Шрайбман: «Качанава, Эйсмант, Петкевіч, Косінец маглі б абраць іншы бок, калі б разумелі, што ім ад гэтага стала б бяспечней»

Чаму беларускія палітвязні сталі палітычным аргументам для Лукашэнкі. Палітычны аналітык — пра адзінае, што ўплывае на рэжым.

— Натуральна ў шэрагах рэжыму ёсць людзі, якія ў крытычнай сітуацыі маглі б абраць іншы бок, — выказаў меркаванне Арцём Шрайбман на канале Гадзіннічак цікае. — Такія людзі ёсць ва ўсіх рэжымах.

Гэта нават не пытанне іх ідэалогіі, гэта пытанне праліку іх рызыкі і адчування ўласнай бяспекі-небяспекі.

Думаю, што ў крытычных сітуацыях нават беларускія сілавікі ці такія, як Качанава, Эйсмант, Петкевіч, Косінец маглі б абраць іншы бок, калі б разумелі, што ім ад гэтага стала б бяспечней, лепш, ці гэта мела б нейкія шанцы прадухіліць цяжкія наступствы ў краіне.

Але для гэтага не абавязкова мець нейкія сувязі з дэмсіламі ці камунікаваць з імі.

Дарэчы гэта магло адбыцца ў 2020 годзе, калі б сітуацыя дайшла да пэўнай кропкі, і, магчыма, такія камунікацыі былі.

А зараз, думаю, наўрад ці хто ў вышэйшым эшалоне беларускай улады падтрымлівае сувязь з дэмсіламі. Я не веру ў гэта.

Для чыноўнікаў проста няма матывацыі, няма сэнсу камунікаваць з людзьмі, якія, так сталася, зараз мала на што ўплываюць. А рызыкі ад такой камунікацыі даволі шмат.

Тут ёсць і важнае тэхнічнае пытанне. Без вышэйшых санкцый, ці Лукашэнкі, ці, там, нейкіх сілавікоў такія кантакты былі б небяспечныя для іх удзельнічаў, асабліва для чыноўніка з урада, ці, напрыклад, з адміністрацыі.

Але навошта даваць санкцыю на такія кантакты цяпер, мне цяжка патлумачыць.

Паўтару, у 2020 годзе былі намёкі на такія кантакты. Мне вядома, скажам, пра камунікацыю з прадстаўнікамі бізнес-эліт даволі высокага ўзроўню. Але зараз я проста не бачу павесткі.

Палітычны аналітык упэўнены, што дэмакратычным сілам наўпрост няма чаго прапанаваць на перамовах з рэжымам, нават калі б тыя і мелі магчымасць адбыцца. Пры гэтым ён адзначыў ролю беларускай незалежнай супольнасці ў працэсах, якія адбываюцца сёння.

— Мне здаецца, што б дэмакратычныя сілы не абралі, іх вага ў прыняцці санкцыйных рашэнняў заходнімі краінамі ці рашэнняў па дыялогу з рэжымам амаль нулявая.

Зараз Лукашэнка вызваліў некалькі дзясяткаў палітвязняў. Ніхто з ім не ішоў на дыялог, не прапанаваў яму саступкі, не мяняў пазіцыю, але гэта адбылося.

Так, адвакаты санкцыйнага лабізму кажуць, маўляў, глядзіце, ціск працуе: мы вас не слухалі, працягвалі ціснуць — і ён пачаў вызваляць.

Але мне здаецца, тут іншая матывацыя.

Калі б міжнародная супольнасць, праваабаронцы і палітыкі не прыярытызавалі пытанне палітвязняў, то Лукашэнка не разглядаў бы іх вызваленне як палітычны сігнал.

Было б проста як у Туркменістане, дзе ніхто нават не ведае, колькі там палітвязняў, ці як у Кітаі. Усім усё адно, акрамя кітайскіх дысідэнтаў, на жаль.

Калі б не было гэтага ў павестцы, і беларускія палітвязні не сталі бы палітычным аргументам для Лукашэнкі, каб дасылаць нейкія сігналы Захаду. Іх бы не вызвалялі ўвогуле.

Таму адзінае, што ўплывае на рэжым, — трымаць тэму палітвязняў на павестцы заўсёды, — лічыць Шрайбман.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.7(42)