Филин

Юлія Кот

Васіль Завадскі: «ЛПП — гэта пра тое, каб хоць на год ізаляваць чалавека, закінуць яго за плот пад ахову, каб ён не дурыў галавы ўчастковаму»

Што дадуць змены ў законе аб прымусовым лячэнні. Урач — пра тое, ці можна вылечыць хворых на алкагалізм і наркаманію ў беларускіх лячэбна-працоўных прафілакторыях.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў РБ прынялі ў другім чытанні законапраект «Аб змене законаў па пытаннях прымусовага лячэння і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі».

Дакумент прадугледжвае спрашчэнне працэдуры накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый: пасля 2 правапарушэнняў «у стане алкагольнага ап’янення» і адной медкамісіі могуць пацвердзіць сіндром алкагольнай ці наркатычнай залежнасці і адправіць на прымусовае лячэнне.

Яшчэ ўзімку кіраўнік МУС РБ Іван Кубракоў расказаў, што ў сувязі з новым законам ягонае ведамства рыхтуецца да павелічэння накіраваных у ЛПП асоб, таму запланавалі рэканструкцыю двух устаноў і перапрафіляванне івацэвіцкай папраўчай калоніі.

Але беларусаў у сувязі з новым законам хвалюе шэраг іншых пытанняў. Ці здольныя ЛПП у іхнім цяперашнім выглядзе вылечыць чалавека ад алкагалізму і наркаманіі, ці перадусім гэтая сістэма не пра лячэнне, а пра пакаранне і прымусовую працу? І якія рэформы насамрэч неабходныя ў гэтым кірунку?

Гэтыя пытанні Филин задаў праваабаронцу і доктару з вялікім досведам працы ў пенітэнцыярнай сістэме, сузаснавальніку арганізацыі «Урачы за праўду і справядлівасць» Васілю Завадскаму.

— У мінулай версіі закону дастаткова было 3 правапарушэнні, зараз — усяго два, каб быць накіраваным у ЛПП, — звяртае ўвагу эксперт. — Што яшчэ насцярожвае, прынамсі мяне — фармальна неабавязкова нават трапляць у поле зроку праваахоўных органаў, здзейсніўшы правапарушэнне: медыкаў абавязваюць, калі чалавек трапіў у шпіталь у сувязі з залежнасцю, паведамляць аб гэтым у органы ўнутраных спраў.

Яшчэ адна істотная змена ў законапраекце — знік адмысловы пункт пра так званых «абавязаных» (якія маюць непаўналетніх дзяцей, змешчаных у дзяржустановы, і абавязаны кампенсаваць выдаткі на іх утрыманне). У папярэдняй версіі закону гэтыя людзі былі адмыслова ўключаныя ў пералік тых, хто падлягае прымусоваму лячэнню ў ЛПП — а цяпер іх зноў выкраслілі.

— Чаму так здарылася, магу толькі меркаваць, — разважае праваабаронца. — Магчыма, таму, што асаблівых грошай на працы ў ЛПП яны не зараблялі і на практыцы выявілася, што іхнюю запазычанасць няма з чаго вылічваць, яна толькі расце?

Пры тым ёсць інфармацыя, што колькасць ЛПП будзе павялічвацца — відаць, чакаюць «наплыў», і гэта таксама сведчыць пра пэўныя несуцяшальныя тэндэнцыі.

Беларускія ЛПП — гэта наогул пра медыка-сацыяльную рэадаптацыю, ці толькі пра ізаляцыю хворых на залежнасць людзей? Васіль Завадскі падкрэслівае, што пра эфектыўнасць прымусовага лячэння гаворку весці не выпадае:

— Яна і ў грамадскім сектары аховы здароўя вельмі невысокая, і гэта сур’ёзная праблема.

Прымусовае лячэнне залежнасцяў, як і любой хваробы — гэта нонсенс, спалучэнне неспалучальнага. Неабходна, каб чалавек сам усвядоміў патрэбу ў лячэнні, у ідэале — сам пра гэта папрасіў, і тады можна разлічваць на пэўны плён.

Дый тое, наколькі я памятаю, лепшыя справаздачы паказвалі пад 40% эфектыўнасці нават добраахвотнага лячэння.

Другі аспект: лячэнне ўвогуле, тым больш лячэнне залежнасцяў, вымагае строга індывідуальнага падыходу. А калі ў ЛПП тысяча ці дзве тысячы чалавек на два-тры нарколагі, што тут казаць.

Не забываемся і на прымусовую працу, прапісаную законам. Восем гадзін чалавек на працы — колькі яму застаецца часу, каб наведаць лекара, прайсці абследаванне, атрымаць псіхатэрапію, працэдуры? Фактычна, нічога не застаецца, таму гэтае лячэнне будзе фармалізаванае. Як і ёсць станам на сёння.

Да таго ж, гаворыць лекар, калі гаворка пра лекаванне, узнікае лагічная супярэчнасць: чаму гэтыя ўстановы знаходзяцца не ў складзе Мінздароўя, а ўваходзяць у структуру МУС?

— Лагічна было б, каб яны падпарадкоўваліся Міністэрству аховы здароўя — так, пад наглядам міліцыі, бо гэта не піянерскі летнік, і там не самыя дысцыплінаваныя людзі, але ж.

Васіль Завадскі адзначае, што ў Мінздароўя ёсць практыка не прымусовай працы, але працоўных майстэрняў у шпіталях для хворых з псіхічным разладам — і тады гэта справа для душы, частка якраз адаптацыі, а не гвалту, праз які традыцыйна ўлады спрабуюць вырашаць існуючыя праблемы.

— ЛПП — гэта ўсё ж такі пра тое, каб хоць на год ізаляваць чалавека, закінуць яго за плот пад ахову, каб ён не дурыў галавы ні ўчастковаму, ні іншым органам міліцыі. За год, дасць Бог, што-небудзь зменіцца. А калі не зменіцца, то ўсё наноў паўторыцца па коле.

Аднак залежнасці — гэта ж вялікая сацыяльная праблема, якая з’яўляецца не на роўным месцы, а палягае ў грамадстве.

Помню, калі я яшчэ працаваў кіраўніком медыцынскай службы Дэпартамента выканання пакаранняў, да нас прыходзіў такі запыт з аднаго ўпраўлення МУС: чаму, маўляў, мы пасылаем да вас у ЛПП гэтых людзей, а яны праз год вяртаюцца і зноў п’юць, што вы з імі робіце?

Я тады крышачку, што называецца, патроліў, і адказаў: не ведаю, пакуль у нас, яны не п’юць — а чаму наноў пачынаюць, гэта ўжо да вас пытанне.

То бок, можна ізаляваць чалавека на пэўны тэрмін і стварыць такія жорсткія ўмовы, што ён не будзе піць альбо ўжываць наркатычныя рэчывы. Але не таму, што ў яго няма жадання, а таму, што пільна сочаць, ёсць пагроза пакаранняў і г.д. Аднак залежнасць нікуды не дзяваецца, і калі чалавек вяртаецца ў тое самае атачэнне і атмасферу, якія не змяніліся — ён пачынае піць, ужываць і гэтак далей.

— Канешне, мяняць трэба не адзінкавыя нормы, а сітуацыю ў грамадстве, — рэзюмуе Васіль Завадскі. — У Беларусі вялікая колькасць людзей, якія спажываюць алкаголь і якія пасля гэтага здзяйсняюць правапарушэнні. Але пытанне не ў тым, што не дастаткова ўстаноў, дзе гэтых людзей можна было б ізаляваць, ці што нестае спецыялістаў.

Не, тут праблема комплексная. Яна існуе не толькі на постсавецкай прасторы, безумоўна, а і ў дзяржавах заходняга свету. Аднак падыходы да яе вырашэння розныя. І там, дзе існуе павага да чалавека, да чалавечай годнасці, — практыка паказвае, што гэта дае лепшыя вынікі, чым просты прымус.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(12)