Але беларускае пытанне адсутнічала перадусім таму, што паміж рознымі палітычнымі сіламі няма прынцыповых разыходжанняў па гэтай тэме, таму ніхто не лічыў патрэбным агучваць нейкі адмысловы падыход.
Рудкоўскі: «Ёсць падставы лічыць, што пры любым сцэнарыі адбудзецца перазагрузка польска-ўкраінскіх дачыненняў»
Палітолаг Пётр Рудкоўскі ў інтэрв’ю Филину — пра магчымыя перамены пасля парламенцкіх выбараў у Польшчы.
— Што значыць перамога апазіцыі на парламенцкіх выбарах у Польшчы для Беларусі? Як зменяцца дачыненні з афіцыйным Мінскам?
— Тут варта зрабіць невялікае ўдакладненне. Тое, што СМІ называюць «перамогай апазіцыі» — гэта здабыццё сумарнай большасці трыма рознымі палітычнымі блокамі, прычым два з гэтых блокаў уключалі ў сябе чатыры і дзве палітычныя партыі.
Пакуль што маем дачыненне з чыста арыфметычным эфектам: сем апазіцыйных партый, аб'яднаных у тры блокі, маюць парламенцкую большасць. Ці гэту большасць удасца канвертаваць у сфармаванне функцыянальнага і трывала ўраду — гэта пакуль што адкрытае пытанне.
Так ці інакш, палітыка ў дачыненні да афіцыйнага Мінску асабліва не зменіцца. Беларускае пытанне практычна адсутнічала ў праграмах і перадвыбарчых дыскусіях (калі не ўлічваць пытанне нелегальнай міграцыі і агароджы на мяжы).
Будзе заакцэптаваны збольшага статус-кво ў гэтым пытанні.
— Ці паўплывае гэта на палітыку Польшчы ў адносінах да беларускіх мігрантаў?
— Не, ва ўсякім разе няма падстаў сцярджаць якія-кольвечы змены. Змены могуць адбыцца, калі моцна зменяцца абставіны. Напрыклад, калі ў рамках паляпшэння адносінаў з ЕС гіпатэтычны новы ўрад пагодзіцца на прыманне мігрантаў Афрыкі і Блізкага Усходу — гэта можа паўплываць на магчымасці прымання мігрантаў з Беларусі або Украіны.
Але гэта пакуль што вельмі тэарэтычная перспектыва.
— Якіх пераменаў чакаць у ЕС у сувязі з перамогай апазіцыйнага альянсу?
— Яшчэ раз на ўсякі выпадак удакладнім, што маем дачыненне не з альянсам, а альянсамі (у множным ліку). Апазіцыйныя сілы ішлі на выбары ў двух альянсах («Грамадзянская кааліцыя» і «Трэці шлях») і адной партыі («Новая Лявіца»).
У выпадку, калі гэтым тром сілам удасца сфармаваць кааліцыйны ўрад, то адбудзецца значнае пацяпленне адносінаў Польшчы з Брусэлем (бо цягам апошнім васьмі гадоў адбылося пахаладанне).
Павысіцца шанец атрымання Польшчай шматмільярдных датацый і пазык у рамках так званага нацыянальнага плана адбудовы — ухваленага паўтара года таму пакету падтрымкі краін-чальцоў ЕС у пераадоленні наступстваў ковіднай пандэміі.
— Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што ўкраінска-польскія дачыненні ў апошнія тыдні сталі ахвярай выбарчай кампаніі, і цяпер яны, верагодна, атрымаюць шанец на перазагрузку. Якое вашае меркаванне на гэты конт?
— Так, цалкам згодны: не абышлося без палітычнай інструменталізацыі ўкраінскай тэмы. Само па сабе гэта можа быць праявай невысокай палітычнай культуры, але ў дадзеным выпадку ёсць і пазітыўны момант. «Права і справядлівасць», якое ў ходзе кампаніі рабіла крытычныя выпады ў дачыненні да Украіны, значна паслабіла антыўкраінскую «Канфедэрацыю».
Само ПіС жа па базавых пытаннях адносна Расіі ці Украіны вельмі прынцыповае, і тыя нешматлікія антыўкраінскія элементы, якія там ёсць, хутка растворацца ў даміноўным дыскурсе.
Таму так, ёсць падставы лічыць, што пры любым сцэнарыі адбудзецца перазагрузка польска-ўкраінскіх дачыненняў (хіба што ўкраінскі бок спародзіць новыя выклікі, бо ўкраінскія эліты таксама не заўсёды разважліва выбудоўваюць адносіны з партнёрамі).
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное