтую прэмію. Вядома, чалавек запытаўся майго дазволу на гэта, і я з радасьцю пагадзілася.
— А ці дайшла да Дзяніса вестка пра тое, што за свае турэмныя вершы ён уганараваны прэміяй Аляхновіча? Ці ведаеце вы яго рэакцыю на гэта?
— Так, Дзяніс ужо ў курсе сваёй перамогі. Ён быў трошкі зьдзіўлены, але гэта прыемнае зьдзіўленьне. Дзяніс вельмі ўдзячны ўсім, хто рыхтаваў ягоныя вершы для заяўкі, падаваў яе і, вядома, тым, хто высока ацаніў ягоную творчасьць.
— Рэакцыяй турэмнай цэнзуры на гэтае прызнаньне ягонай творчасьці стала, як выглядае, забарона на лісты зь вершамі. Што вы думаеце пра гэта?
— Ва ўмовах адсутнасьці людзкай камунікацыі з прадстаўнікамі сыстэмы заўсёды складана меркаваць, пра што яны думаюць і чым кіруюцца ў сваіх рашэньнях і дзеяньнях.
Таму забарона на карэспандэнцыю можа мець зусім іншыя прычыны, чым тыя, якія мы мяркуем. Але так, пакуль выглядае, што амаль поўная адсутнасьць лістоў, ня лічачы паштовак, можа быць «адказам» на прысуджаную Дзянісу прэмію. Паглядзім, як будзе сытуацыя разгортвацца далей.
— А як увогуле магло адбіцца прэміяваньне на рэжыме ягонага ўтрыманьня? Ён жа і так пакараны строгім рэжымам у жодзінскай турме.
— Заўсёды можна ў закрытай непадкантрольнай законам і сумленьню ўстанове стварыць для чалавека невыносныя ўмовы. Не хацелася б, як той казаў, «падказваць» ім ідэі для дадатковага катаваньня Дзяніса. Але я пэўная, што ў антычалавечай сыстэме і так яшчэ з 1917 году (а можа, і раней) вынайдзена безьліч такіх практык.
Пра будучую кнігу твораў з-за кратаў
— Ці ёсьць у вас намер цяпер выдаць кнігай атрыманыя турэмныя вершы Дзяніса? Ці будзеце чакаць на новыя?
— Мы заўсёды чакаем на звычайныя лісты ад Дзяніса. Калі там будуць яшчэ і вершы — цудоўна!
А наконт кнігі: у мяне ўжо даволі даўно ўзьнікала думка, што варта было б скласьці зборнік вершаў Дзяніса, тым больш калі ён пачаў іх пісаць рэгулярна. Але ж ані часу, ані рэсурсаў на падрыхтоўку і ўкладаньне кнігі ў мяне не стае, таму далей за мроі і размовы працэс не ішоў. Можа, цяпер ён неяк зрушыцца.
Читайте еще
Избранное