Рудкоўскі: «У цяперашняй сітуацыі больш мэтазгодна разбіваць хаўрус двух аўтакратаў»
Пра слушнасць прызнання Беларусі акупаванай і мэтазгоднасць выдаць ордэр на Лукашэнку Филин паразмаўляў з акадэмічным дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пятром Рудкоўскім.
— Група дэпутатаў Вярхоўнай Рады заклікала прызнаць Беларусь акупаванай тэрыторыяй, а на Лукашэнку выдаць ордэр на арышт, як і на Пуціна. На вашу думку, наколькі сёння гэта актуальна для самой Украіны?
— Я перакананы, што ў чальцоў парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» інтэнцыі як найлепшыя і што яны шчыра заўзеюць за дэмакратычны шлях Беларусі. Але да гэтых прапаноў стаўлюся даволі скептычна.
Што да прызнання Беларусі «акупаванай тэрыторыяй» — гэтая тэма аналізавалася ў нядаўняй аналітычнай запісцы BISS.
Няма прававых падстаў для прызнання Беларусі акупаванай тэрыторыяй. Каб тэрыторыю прызнаць акупаванай, трэба каб былі споўнены як мінімум дзве ўмовы:
1) Знаходжанне ўзброеных сіл іншай дзяржавы адбываецца без згоды прымаючай дзяржавы або з яўным парушэннем дамоўленасці наконт іх знаходжання;
2) Прадстаўнікі іншай дзяржавы ажыццяўляюць адміністрацыйны кантроль над тэрыторыяй дадзенай дзяржавы або яе часткі. Канешне, пры вельмі нацягненай інтэрпрэтацыі падзей можна спрабаваць цвердзіць, што першае і другое ўжо споўнена, але з такім поспехам тады можна палову краін свету прызнаць акупаванымі.
Бо шмат у якіх краінах чужыя войскі маюць свае базы і шмат дзе можна знайсці элементы прэсінгу на кіраўніцтва краіны з боку больш моцных дзяржаў.
Што да ордэру на Лукашэнку — тут ёсць прававы і палітычны аспект. У выпадку Пуціна з’явілася вельмі ясная факталагічная база: датычнасць да дэпартацыі дзяцей.
Зразумела, што ў дачыненні да Лукашэнкі трэба было б прымяніць нейкі іншы пункт, але пакуль што няясна, які канкрэтна.
Што да палітычнага аспекту — у цяперашняй сітуацыі больш мэтазгодна разбіваць хаўрус двух аўтакратаў, а гэта можна рабіць, ствараючы сітуацыі, калі ў кожнага з іх розныя інтарэсы і розныя стратэгіі выжывання.
Ордэр на арышт для абодвух як мінімум паспрыяе збліжэнню іх стратэгій выжывання.
— Гэта не першы заклік прызнаць Беларусь акупаванай расейцамі. Ці змянілася стаўленне да гэтага пытання на Захадзе, у Польшчы ў прыватнасці, пасля таго як сталі вядомыя планы Крамля па размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі?
— Не, на Захадзе або ў Польшчы ўсур’ёз не разглядаецца прызнанне Беларусі акупаванай. Канешне, на чыста рытарычным узроўні можна ўсякае пачуць, але каб былі крокі ў напрамку прававога прызнання акупацыі, то не.
— Ёсць меркаванне, што прызнанне Беларусі акупаванай прывядзе да таго, што лёс нашай краіны будуць вырашаць з Масквой. Ці падзяляеце вы такую трывогу?
— Калі прызнанне акупацыі ідзе ў разрэз з рэальнасцю, то паўстане папросту дылема: ці ісці шляхам штучна сканструяванага дыягназу, ці вярнуцца да рэальнага стану рэчаў і з яго зыходзіць.
Перакананы, што ніхто не будзе міжнародна прызнаваць акупаванай (хіба што Крэмль у будучыні прадпрыме нейкія рэальныя крокі ў напрамку акупацыі), таму і дылемы не будзе.
Перамога Украіны, нават частковая, моцна паслабіць Маскву, а гэта адкрые рэальны шанец для пераменаў у Беларусі. А калі яны пачнуць адбывацца, не думаю, што хтось па-над нашымі галовамі пачне аб нечым дамаўляцца са скампраметаванай Масквой.
Читайте еще
Избранное