Политика

«Вам тут ня радыя». Грузінскі праваабаронца – пра выцісканьне беларусаў з краіны

Грузінскі праваабаронца Мамука Андгуладзэ мяркуе, што ўрад краіны выціскае за мяжу ўсіх, хто крытыкуе Пуціна. Ён спадзяецца на перамены ў Грузіі пасьля выбараў, якія пройдуць увосень, піша Радыё Свабода.

«Выганяць з краіны ўсіх, хто крытыкуе Пуціна»

Выканаўчы дырэктар грузінскага Фонду разьвіцьця мэдыя Мамука Андгуладзэ пракамэнтаваў выпадак з забаронай на ўезд у Грузію беларускаму журналісту Андрэю Мялешку разам з дачкой.

«На жаль, у апошнія некалькі гадоў грузінскі ўрад, а менавіта кіроўная партыя „Грузінская мара“, праводзіць вельмі агрэсіўную палітыку ў дачыненьні да мэдыя, замежных журналістаў», — адзначыў экспэрт.

Ён зазначыў, што кіраўніцтва краіны ня надта тлумачыць прычыны, чаму не ўпускае ў Грузію замежных журналістаў.

«Але іх пасыл досыць ясны: „Вам тут ня радыя“», — мяркуе Андгуладзэ.

Суразмоўца нагадаў, што выпадак Андрэя Мялешкі ўжо ня першы, калі частка сям’і застаецца ў Грузіі, а некаму не дазваляюць уехаць у краіну. Назаўтра пасьля забароны на ўезд Мялешак, 17 верасьня, у Грузію не пусьцілі заснавальніка грузіна-армянскага выданьня Aliq Media Арсэна Харацьяна.

Яго больш за 4 гадзіны пратрымалі ў Тбіліскім міжнародным аэрапорце, а пасьля пасадзілі на рэйс, які вылятаў з Грузіі.

Праваабаронца зьвярнуў увагу на тое, што ў Грузію не пускаюць тых, хто вядомы сваімі палітычнымі заявамі, хто крытыкуе Пуціна, ягоны рэжым, Крэмль і партыю «Грузінская мара».

Андгуладзэ мяркуе, што абвастрэньне сытуацыі з выгнанымі журналістамі можа быць зьвязана з парлямэнцкімі выбарамі, якія пройдуць у Грузіі сёлета ў кастрычніку. Але ён дадаў, што падобныя выпадкі здараліся і ў нявыбарчыя гады.

Праваабаронца патлумачыў, што грузінскі ўрад не выконвае міжнародныя дэмакратычныя стандарты як на практыцы, так і ў тлумачэньнях таго, што адбываецца.

Суразмоўца падкрэсьліў, што Грузія стагодзьдзямі была вядомая сваёй гасьціннасьцю. У апошнія гады яе лічылі дастаткова бясьпечнай краінай для людзей у выгнаньні, каб там жыць і працаваць. Аднак сытуацыя зьмянілася.

«На жаль, частка палітыкі партыі „Грузінская мара“ — выганяць з краіны ўсіх, хто крытыкуе Пуціна і расейскі рэжым», — зазначыў экспэрт.

На пытаньне, ці варта ўсім актыўным беларусам ужо выяжджаць з Грузіі, Андгуладзэ адказаў, што ягоная дзейнасьць прысьвечаная змаганьню за правы людзей, хаця гэта часам вымагае гераізму. Ён дадаў, што кожны сам вырашае, які выбар рабіць.

Грузінскі праваабаронца мяркуе, што сытуацыя можа зьмяніцца пасьля сёлетніх парлямэнцкіх выбараў у Грузіі, калі народ зробіць выбар на карысьць дэмакратычных каштоўнасьцяў і эўрапейскай будучыні.

«Спадзяюся, пасьля выбараў гэта зьменіцца»

Дэпутатка парлямэнту Грузіі Хатыя Дэканаідзэ асудзіла дзеяньні ўладаў Грузіі, якія не дапусьцілі ў краіну ўцекача зь Беларусі і журналіста Андрэя Мялешку і ягоную дачку Аляксандру.

«На жаль, гэта яшчэ адна дэманстрацыя, што цяперашні ўрад імкліва набліжаецца да прарасейскай арбіты. Але спадзяюся, што пасьля парлямэнцкіх выбараў гэты кірунак зьменіцца і нам зноў ня будзе сорамна перад усім сьветам», — сказала Хатыя Дэканаідзэ ў камэнтары аб сытуацыі вакол Андрэя Мялешкі.

Хатыя Дэканаідзэ прадстаўляе ў грузінскім парлямэнце ініцыятыву «За вольную Беларусь», якая падтрымлівае барацьбу беларускага народу за правядзеньне ў Беларусі вольных выбараў і аднаўленьне ў краіне дэмакратыі.

Ініцыятыва аб’ядноўвае пяцёх дэпутаў, але, паводле Хатыі Дэканаідзэ, мае значна больш аднадумцаў сярод дэпутатаў, якія падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасьці і выбар на карысьць сяброўства Грузіі ў Эўразьвязе.

Паводле Хатыі Дэканаідзэ, сябры ініцыятывы сустракаліся ў парлямэнце Грузіі з прадстаўнікамі беларускай дыяспары і грамадзкіх арганізацый, сама Хатыя ўдзельнічала ў міжнародных форумах, прысьвечаных беларускім праблемам, летась сустракалася са Сьвятланай Ціханоўскай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(5)