Самусь: «Для Лукашэнкі наступае напружаны час, калі ён мусіць вельмі добра кантраляваць свае выказванні»

Вайсковы эксперт — пра тое, чаму падзеі ў Курскай вобласці прымусілі мітусіцца беларускага правіцеля.

Як украінскі наступ у Курскую вобласць Расіі ўплывае на рыторыку Лукашэнкі, што прымушае яго нервавацца і імітаваць бурлівую дзейнасць па «абароне» беларускай, чытай, саюзнай, мяжы? Эксперт Цэнтру даследаванняў арміі, канверсіі і раззбраення Міхаіл Самусь прааналізаваў, як падзеі на фронце адбіваюцца на паводзінах беларускага правіцеля.

— Расія вядзе свой наступ на Данбасе з кастрычніка 2023 года, і багата экспертаў казалі пра тое, што Украіна не можа разлічваць на наступальныя аперацыі цягам бягучага года, трэба сядзець у абароне і толькі налета спадзявацца на пэўныя змены, — гаворыць Самусь на канале Свабода Premium.

Міхаіл Самусь

— Але я акурат лічу, што Украіне трэба спрабаваць сёлета правесці нестандартныя аперацыі, якія могуць змяніць ход вайны альбо стратэгічную карціну. І мяркуючы па ўсім, Украіна распачала такую аперацыю, прычым імаверна, што ў Курскай вобласці мы бачым толькі першы яе акт, і яна можа працягнуцца на іншых накірунках — напрыклад, Крыму.

Гэта дазволіць выцягнуць расейскія войскі з Данбасу, бо ягоная акупацыя ёсць палітычным пытаннем. Да канца бягучага года, да выбараў у ЗША Пуцін хацеў бы мець у кішэні Данбас для таго, каб размаўляць з моцнай пазіцыі і з новым прэзідэнтам Злучаных Штатаў, і з прэзідэнтам Зяленскім, і адчуваць сябе чалавекам, які можа дыктаваць умовы перамоў.

Наколькі я магу меркаваць, расіяне зараз будуць прымаць няслушныя рашэнні з вайсковага гледзішча, бо яны кіруюцца палітыкай. Яны будуць рабіць выгляд, што сітуацыя ў Курскай вобласці — гэта ўсяго толькі невялікі рэйд, які можна нейтралізаваць малымі сіламі, не будуць прыпыняць наступ на Данбасе і такім чынам загоняць сябе ў яшчэ большыя праблемы.

А як расцаніць дзеянні хаўрусніка Пуціна, які спачатку адмоўчваўся, а потым пачынае мітусіцца і імітуе бурлівую дзейнасць па абароне мяжы ад «украінскіх беспілотнікаў» і верагодных правакацый?

— Калі б зараз на тэрыторыі Беларусі стаяла 50-тысячная групоўка расійскіх войскаў, можна было б казаць пра нейкія прыкметы вайсковай пагрозы, рэальных прыгатаванняў, — мяркуе Міхаіл Самусь. — Без гэтага, натуральна, беларускім войскам не трэба дапускаць ніякіх занадта рэзкіх рухаў — бо можна дачакацца рэакцыі з боку Украіны. А я думаю, што Узброеныя Сілы Беларусі ўсё-ткі не гатовыя зараз сутыкацца з УСУ, аснашчанымі дронамі, РЭБам і г.д., бо гэта трошкі розныя ўзброеныя сілы, якія ваююць у розных эпохах.

Таму дзеянні Лукашэнкі, пагаджуся тут з іншымі аналітыкамі, — гэта збольшага праца на расійскую інфармацыйную прастору.

Помніце, была сітуацыя некалькі тыдняў таму, калі Лукашэнка дэманстратыўна заявіў, што адводзіць войскі ад мяжы — і тады расіяне абвінавацілі яго ў тым, што ўкраінскія войскі зняліся з беларускай мяжы і пайшлі на Курскую вобласць. Таму зараз ідзе дэманстрацыя: маўляў, бачыце, нічога падобнага, мы зноў перакідваем вайскоўцаў на мяжу, то бок, Беларусь застаецца надзейным саюзнікам, які нікуды не падзеўся і заўжды гатовы дапамагчы Расіі.

Хоць насамрэч, вядома ж, гэтая ў асноўным дэманстрацыя не мае пад сабой вайсковай сутнасці.

Калі перавод вайны на расейскую тэрыторыю будзе працягвацца, што гэта мяняе для беларускага правіцеля? На думку вайсковага эксперта, адзін з самых цікавых аспектаў гэтай сітуацыі — страхі Лукашэнкі:

— Калі Украіна асмелілася перайсці расійскую мяжу, то што можа спыніць УСУ ад таго, каб перайсці беларускую? Раней гэта ўяўлялася немагчымым, бо Украіна была стрымана заходнімі партнёрамі, а цяпер, як высветлілася, украінцам можна праводзіць вайсковыя аперацыі на Куршчыне, то чаму б не зладзіць іх і ў Беларусі.

Таму, мяркую, для Лукашэнкі наступае напружаны час, калі ён мусіць вельмі добра кантраляваць свае выказванні і разумець, наколькі баланс сіл у трохкутніку Мінск—Масква—Кіеў адпавядае ягонаму спакойнаму стану, бо ёсць рызыкі справакаваць Украіну перайсці межы — а там высветліцца, што па добрых беларускіх дарогах да Мінска не так доўга ехаць…