Филин

Наталля Север

Тышкевіч: «Лукашэнку, можа стацца, трэба будзе не проста адпятляць, а адпятляць двойчы»

Ці будзе Расія знішчаць свае тэрыторыі, як украінскія, каб вызваліць, на якім баку беларуская прапаганда і чаму маўчаць саюзнікі па АДКБ.

Пра падзеі ў Курскай вобласці Расіі Филин пагаварыў з аналітыкам Украінскага інстытуту будучыні Ігарам Тышкевічам.

— Зараз можна з пэўнай доляй верагоднасці сцвярджаць, што ў рэйдзе на Курскую вобласць Расіі бяруць удзел не добраахвотнікі, а рэгулярныя войскі Украіны са штатным узбраеннем, частка якога заходняе, — робіць высновы Ігар Тышкевіч. — Адпаведна гэта азначае, што заходнія партнёры Украіны знялі забарону на прымяненне іх зброі супраць Расіі на расійскай тэрыторыі. Гэта вельмі важна.

Ігар Тышкевіч

Другі ключавы момант, які не магу не адзначыць, гэта падрыхтоўка. Думаю, усе разумеюць, што такія аперацыі не рыхтуюцца за адзін дзень.

Таму мы атрымалі, можна сказаць, адну з найбольш паспяховых за гэту вайну аперацыю па дэзынфармацыі праціўніка.

Нагадаю, месяцы паўтара-два таму ўкраінскае кіраўніцтва пачало актыўна казаць пра небяспеку для Сумскай вобласці. Інфармацыя распаўсюджвалася, яе падхапілі заходнія аналітыкі, а потым дайшло і да Расіі.

Украіна тым часам перацягвала пэўную колькасць войск да мяжы. А расіяне былі ўпэўненыя, што гэта робіцца для абароны. Тым больш тады яны меркавалі наступ на Харкаўшчыну, які не атрымаўся, і, сыходзячы з гэтага, лічылі, што Украіна проста расцягвае сілы.

Сярод важных аспектаў аперацыі аналітык таксама адзначае яе палітычную і знешнепалітычную ролю.

— Працягваюцца баі, прычым з захопам населеных пунктаў. Толькі за першыя два дні Украіна фактычна ўзяла адзін райцэнтр — горад Суджу. А памятаеце, колькі Расія штурмавала Аўдзееўку?

— Яны кожны метр штурмуюць месяцамі.

— Так, а тут населены пункт за два-тры дні. І гэта, відавочна, павінна дадаць трохі аптымізму ўкраінцам.

З пункту гледжання знешняй палітыкі, трэба адзначыць пытанне ўплыву на РФ. Нагадаю яшчэ раз — баі ідуць на тэрыторыі Расіі!

У гэтым сэнсе рэакцыя Крамля таксама паказальная. Першы дзень фактычна афіцыйнай пазіцыі не было, што лагічна. Бо перад імі стаяў нялёгкі выбар.

Першы варыянт — сказаць, што мы прапусцілі напад і зараз мусім моцна адказаць, у такім выпадку аб'яўляем вайну, вайсковы стан, мабілізацыю з усімі выцякаючымі наступствамі.

Варыянт другі — гэта антытэрарыстычная аперацыя. Але тут ёсць розніца і я яе патлумачу: антытэрарыстычнай аперацыяй кіруе ФСБ, а вайсковай — Генштаб.

Адпаведна, калі ты абвяшчаеш контртэрарыстычную аперацыю, гэта павінна азначаць, што кіраўніцтва войскамі на тэрыторыі, там, у Курскай вобласці, пераходзіць да ФСБ.

Наогул можа атрымацца вясёлая сітуацыя, калі будзе незразумела, хто дзе і кім камандуе.

Таму што ўварванне Расіі на тэрыторыю Харкаўскай вобласці — гэта СВА, а тая ж самая групоўка войск, толькі на поўнач аказваецца ў іншым прававым полі?

І рабіць выгляд, што нічога не адбываецца для расійскага ўраду таксама нязручна, бо занадта ўжо вялікі маштаб. Хаця Расія да апошняга спрабавала гэта рабіць.

У выніку пакуль што адбылася нарада ў Пуціна з прызнаннем, так скажам, праблем. Але часткова, без падрабязнасцяў. І прызначэннем быццам бы адказных, якія мусяць клапаціцца пра мірнае насельніцтва.

Пра вайсковы складнік кажуць адносна мала і расплыўчата, — канстатуе Тышкевіч.

Ён таксама адзначае, што і ўкраінскі бок не спяшаецца абвяшчаць свае планы.

— Я не думаю, што Украіна ад пачатку мела планы захапіць вялікую частку тэрыторыі Расіі. Таму дапускаю, што і сіл там не так шмат. Зразумела, што расіянам трэба паказаць, як яны змагаюцца «с превосходящим в силе противником», таму яны кажуць ледзь не пра восем брыгад.

— Таксама паведамляюць пра сотні страт з украінскага боку.

— Так, і ўжо некалькі разоў абвяшчалі, што прасоўванне ўкраінскіх войск спынена.

Але калі казаць сур'ёзна, наколькі я разумею, план аперацыі быў у тым, каб зайсці так далёка, як дазволіць Расія.

Яны хацелі прадэманстраваць, што напад на чужую тэрыторыю — гэта гульня ў два бакі, а не ў адзін.

І Расія, выбіваючы ўкраінскія войскі са сваіх тэрыторый, можа апынуцца ў не вельмі добрай сітуацыі. Усе бачылі, як яна бярэ ўкраінскія гарады — фактычна пераўтварае іх у марсіянскі пейзаж, знішчаючы ўсё.

Ці будуць яны рабіць тое самае са сваімі тэрыторыямі, каб вызваліць іх? Яны іх таксама будуць сціраць з твару зямлі, калі ўкраінцы будуць абараняцца?

Калі, у іншым выпадку, Украіна замацуецца на пэўных тэрыторыях, ці стануць тады магчымымі перамовы? На якіх умовах?

У рэшце рэшт, калі даводзіць сітуацыю да абсурду ў пуцінскім стылі, то можна нагадаць пра тое, што ў Суджы ў канцы 1918 года месяц працаваў урад Савецкай Украіны. То бок, можа сказаць, гэта наша першая сталіца.

— А што вы думаеце пра паводзіны беларускага боку?

— У першую чаргу тут трэба казаць пра тое, што страшна, прычым страшна з усіх бакоў. Калі Крэмль пра тыя падзеі збольшага стараецца маўчаць, то частка z-блогераў адрэагавала даволі рэзка.

Яны напісала, што ў штурме Курскай вобласці прымаюць удзел брыгады з тых, што быццам бы перад гэтым прыкрывалі беларускую мяжу.

Натуральна, прасцей, чым вінаваціць сваіх генералаў, прызнаць вінаватым Лукашэнку.

Але і акрамя тых z-блогераў, перад ім зараз перспектывы не самыя лепшыя. Асабліва калі Расія ўсё ж такі вырашыць сказаць, што гэта вайна.

Там адразу давядзецца ўзгадаць і ваенную дактрыну Саюзнай дзяржавы, і дамову аб калектыўнай бяспецы АДКБ. І Расія можа звярнуцца да ўдзельнікаў АДКБ, бо супраць яе быццам бы адбываецца агрэсія.

Самае пікантнае ў тым, як яны адрэагуюць. Як вы думаеце, якой будзе пазіцыя Арменіі ці Казахстана? У такім выпадку да каго будзе звяртацца Пуцін?

І вось тады Лукашэнку трэба будзе нейкім чынам не проста адпятляць, а, атрымліваецца, двойчы адпятляць, і як партнёру па Саюзнай дзяржаве і як саюзніку па АДКБ.

Таму, думаю, што ў Беларусі наўрад ці знойдзецца хтосьці, хто рады таму, што Пуцін не абвясціў вайсковы стан, больш за аднаго асобна ўзятага беларуса ў нейкай рэзідэнцыі — ці то ў Астрашыцкім гарадку, ці то пад Мінскам. У любым выпадку зараз усе крокі рызыкоўныя для яго асабіста.

Таму абвінавачванні расійскіх z-блогераў для яго — яшчэ адносна лёгкі варыянт.

А вось беларускім прапагандыстам у такі час «Ч» трэба дакладна прадэманстраваць, каму ты лаяльны, бо перад імі таксама паўстае пытанне ўласнай бяспекі. Яны зараз таксама перад цяжкім выбарам, — іранічна зазначае суразмоўца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(28)