Политика

«У нас адны каштоўнасці і адна мэта — незалежная, дэмакратычная і еўрапейская Беларусь»

Пра што размаўлялі Ціханоўская, Латушка, Бабарыка і Калеснікава з Каяй Калас.

У Бруселі вярхоўная прадстаўніца ЕС па знешняй палітыцы і бяспецы Кая Калас прыняла дэлегацыю беларускіх дэмакратычных сіл на чале са Святланай Ціханоўскай.

У сустрэчы ўдзельнічалі намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка і нядаўна вызваленыя палітзняволеныя Марыя Калеснікава і Віктар Бабарыка, паведамляе прэс-служба лідаркі дэмсіл Беларусі.

Кая Калас выказала падтрымку Беларусі і беларусам, якія змагаюцца за свабоду, павіншавала Бабарыку і Калеснікаву з вызваленнем і адзначыла намаганні ЗША і ЕС у напрамку вызвалення палітычных зняволеных.

Святлана Ціханоўская падзякавала Каі Калас за працу Кансультатыўнай групы ЕС-Беларусь, якая ўжо тры гады дапамагае вырашаць практычныя праблемы беларусаў, а таксама за прынцыповую пазіцыю Еўрасаюза ў адрозненні беларускага народа ад рэжыму.

Ціханоўская падкрэсліла, што, нягледзячы на спробы рэжыму раз’яднаць дэмакратычны рух, «мы захоўваем адзінства і працягваем працу».

У нас могуць быць розныя погляды і тактычныя падыходы, але ў нас адны каштоўнасці і адна мэта — незалежная, дэмакратычная і еўрапейская Беларусь.

Святлана Ціханоўская

Яна таксама адзначыла ролю амерыканскай адміністрацыі ў вызваленні людзей і падзякавала за значную еўрапейскую дапамогу рэпрэсаваным. Асобна была адзначаная роля Польшчы, Літвы і Украіны ў прыёме вызваленых і дэпартаваных беларусаў. Ціханоўская таксама распавяла пра развіццё кантактаў з Украінай.

Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка расказаў пра працу дэмакратычных сіл у напрамку прыцягнення рэжыму да адказнасці. Ён заклікаў ЕС падтрымаць пазоў Літвы ў Міжнародны крымінальны суд і працягваць ціск на рэжым, пакуль не будуць спыненыя рэпрэсіі і не пачнецца змена палітыкі.

Віктар Бабарыка падзяліўся сваім бачаннем таго, што неабходна зрабіць для ўмацавання незалежнасці Беларусі і вяртання краіны ў еўрапейскую прастору. Ён адзначыў, што Еўрапейскі саюз мае значны ўплыў і магчымасці паўплываць на сітуацыю ў Беларусі.

Марыя Калеснікава падкрэсліла неабходнасць працягваць гуманітарныя намаганні, накіраваныя на вызваленне палітвязняў і спыненне рэпрэсій, а таксама на ўмацаванне мабільнасці і сувязяў паміж беларусамі і Еўрапейскім саюзам.

Сустрэча адбылася з нагоды шостага пасяджэння Кансультатыўнай групы паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і інстытуцыямі ЕС.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)