Филин

Юлія Кот

У наваполацкай калоніі масава хварэюць на каросту: чаму гэта стала магчымым і ці лёгка спыніць хваробу?

Лекар і праваабаронца — пра «захворванні з мінулага», якія застаюцца актуальнымі і небяспечнымі.

Паводле звестак праваабаронцаў, у наваполацкай папраўчай калоніі № 1 (тут, як паведамляе «Вясна», на сёння ўтрымліваецца 101 палітзняволены) цягам апошніх тыдняў распаўсюджваецца кароста. Але ці аказваецца вязням якасная медыцынская дапамога і, ці прадпрымаюцца неабходныя захады па спыненні распаўсюду хваробы — невядома.

Пра тое, наколькі гэтая хвароба сёння актуальная для месцаў зняволення, ці складана яе лячыць, і чаму гэта праблема не толькі для вязняў, Филин пагутарыў з былым кіраўніком медслужбы ДВП МУС, лекарам, праваабаронцам Васілём Завадскім.

— Трэба разумець, што кароста (па-руску «чесотка» — Ф) — паразітарнае захворванне, і каб яно ўзнікла, трэба, каб паразіт, клешч, не проста трапіў да аднаго чалавека, а каб у іншых быў шчыльны кантакт з заражаным, — тлумачыць медык. — А ў дадзеным выпадку, як можна меркаваць, гаворка не пра аднаго-двух хворых, а пра значную колькасць.

Гэта з аднаго боку не дзіўна, таму што спрыяюць умовы — не толькі ў месцах зняволення, але ўвогуле ў месцах, дзе адначасова знаходзяцца шмат людзей (тыя ж летнікі, армейскія часткі, але таксама і пенітэнцыярныя ўстановы). У адносна ізаляваным і згуртаваным калектыве паразіту трапіць да іншага чалавека значна прасцей, чым у звычайным паўсядзённым жыцці.

Як паразіт можа трапіць у калонію? Шляхоў нямала, зазначае Васіль Завадскі, і не абавязкова справа толькі ў новых, ужо хворых на каросту, зняволеных:

— Можа занесці кляшча і супрацоўнік, і чалавек, які прыехаў на спатканне — яго ж ніхто не аглядае, бздурай было б медперсаналу правяраць кожнага наведніка. А можа, клешч знаходзіўся ў сталыпінскіх вагонах, якімі перавозяць зняволеных — і чалавек выехаў на этап здаровым, а прыбыў ужо з паразітамі.

Гэта тыповы механізм распаўсюджання і каросты, і некаторых іншых захворванняў, таго ж педыкулёзу.

Для таго, каб папярэджваць гэтыя хваробы, даўно распрацаваны алгарытм прафілактычных дзеянняў, і калі ён працуе, — гэта дазваляе ці папярэдзіць з’яўленне, ці лакалізаваць і спыніць далейшы распаўсюд. Калі адбылося тое, пра што паведамляюць праваабаронцы (масавае захворванне), то можна меркаваць, што быў збой і гэты алгарытм на нейкім этапе не спрацаваў.

Лекар распавядае, пра якія этапы ідзе гаворка. Найперш кожны зняволены, які прыбывае ў пенітэнцыярную ўстанову, мусіць прайсці медагляд, а ягоныя рэчы накіроўваюцца ў дэзінфекцыйную камеру, дзе вельмі гарачым паветрам, альбо гарачай парай з фармалінам, і апрацоўваюцца — фактычна, ідзе «пражарка».

У некаторых установах, згадвае Васіль Завадскі, падобныя камеры былі нават вельмі вялікія, на 30-50 кубічных метраў, што дазваляла апрацоўваць адразу вопратку, нацельную і пасцельную бялізну ўсіх новапрыбылых з чарговым этапам.

— Пад уздзеяннем высокіх тэмператур забіваюцца і кароставы клешч, і вошы, і іншыя ўзбуджальнікі хваробаў. Гэтая апрацоўка мусіць дзейнічаць і цяпер, — зазначае лекар. — Другі момант — прынамсі, у мой час так было, калі была вельмі сур’ёзная праблема сухотаў, іншых інфекцыйных хваробаў у месцах зняволення — існавала правіла: раз на месяц усе атрады, дакладней, рэчы ўсіх вязняў павінны былі прайсці праз гэтыя дэзкамеры.

Гэта прафілактычны механізм санпрапускніка: вязні ідуць у лазню, свае пасцельныя рэчы і вопратку здаюць у дэзкамеру, а памыўшыся, атрымліваюць ужо апрацаваныя рэчы і памытыя прасціны, навалачкі ды рушнікі.

Калі ж хвароба, у прыватнасці, кароста, ужо распаўсюдзілася, неабходна праводзіць лячэнне хворых, а паралельна — прафілактыку, згаданую вышэй.

Што да ўласна лячэння, яно адначасова і простае, і складанае, мяркуе лекар. Простае — у тым сэнсе, што ўжо ёсць сучасныя сродкі, якія дастаткова нанесці на скуру ўсяго аднойчы, перад тым жа душам ці лазняй, каб знішчыць паразітаў на целе.

— Cкладанасць жа ў тым, што недастаткова пралячыць хворага чалавека: трэба скарыстаць увесь комплекс мер для лячэння і прафілактыкі. А калі хвароба распаўсюдзілася на атрад ці нават некалькі, то аб’ём работы немалы, і за адзін дзень гэта не зробіш. Да таго ж на пэўны час трэба закрыць камунікацыю паміж атрадамі, каб пакрокава вырашыць праблему.

То бок, правілы існуюць, яны прапісаныя і нескладаныя — але калі здарыўся распаўсюд хваробы, відавочна, недзе адбыўся збой.

Калі своечасова зрабіць усе захады, дадае медык, то кароста не ўяўляе з сябе значнай пагрозы. А вось калі яе запусціць, гэта вядзе да дадатковых захворванняў; не толькі нарываў на скуры, але і больш небяспечных станаў, калі далучаецца стафілакокавая, стрэптакокавая інфекцыі. У такіх выпадках могуць узнікаць эндакардыты, міязіты, міякардыты, скарлаціна…

Словам, чым раней спыніць хваробу — тым лепш. Прычым  не толькі для вязняў і іх родных. Бо кароставы клешч — не правяральнік з Мінска ці Віцебска, яму ўсё адно, апранутая яго ахвяра ў робу арыштанта ці ў форму супрацоўніка вязніцы.

Кляшчы, паразіты такія, вызначаюцца палітычнай індыферэнтнасцю, затое высокай заразнасцю. Таму рызыкі вынесці іх за сцены турмы і падарыць непрыемны сюрпрыз ужо сваім родным у супрацоўнікаў калоній вялікія.

Адназначна, супрацоўнікі ў гэтым сэнсе вельмі ўразлівыя, — пацвярджае Василь Завадскі.

Турэмная сцяна — не перашкода для паразітаў і мікробаў. І каб не прынесці дамоў кляшча, ці вош, ці нейкую іншую трасцу, супрацоўнікі і адміністрацыя таксама мусяць быць зацікаўленыя ў тым, каб паклапаціцца і пра сваю бяспеку і здароўе — праз клопат пра здароўе вязняў. Інакш — ніяк.