Падобнымі пасажамі — а звярніце ўвагу, гаворка ішла не толькі пра БПЛА, а пра ракеты, паветрана-касмічныя сілы і г.д. — Пуцін спрабуе даць дадатковыя аргументы тым амерыканскім палітыкам, якія выступаюць супраць дазволу Украіне ўжываць далёкабойную заходнюю зброю па тэрыторыі РФ.
«Узнікае лагічнае пытанне: альбо Украіна не failed state, альбо таксама і Расія — не супердзяржава?»
Аналітык — пра тое, навошта Пуцін зноў загаварыў пра выкарыстанне расейскай ядзернай зброі.
25 верасня на нарадзе Рады бяспекі РФ па ядзерным стрымліванні Пуцін агучыў, як плануецца змяніць ядзерную дактрыну Расіі і што можа стаць падставай для выкарыстання ядзернай зброі «ў адказ».
Спіс падстаў, трэба сказаць, істотна пашырыўся. Так, Расія пагражае «адказаць» пры «крытычнай пагрозе» яе суверэнітэту нават пры атацы звычайнай зброяй. Ядзерным ударам расейскі правіцель пагражае, і калі атрымае «дакладную інфармацыю аб старце ў бок РФ сродкаў паветрана-касмічнага нападу», ракет і БПЛА.
Таксама ядзерная зброя можа быць прымененая пры агрэсіі з боку любой неядзернай дзяржавы «з удзелам і пры падтрымцы ядзернай». РФ пакідае за сабой права прымяніць ядзерную зброю і ў выпадку агрэсіі датычна Беларусі, сказаў Пуцін.
Што з гэтых заяў — блеф і пустое страсенне паветра, а што — спроба правесці новыя «чырвоныя лініі», і ці варта напружыцца не толькі заходнім краінам, але і Аляксандру Лукашэнку, якога саюзнік нібыта абяцае «абараніць»?
Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з аналітыкам Украінскага інстытуту будучыні Ігарам Тышкевічам.
— Станам на сёння я сказаў бы, што ўся гэтая заява, як і перагляд дактрыны — гэта працяг пэўнага шантажу Расійскай Федэрацыі датычна краін Захаду, перадусім Злучаных Штатаў, па пераглядзе палітычнай светавой сістэмы і нейкім асаблівым месцы Расіі ў ёй, — гаворыць аналітык. — Ну і, натуральна, гэта пэўнае запрашэнне праз падвышэнне ставак да кансультацый, што да спынення вайны ва Украіне.
А таксама, паколькі тэма ядзернай бяспекі важная і для Кітая, то хутчэй за ўсё, гэта сігнал і для Кітайскай народнай рэспублікі.
Фактычна, Пуцін спрабуе ў чарговы раз прадэманстраваць, што Расія гатовая падвышаць стаўкі — хоць на сёння я не сказаў бы, што яна збіраецца ўжываць ядзерную зброю ў бліжэйшай перспектыве.
— З улікам таго, што ўжо шмат разоў былі «прылёты» БПЛА, адбыўся вялікі прарыў ВСУ у Курскай вобласці, выглядае на спробы правесці новыя «чырвоныя лініі»: як бы тое, што ўжо было, мы ігнаруем, а цяпер выстаўляем такія ўмовы.
— Тут нездарма згадалі пра БПЛА. Гэта, з аднаго боку, спроба адыграць украінскі трэк, што да кансультацый па фармаце будучых перамоў, а з другога — гульня на тое, каб Украіна ўсё ж не атрымала дазволу выкарыстання заходняй зброі па тэрыторыі РФ.
— Што да слоў пра Беларусь — гэта абяцанне абараніць «малодшага саюзніка» альбо і пэўнае папярэджанне Лукашэнку?
— Гэта не абяцанне абараніць, гэта дадатковая фіксацыя таго, што Расія ўспрымае Беларусь як свайго сатэліта. Прычым у дадзеным выпадку гэта сігнал як для заходніх краін, так і для Кітая — калі паглядзець уважліва на падзеі вакол Беларусі, афіцыйны Менск шукае, кім ураўнаважыць вырасшы ўплыў Расіі. А РФ дэманструе, што ўспрымае Беларусь як частку сваёй суверэннай тэрыторыі.
— На вашу думку, Ці атрымаецца ў Беларусі крыху выслізнуць з-пад расійскага ўплыву? Насамрэч апошнім часам беларускія ўлады гавораць пра ўзмацненне ваеннага супрацоўніцтва з Кітаем, гандлёвага, эканамічнага, адукацыйнага і гэтак далей, імкнуцца «сябраваць» па ўсіх накірунках…
— Шансы заўсёды ёсць. Пытанне палягае ў тым, у якой сітуацыі, калі і як імі можна скарыстацца. На мой погляд, шансы аслабіць уплыў Расіі дастаткова рэальныя.
Напрыклад, зараз у Беларусі будзе новы кітайскі амбасадар, які раней працаваў у вельмі цікавы час ва Узбекістане (Чжан Вэнчуань — дыпламат з 25-гадовым досведам, быў дарадам і намеснікам пасла КНР ва Узбекістане з 2016-га — Ф).
Хачу нагадаць, што яшчэ дзесяць год таму Узбекістан быў найбольш завязанай на Расію краінай, з досыць слабой эканомікай, з вельмі моцнымі міграцыйнымі, культурнымі, адукацыйнымі сувязямі з РФ — нават сярод сезонных працаўнікоў у Расіі на той момант пераважалі ўзбекі. Аднак за час калі цяперашні амбасадар КНР у Беларусі працаваў ва Узбекістане, гэтая краіна правяла і дастаткова моцныя і хуткія эканамічныя рэформы, і фактычна выслізнула з зоны ўплыву РФ.
Гэта да пытання аб магчымасцях — вось асобная краіна паказала, як гэта цалкам магчыма і хутка зрабіць. Тое ж самае робіць Казахстан, прыкладна тое ж самае, але з дапамогай Турэччыны, зрабіў Азербайджан.
Расія ўцягнулася ў вайну ва Украіне ўсё яшчэ ў статусе краіны, якая прэтэндуе на ролю супердзяржавы — але тут спрацавала пастка самой расейскай прапаганды, скіраванай на знешняе поле.
Калі яны казалі, што Украіна — гэта failed state, атрымліваецца, супердзяржава ўзялася навесці лад у «дзяржаве, што правалілася» — і не можа. Узнікае лагічнае пытанне: альбо Украіна не failed state, альбо таксама і Расія — не супердзяржава?
Паглядзіце, што адбылося з 2022 года: дэ-факта Расія згубіла дамінуючы ўплыў у Цэнтральнай Азіі, страціла яго на Паўднёвым Каўказе, АДКБ дэ-факта на мяжы распаду — і ўсё гэта Расія атрымала як вынік сваёй «вайсковай аперацыі», вайны ва Украіне.
— Маеце на ўвазе, што быць побач са слабым нікому не хочацца, і саюзнікі паціху адпаўзаюць?
— Пытанне не тое што ў слабасці, але ў агрэсіўнасці Расіі. Пакуль што яна застаецца прынамсі рэгіянальным лідарам. Але адна справа — калі ты не маеш алгарытмаў па збалансаванні расейскага ўплыву, якія б спрацавалі і былі бяспечнымі для тваёй дзяржавы, а другая справа, калі такая магчымасць з’яўляецца.
Тыя кіраўнікі дзяржаў, якія маюць, кажучы па-простаму, клёпкі ў галаве, спрабуюць скарыстаць гэты шанец — і ў значнай часткі гэта атрымліваецца.
Читайте еще
Избранное