Віцебскага распаўсюдніка незалежнай прэсы прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП: на ягонай старонцы Facebook супрацоўнікі міліцыі знайшлі спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы, прызнаныя «экстрэмісцкімі», паведамляе БАЖ.
Барыс Хамайда трапіў пад хвалю затрыманняў 23 студзеня. Ранкам да яго ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі КДБ і Першамайскага РАУС, і пасля ператрусу найстарэйшага віцебскага грамадскага актывіста забралі ў міліцыю.
Ягоны тэлефон, як напісаў спадар Хамайда, пабываў у руках аднаго з тых сілавікоў, што рабілі ператрус. І акурат у тую самую раніцу 23 студзеня ў яго на старонцы з’явіліся «экстрэмісцкія» падпіскі.
Двое сутак Барыс Хамайда адбыў у ІЧУ, а на судовае слуханне, якое адбывалася праз Skype, яго прывялі ў кайданках. Гэта заўважыў суддзя Першамайскага райсуда Віцебска Міхаіл Юрчанка і загадаў ахове зняць іх. Суд у той дзень не скончыўся: суддзя не знайшоў падстаў, каб вынесці пакаранне, і судовы працэс быў працягнуты 2 лютага.
Паводле новага допісу спадара Хамайды ў Facebook, пасля суду яго зноў адвезлі ў Першамайскі РАУС, дзе склалі яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол. 5 лютага вядомага віцебскага распаўсюдніка незалежнай прэсы чакае новы суд.