Спецназ, снайперы і бронетэхніка ў Мінску. Як лукашэнкаўцы рыхтавалі свой першы «ўсенародны» сход
Прыгадваем падзеі кастрычніка 1996-га.
У гэтыя днi незалежныя СМІ абляцела навіна пра тое, якія сілы вылучыла МУС для аховы арганізаванага ўладамі Усебеларускага народнага схода — каля трох сілавікоў на аднаго дэлегата.
Паведамляецца, што падраздзяленні міліцыі 24-25 красавіка 2024-га прыводзяцца ў павышаную гатоўнасць. Ахоўваць УНС будуць каля 3000 супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, у тым ліку АМАП, сапёры, ратавальнікі, аддзел па супрацьдзеянні БПЛА ды іншыя.
Пры ГУУС будзе працаваць аператыўна-сітуацыйны штаб, напагатове будуць групы хуткага рэагавання.
Калі кагосьці ўсё яшчэ ўражвае маштаб падобных перасцярогаў з боку рэжыму, самы час згадаць, што адбывалася ў Беларусі 28 год таму, калі Лукашэнка зладзіў свой першы сход. Дзеля гэтага мы ізноў звярнуліся да архіваў тагачаснай прэсы.
Кастрычнік 1996-га, у краіне разгараецца палітычны крызіс. Дэмакратычная апазіцыя ладзіць Нацыянальны кангрэс у абарону Канстытуцыі – супраць дыктатуры. Лукашэнка ў сваю чаргу збірае Усебеларускі народны сход, які мусіць засведчыць ягоную ўсенародную падтрымку.
Мерапрыемствы фактычна супалі па часе. Кангрэс быў запланаваны на 18-19 кастрычніка, УНС — на 19-20 кастрычніка. Улады пачалі рыхтавацца да абедзвюх падзей загадзя.
Па ўсёй краіне прайшлі выбары дэлегатаў сходу, якія па старой савецкай традыцыі звяліся да вылучэння «сваіх» людзей — пераважна чыноўнікаў і кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў.
Адначасова на базах спецназу і ўнутраных войскаў пачалася свая падрыхтоўка.
У дзяржаўнай прэсе пачалі з’яўляцца ўкіды пра магчымыя правакацыі. Асаблівы акцэнт рабіўся на субоце, 19 кастрычніка, калі ў Мінску адкрываўся лукашэнкаўскі сход, а апазіцыя мелася зладзіць шматтысячны мітынг каля Опернага тэатра.
18 кастрычніка, калі ў Палацы прафсаюзаў сабраліся каля 1200 дэлегатаў Кангрэса, газета «Свабода» выйшла з экстраным выпускам. У ім была надрукаваная дакладная запіска на імя начальніка аператыўнай і баявой падрыхтоўкі ўнутраных войскаў, падпісаная палкоўнікам А. Шкуном, начальнікам баявой падрыхтоўкі корпуса аховы.
У запісцы паведамлялася пра створаныя і падрыхтаваныя групы снайпераў і аўтаматчыкаў, пра задзенічанне бронетэхнікі, укаплектаванай у тым ліку і баявым боезапасам. А таксама апісваліся прычыны і ўмовы прымянення баявых спецсродкаў, здольных нанесці шкоду вялікай колькасці людзей.
Рэдакцыя «Свабоды» сцвярджала, што копію запіскі атрымала ад афіцэраў унутраных войскаў. Яе ксеракопія была перададзеная ў той самы дзень у Вярхоўны Савет, які зладзіў асобныя слуханні з гэтай нагоды.
На іх выклікалі кіраўнікоў КДБ, МУС і Генпракураты. Прыйшлі намеснікі — іх шэфы ў той момант былі на нарадзе ў Лукашэнкі. На выніках парламенцкіх слуханняў паводле той публікацыі была прызначаная праверка і распачатая крымінальная справа.
Важны момант. Нагнятанне істэрыі з боку ўладаў, такое знаёмае нам сёння, адбывалася на фоне зменаў у рыторыцы і тактыцы тагачаснай дэмакратычнай апазіцыі.
Пасля шматысячных акцый 1995-га і гарачай вясны 1996-га стаўка была зробленая на новы вобраз апазіцыі, на высокую палітычную культуру, як казаў у сваім звароце да мітынгоўцаў каля Опернага тэатра 19 кастрычніка Генадзь Карпенка.
Тым часам, каля Кафедральнага сабора сілавікі разгарнулі палявую кухню, нібы рыхтаваліся да трывалай аблогі. Палац спорту, куды прывезлі ўдзельнікаў лукашэнкаўскага сходу, быў у аблозе спецназу і шараговых міліцыянтаў, туды пускалі толькі па спецпропусках.
Ад самай раніцы па Мінску ездзілі калоны вайсковых грузавікоў і бронетэхнікі. У сталіцу звезлі атрады АМАПу з абласных цэнтраў.
Зрэшты, сутычак і правакацый, якімі палохалі людзей некалькі тыдняў, не адбылося. Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў прайшлі шматтысячным шэсцем ад плошчы Якуба Коласа да Опернага тэатра, дзе адбыўся мітынг.
Пасля яго колькі тысяч чалавек рушылі ў бок Палаца спорту, але праз міліцэйскія кардоны прарывацца не сталі. Да чарговага ганебнага рэферэндума, які канчаткова засведчыў пераход Беларусі да дыктатуры, заставалася трошкі больш за месяц.
Читайте еще
Избранное