Филин

Юлія Кот

«Тое, што сказана ў фрагменце дэкларацыі саміту НАТА пра Беларусь — сумная навіна для беларускага грамадства»

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст — пра тое, што не пазначана ў дэкларацыі Альянса.

Удзельнікі саміту НАТА, які праходзіць гэтымі днямі ў Вашынгтоне, прынялі дэкларацыю, у якой згадваюцца Беларусь, Украіна і Расія. І калі Украіну Альянс паабяцаў падтрымліваць надалей зброяй і фінансамі, а таксама адзначыў «незваротны шлях да поўнай еўраатлантычнай інтэграцыі»,  у тым ліку ўваходжанне ў НАТА, то паглыбленне стасункаў Беларусі і Расіі было названае пагрозай для рэгіёна.

«Паглыбленне палітычнай і ваеннай інтэграцыі Расіі ў Беларусь, уключна з разгортваннем перадавых расійскіх ваенных магчымасцяў і персаналу, мае негатыўныя наступствы для рэгіянальнай стабільнасці і абароны Альянсу», — заявілі ўдзельнікі саміту.

Пры гэтым, нагадаем, у мерапрыемствах саміту сёлета бярэ ўдзел Святлана Ціханоўская — і было б вельмі сімвалічна, каб у дэкларацыі неяк згадалі Беларусь дэмакратычную і адасобілі рэжым ад народу. Але такога адлюстравання ў тэксце  няма. Ці значыць гэта, што лідарку дэмакратычных сіл удзельнікі саміту не пачулі, ці проста гаворка ідзе пра розныя трэкі?

— Мяркую, тое, што ў фрагменце дэкларацыі саміту НАТА, дзе сказана пра Беларусь, прагучала толькі пра саўдзел у агрэсіі, збліжэнне з Расіяй і ядзерную зброю — гэта, у прынцыпе, сумная навіна для беларускага грамадства, — зазначае ў каментары Филину палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст.

Юрый Дракахруст

Бо дэмакратычныя сілы сапраўды ўвесь час кажуць, што нельга змешваць Лукашэнку і беларускі народ, Лукашэнку і Беларусь, і што народ не падтрымлівае вайну. Безумоўна, многім хацелася б, каб такія фармулёўкі прысутнічалі і ў дэкларацыі саміту НАТА. Але можна зразумець, чаму іх там няма.

Усё ж НАТА — не даследчая арганізацыя, не ўрад асобнай краіны, які можа ўлічваць многія аспекты стасункаў з іншай краінай, гэта ваенна-палітычны блок. Гэта блок, які трактуе толькі пытанні бяспекі — прынамсі, у першую чаргу іх.

І падобныя тонкасці, якія, аднак, насамрэч рэчы сутнасныя, з пункту гледжання халоднага розуму і калектыўнай ацэнкі чальцоў Альянса, аказаліся не важнымі для гэтага дакумента. Важна, што дзяржава падтрымлівае Расію, згаджаецца завезці на сваю тэрыторыю ядзерную зброю і гатовая падтрымліваць РФ надалей шмат у якіх сферах — адпаведна, і палітыка НАТА павінна грунтавацца на гэтых канстатацыях.

Аналітык зазначае: вядома ж, нельга сказаць, што для ўсіх краін Альянсу толькі гэтая дэкларацыя стане кіроўнымі ўказаннямі ў выбудоўванні палітыкі па Беларусі. Але ў ваенна-палітычнай іпастасі пазіцыя НАТА сфармуляваная менавіта так, і гэта пэўны чыннік.

— Калі, умоўна кажучы, дзесьці будзе абмяркоўвацца пытанне аб тым, што добра было б зрабіць нейкія крокі насустрач беларускаму народу, які не супадае з Лукашэнкам, то ў гэтых дыскусіях можа прагучаць: гэта ўсё, канешне, цікава, але мы ўсе разам выказалі сваё стаўленне вось так, як запісана ў дэкларацыі НАТА. Прынамсі, гэта будзе аргументам у спрэчках палітыкаў Польшчы, Літвы, Нямеччыны, Гішпаніі, Партугаліі.

Такая трактоўка ўжо ўвасабляецца ў рэчаіснасці, дадае Юрый Дракахруст. Напрыклад, пры абмеркаванні апошніх рашэнняў Польшчы наконт вывазу ў Беларусь прыватнымі асобамі дываноў, смартфонаў і г.д. многія лагічна здзіўляюцца і задаюць пытанне: якім чынам вываз беларусам дывана з Польшчы можа падтрымаць ваенную машыну Расеі?

— І гучыць адказ: а не важна. Мы абмяжоўваем, паводле прынятага рашэння ЕС, а ў дэталі ўжо не ўдаемся.

Так, дэмакратычныя сілы штосьці спрабуюць зрабіць, «адкаціць» рашэнні такога накірунку. Але іх менавіта што даводзіцца «адкатваць», і часам — без поспеху. Таму што вецер дзьме ў гэты бок, і фрагмент дэкларацыі саміту НАТА пра Беларусь гэта таксама абазначае, — канстатуе Юрый Дракахруст.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(16)