История

Андрэй Кныш

«Учора на доме ўжо прэзідэнтавым быў спушчаны бел-чырвона-белы сцяг»

«Салідарнасць» прыгадвае гісторыю аднаго дзяржаўнага злачынства.

16 мая 1995 года на даху адміністрацыі прэзідэнта па адрасе Карла Маркса, 38 быў зняты дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг. І не проста зняты, а падраны на кавалкі, на якіх тагачасны кіраўнік справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў паставіў свае аўтографы.

Шмат пазней былы заўгас Лукашэнкі ў інтэрв’ю «Нашай Ніве» прывёў уласную версію падзей:

— Значыць, я прыехаў на працу ў адміністрацыю. Мне прыходзіць каманда зняць сцяг з будынку. Наверх падымаемся я, мой намеснік Лявонцій Харужык, здаецца, яшчэ два намеснікі. Палезлі мы, значыць, такія наверх. І хтосьці з намеснікаў кажа: «Іванавіч, давайце разрэжам сцяг на кавалачкі, каб было на памяць».

А хтосьці знізу з апазіцыі зняў усё гэта. І тут раздулі — ёпт. Хіба б я мог сабе такое дазволіць? І цяпер у інтэрнэце гэта ўвесь час раздзьмуваюць.

Насамрэч, зняў усё гэта тагачасны аператар Лукашэнкі Дзмітры Завадскі. Чыноўнікам не спадабалася тое, што іх твары трапілі буйным планам у кадр. Таму ў навінах паказалі толькі ўзняцце лукашэнкаўскага чырвона-зялёнага сцяга.

Вось як пра гэта па гарачых слядах расказаў «Радыё Свабода» журналіст Эдвард Тарлецкі:

— Роўна ў 16.10 учора на доме ўжо прэзідэнтавым быў спушчаны бел-чырвона-белы сцяг, а яшчэ праз дзесяць хвілін узняўся іншы — чырвона-зялёны з арнаментам. Ад учора Беларусь пачала жыццё пад новымі-старымі сімваламі. Шчаслівыя твары ўдзельнікаў акцыі былі паказаныя ў вечаровым выпуску дзяржаўных навінаў. Аднак гледачы не даведаліся, што сталася з беларускім сцягам.   

Мяркуючы па тых гістарычных кадрах, Ціцянкоў і ягоныя калегі сапраўды выглядалі задаволенымі. Іхнія твары свяціліся ўсмешкамі, заўгас нешта напяваў сабе пад нос.

А калі хтосьці з удзельнікаў ганебнай «аўтограф-сесіі» выказаў перасцярогу наконт магчымай рэакцыі, Ціцянкоў упэўнена абсёк:

— Ну, если это Позняк увидит...

— Да пусть он задушится!

Чаму важна памятаць пра гэтую падзею і нагадваць пра яе тым, хто пра яе забыў? Не толькі таму, што той канкрэтны ўчынак Ціцянкова цягнуў на крымінальнае злачынства.

Так, вынікі рэферэндума 14 мая 1995-га яшчэ не былі афіцыйна агучаныя, таму бел-чырвона-белы сцяг фармальна быў усё яшчэ дзяржаўнай сімволікай. Адпаведна, дзеянні прэзідэнцкага заўгаса цягнулі на крымінальны артыкул «Здзек з дзяржаўных сімвалаў».

Скан газеты «Свабода», якая захоўваюцца ў інтэрнэт-бібліятэцы Камунікат

І не толькі таму, што ў чарговы раз адбылася яркая дэманстрацыя таго, што за людзі атрымалі ўладу над краінай.

Той выпадак нагадвае нам, што і сам рэферэндум быў незаконным ад самага пачатку. Нагадаем па пунктах.

  • Тагачасны закон надзяляў правам прызначаць рэфэрендум Вярхоўны Савет, а кіраўнік дзяржавы такога права не меў.
  • Тым не менш, Лукашэнка прапанаваў на рэферэндум чатыры пытанні.
  • Супраць гэтага выступілі 19 дэпутатаў Вярхоўнага Савету. 11 красавіка яны абвясцілі галадоўку ў Авальнай залі.
  • У ноч з 11 на 12 красавіка ў будынак парламента ўварваліся вайскоўцы, міліцыянты і байцы спецпадраздзяленняў, якія жорстка збілі дэпутатаў і сілай вывезлі іх з будынка. Фактычна, гэта быў дзяржаўны пераварот.
  • Аднак, дэмаралізаваная рэшта Вярхоўнага Савета на наступны дзень зацвердзіла і вынесла на рэферэндум прапанаваныя Лукашэнкам пытанні.
  • Больш за тое, згодна з дзейнай Канстытуцыяй, Вярхоўны Савет не меў права прызначаць рэферэндумы ў апошнія 6 месяцаў сваёй легальнай дзейнасці. Паўнамоцтвы ВС XII склікання завяршаліся 15 мая 1995-га. То бок, на момант, калі Лукашэнка ініцыяваў рэферэндум, тагачасны парламент ужо не меў паўнамоцтваў яго прызначаць.
  • Да ўсяго, два пытанні з чатырох, прапанаваных Лукашэнкам, парушалі артыкулы 17, 78 і 148-2 Канстытуцыі краіны, а таксама закон «Аб народным галасаванні (рэферэндуме)»: на плебісцыт не маглі выносіцца пытанні нацыянальна-гістарычнай адметнасці — аб статусе беларускай мовы і аб дзяржаўных сімвалах.

— Гэтыя два юрыдычныя моманты — незаконнае прызначэнне рэферэндуму і пытанні мовы і сімволікі — бясспрэчныя. Любы Канстытуцыйны Суд, калі ён адновіць свае нармальныя паўнамоцтвы і паўнавартасную працу, адменіць гэтыя вынікі, — казаў у свой час колішні дэпутат Незалежнасці Лявон Баршчэўскі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.8(17)