Общество

Семчанка расказаў пра размовы з Маркавым у 2020‑м і дэталі свайго пераследу

Былы журналіст прэзідэнцкага пула Дзмітрый Семчанка ў выпуску падкаста Медыяжаба расказаў, як сыходзіў з АНТ, як сілавікі адмаўлялі відавочныя доказы катаванняў і чаму ён быў вымушаны з'ехаць з Беларусі, звярнула ўвагу Наша Ніва.

Дзмітрый Семчанка. Фота: Facebook

Журналіст Дзмітрый Семчанка з Магілёва, з 2009 года працаваў на тэлеканале АНТ. У 2020 годзе ён узначальваў прэзідэнцкі пул — групу журналістаў, якія асвятлялі афіцыйныя падзеі, звязаныя з Аляксандрам Лукашэнкам. Паваротным пунктам у ягонай кар’еры сталі прэзідэнцкія выбары 2020 года.

Неўзабаве пасля іх і гвалтоўнага разгону пратэстаў журналіст звольніўся з АНТ, а ў верасні яго пакаралі адміністрацыйным арыштам за ўдзел у пратэстным маршы.

У канцы 2022 года Семчанку зноў затрымалі і пасля двух тэрмінаў па 15 сутак выставілі абвінавачанне паводле 130 артыкула Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці).

У сакавіку 2023 года Дзмітрыю прысудзілі 3 гады зняволення. Выйшаў на свабоду ён у ліпені 2025 года, цалкам адбыўшы тэрмін. Праз два месяцы разам з жонкай выехаў з краіны.

Што казаў Маркаву ў 2020-м

Семчанка расказаў у падкасце, што яго рашэнне звольніцца выспявала даўно і не стала сюрпрызам для кіраўніцтва. Канфлікты ў рэдакцыі пачаліся яшчэ ў пачатку лета 2020 года. На закрытых нарадах з удзелам кіраўніка канала Марата Маркава журналіст выступаў супраць абранай прапагандысцкай лініі.

Семчанка згадвае, як спрабаваў данесці, што дзяржаўныя СМІ сваёй хлуснёй толькі злуюць людзей:

«Я збіраў нават нейкія нарады з пулам, з кіраўніцтвам тэлеканала. І пытаўся данесці, як, што трэба рабіць. Мы былі нязгодныя ўсе, хто там быў на той момант.

(…) Я казаў, што гэтай хлуснёй вы злуяце людзей, што нам зараз патрэбны нацыянальны дыялог, нам трэба даваць людзям выказацца, штосьці абяцаць людзям, рабіць нейкую карту дарожную так званую, каб людзі ведалі, што будзе».

Семчанка згадвае, што калі да «справы Белгазпрамбанка» ў сярэдзіне чэрвеня 2020‑га далучылі паўтары сотні карцін з карпаратыўнай калекцыі банка, ён спрабаваў данесці тагачаснаму кіраўніку АНТ Марату Маркаву абсурднасць справы:

«Я кажу: ну навошта гэта рабіць? Людзі ж смяюцца, не вераць нам. Ну, і мне кажуць: «Дзмітрый, ты ж не робіш гэта». Я кажу: «Ну дык робяць другія». Яны робяць гэта, а я працую разам з імі. І ніхто не будзе казаць, што там ён рабіў, ты там працуеш — ты гаўно. Ніхто там не разбіраецца, што ты там рабіў канкрэтна. Ты гэта зрабіў ці не ты».

Аднак, як сцвярджае журналіст, у адказ ён чуў толькі парады «не нагнятаць».

Канчатковай кропкай, па словах Семчанкі, стала першая кроў на вуліцах. «Я казаў загадзя ўсім журналістам: калі хтосьці вось зараз загіне, хоць адзін чалавек (…), кроў пральецца, то мяне тут не будзе. Як бы там ні было, я буду сыходзіць».

Як размаўляў з сілавіком пра рэпрэсіі

Семчанка згадвае, як падчас яго знаходжання ў ізалятары ў верасні 2020 года да яго прыйшоў начальнік Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку. Сілавік, спасылаючыся на загад зверху, патрабаваў знайсці, «каго вось так згвалтавалі дубінкай, бо вы сказалі [у інтэрв’ю Сабчак], што так было».

Выйшаўшы пасля адміністрацыйнага арышту, Семчанка праз адвакатаў і журналістаў знайшоў пацярпелага, якога забіралі з Акрэсціна са страшнымі траўмамі пасля згвалтавання ў аўтазаку дубінкай. Разам з адвакаткай пацярпелага Семчанка прыйшоў на сустрэчу ў МУС.

«З ім у нас такі «круглы стол» быў. І мы там размаўлялі. (…) [Адвакатка] гэтыя дакументы паклала на стол. Сказала: «Вось яго затрымалі там-та і там-та, прывезлі на Акрэсціна, з Акрэсціна яго ўжо забралі ў рэанімацыю. То бок ён нідзе не мог атрымаць вось гэтыя траўмы». (…)

А ён кажа: «А ён не мог загадзя атрымаць гэтыя траўмы?» Яна кажа: «Тры разрывы прамой кішкі. Тры разрывы. Чалавек інвалід на ўсё жыццё».

Семчанка расказаў, што сам прыводзіў прыклады гвалту над удзельнікамі пратэстаў. Па яго словах, пацярпелыя гатовыя былі даць паказанні.

«Ён кажа: «А што я павінен зрабіць? Прыехаць на базу АМАП і сказаць: «Ты, ты, ты арыштаваны»?» Я кажу: «Ну, калі гэта закон, і калі вы афіцэр, то вы павінны дзейнічаць па законе. Калі гэта не па законе зроблена, калі чалавек атрымлівае траўму ўжо пасля затрымання, калі ён супраціву не робіць».

Ён кажа: «Так, гэта не па законе». Я кажу: «Ну дык чаму вы не робіце тое, што павінны рабіць?» Ён кажа: «Ну, яны тады не будуць пратэсты разганяць».

Дэталі крымінальнай справы

Як расказвае Дзмітрый, крымінальная справа супраць яго была пабудавана на трох допісах у сацыяльных сетках: абурэнне дзеяннямі Мікалая Карпянкова ў кафэ «O’Petit», дзе сілавік разбіў дубінкай вытрыну, пост памяці Рамана Бандарэнкі і асуджэнне расійскага ўварвання ва Украіну.

Цікава, што Камітэт судовых экспертыз пасля лінгвістычных і псіхалагічных праверак не знайшоў у яго словах складу злачынства.

«Яны напісалі, што няма заклікаў, няма абразаў канкрэтна супрацоўнікаў і няма выдзялення якой-небудзь канкрэтнай групы. Тэкст носіць крытыкуючы характар, але не нясе складу злачынства ў крымінальным характары.

І следчы, які прыйшоў да мяне, кажа: «Дзмітрый, я прыйшоў да свайго кіраўніцтва, кажу, што вось прыйшла экспертыза па Семчанку, адна, другая, трэцяя, чацвёртая і гэтак далей. І ні адна не дае падставы, каб да суду гэту справу даводзіць». Яму сказалі: «Усё будзе добра. Даводзь да суду. Мы табе дамо новую экспертызу, мы табе дамо нейкую даведку, там усё будзе».

У выніку ў матэрыялах з’явілася заключэнне ад ананімнага эксперта, які напісаў усё, што патрабавалася для абвінавачання ў «распальванні варожасці» да сілавікоў.

Чаму давялося з’ехаць

Адказваючы на пытанне, ці былі ў яго думкі застацца пасля вызвалення ў Беларусі, Дзмітрый тлумачыць, што на выхадзе з калоніі ён апынуўся ў сітуацыі «грамадзянскай смерці».

Уключэнне ў спіс тэрарыстаў заблакавала яму доступ да элементарных паслуг. Ён не мог адкрыць банкаўскі рахунак ці нават аформіць сім-карту.

Журналіст згадвае, як спрабаваў аформіць страхоўку, каб атрымаць візу:

«Цётачка ўзяла мой пашпарт, убівае і кудысьці пабегла тэлефанаваць. А ў яе высвецілася на экране манітора, што гэты чалавек з’яўляецца тэрарыстам, неадкладна звярніцеся да службы аховы. Яна пабегла камусьці тэлефанаваць, пытаць, што ёй увогуле рабіць. І кажа: «Я не магу на вас аформіць нічога, увогуле нічога».

Былы журналіст падкрэслівае, што пасля звальнення з АНТ ён не імкнуўся вярнуцца ў прафесію і паспяхова працаваў піяр-дырэктарам у прыватным бізнэсе. Але пасля зняволення сітуацыя змянілася, яго «пазбавілі магчымасці ўвогуле нават думаць пра тое, як карміць сям’ю».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)