Мы ж бачым, што змяніўся маштаб рэпрэсій, але не сутнасць. Таму пэўныя паралелі са сталінскімі часамі можна праводзіць.
Саша Філіпенка: «Лукашэнка – быццам бы Гітлер, які не змог выбрацца з Аўстрыі ў Германію»
Пісьменнік Саша Філіпенка ў інтэрв’ю «Салідарнасці» – пра паралелі паміж сучаснай Беларуссю і сталінскім СССР, падзел у беларускім грамадстве і магчымы самы небяспечны вынік вайны Расіі супраць Украіны.
– Цяперашнія часы ў Беларусі часта параўноўваюць са сталінскімі. Што думаеце на гэты конт вы, аўтар кнігі «Крэмулятар», у якой апісваюцца падзеі таго перыяду?
– Калі вывучаць лічбы (напрыклад, праз ГУЛАГ прайшло каля 20 мільёнаў чалавек), то можна было б сказаць, што сёння мы жывем у больш вегетарыянскі часы. Але ж трэба ўлічваць, што прайшло амаль стагоддзе, за якое свет моцна прасунуўся наперад і за якое ўсе павінны былі зразумець жах сталінскіх часоў.
Лукашэнка і людзі, якія яго атачаюць, лічаць, што Савецкі Саюз быў добрым праектам і што можна вярнуцца ў тыя часы для працягу існавання дыктатуры. Дастаткова ўзгадаць міністра, які апрануў на сябе форму НКВД. Як піша Святлана Алексіевіч, чырвоны чалавек па-ранейшаму з намі.
Варта таксама разумець, што ў Лукашэнкі банальна няма такіх магчымасцяў, якія былі ў Сталіна. Няма тых інструментаў, каб развярнуцца ў сваім гвалце.
Думаю, калі б Лукашэнка змог бы стаць прэзідэнтам Расіі, то мы ўбачылі б іншыя маштабы гвалту, тады ён змог бы рэалізаваць усе свае хворыя ідэі.
Беларусь па еўрапейскіх мерках вялікая краіна, але яе ўсё ж не параўнаць з Расіяй, таму Лукашэнка ў сусветным маштабе застаецца маленькім дыктатарам. Ён – быццам бы Гітлер, які не змог выбрацца з Аўстрыі ў Германію.
Мне падаецца, Лукашэнка цяпер жыве адным днём, прынамсі, яго планаванне вельмі кароткае. Усе думкі пра тое, як утрымаць уладу і захаваць уласнае жыццё. Мне падаецца, ён у цяжкім становішчы. Лукашэнка разумее, што беларусы больш не падтрымліваюць яго, і лічыць, што вакол – суцэльныя ворагі, нават у Маскве.
Узгадайце, як пры першых жорсткіх затрыманнях падчас мірных пратэстаў 2020 года людзей дапытвалі, ці не стаіць за імі Расія, як сілавікі шукалі сцежкі, якія вялі б у Маскву.
– Унутры Беларусі мы бачым не толькі рэпрэсіі супраць актывістаў, але і ідэалагічны, прапагандысцкі ціск на ўсіх астатніх. Ці здольнае будзе грамадства выстаяць, не змяніцца пад такім націскам?
– Я назіраю, як з часам людзі, якія знаходзяцца за межамі краіны і ўнутры яе, усё горш разумеюць адзін аднаго, бо праблемы, якія яны штодзень вырашаюць, даволі розныя.
Але мне падаецца, што людзі ўнутры Беларусі выстойваюць, яны не змяніліся, яны як жадалі жыць у вольнай і дэмакратычнай краіне так і жадаюць гэтага.
Аднак яны бачаць, што цяпер нешта змяніць не ў іх сілах, таму сканцэнтраваліся на вырашэнні нейкіх побытавых праблемаў.
У мяне складаецца ўражанне, магчыма памылковае, што калі лідары апазіцыі разважаюць пра тое, што будзе, калі яны перамогуць, то яны быццам бы не ўлічваюць меркаванні тых людзей, якія сёння жывуць у Брэсце, Гродна ці Мінску. Неяк не назіраецца кантакта з беларусамі, якія засталіся ўнутры краіны.
– Ці атрымаецца тады ў будучыні склеіць гэтыя дзве часткі грамадства?
– Розныя погляды – гэта нармальна да краіны.
Нармальна, калі ў грамадстве для адных на першым месцы культурная спадчына, а для іншых – дабрабыт сям’і.
Наша праблема ў тым, што мы не гатовыя чуць, што ў іншага чалавека могуць быць іншая інтарэсы.
Хацелася б, каб беларусы навучыліся адносіцца з павагай адзін да аднаго. Было б добра, каб у Беларусі ўзнікла еднасць у разнастайнасці, калі людзі разумелі, што яны розныя, але іх многае аб’ядноўвае.
Трэба вучыцца жыць у гэтай існуючай ужо для некаторых еўрапейскіх краін норме, калі людзі займаюць зусім розныя бакі, але аб’яднаныя павагай адзін да аднаго.
– Як, на ваш погляд, сённяшняя вайна Расіі супраць Украіны можа паўплываць на будучыню Беларусі?
– Калі вайна не скончыцца абсалютнай і відавочнай перамогай Украіны, адбудзецца маральная катастрофа з магчымымі негатыўнымі наступствамі не на адно дзесяцігоддзе.
Самы небяспечны вынік будзе ў тым, што людзі ў Расіі будуць думаць: можна рабіць усё, што заўгодна, і за гэта нічога не будзе.
Можна зладзіць нават генацыд, і за гэта нічога не будзе. Цяперашнія санкцыі ўсур’ёз разглядаць не выпадае.
Існуе рызыка, што зноў, як часта гэта бывала ў гісторыі чалавецтва, не будзе зроблена высноваў.
Адзінае выйсце з гэтай катастрафічнай сітуацыі – перамога Украіны і Еўропы, перамога разумнага сусвету над злом. Толькі тады для нас адчыняцца дзверы для пабудовы краіны, у якой беларусы жадаюць жыць.
Читайте еще
Избранное